Мора-акіян. Медытацыя для супакаення душэўных жарсцяў і трывогі, калі жыццё штарміць і цяжка знайсці кропку апоры

Мора (мора-акіян) — першасная і вечная стыхія, сімвал жыцця. У моры купаецца сонца і плавае зямля. Згодна з народнай касмагоніяй, мора было яшчэ перад пачаткам cвету і «выступала ў якасці праматэрыі жыцця». Там жа (пасярэдзіне мора альбо за ім) нашы продкі размясцілі і вырай.


Таксама мора з’яўляецца месцам сімвалічнага перараджэння, ініцыяцыі. Звычайна кінутыя ў мора героі пачынаюць новае, лепшае жыццё. У замовах жа ў мора-акіян адсылаюць духаў хвароб і дэманічных істот. У больш позніх варыянтах у моры лакалізуюцца Хрыстос, Божая Маці і іншыя выратавальнікі.

Вось і мы прапануем вам здейсніць ментальнае падарожжа да мора-акіяна, аддаць яму свае жарсці і жыццёвыя нягоды, напоўніцца яго спакоем і веліччу.


Мантаж: Крылы

Музыка з канала Royalty Free Music


Перад медытацыяй:

— Паклапаціцеся, каб хвілін 20-30 вас ніхто не турбаваў (адключыце тэлефоны, пазакрывайце мэсэнджары на камп'ютары/планшэце, зачыніце дзверы, здыміце фітнэс-бранзалеты ды смарт-гадзіннікі);

— Праветрыце памяшканне, папіце вады, наведайце прыбіральню;

— Паздымайце ўсе ўпрыгожанні з валасоў, гадзіннікі, паясы (ці проста расшпіліце);

— Уладкуйцеся ў зручнай позе (цягам медытацыі варушыцца можна, калі ўзнікне такое жаданне).

Вітаем у падарожжы ў Сусвет!