СМАЧНА З «НОВЫМ ЧАСАМ»: Страва шляхты і сялян — знакамітая зацірка!
Сёння мы прыгатуем страву, якая ў даўнія часы была даспадобы і бедным сялянам, і заможнай шляхце. А галоўнае тое, што рэцэпт вельмі просты і з танных інгрэдыентаў. Праўда, з маленькімі кулінарнымі хітрыкамі. Гатуем разам ЗАЦІРКУ.
Зацірку нашы продкі пачалі гатаваць яшчэ на пачатку XV стагоддзя. І гэта быў суп з гародніны, у які дадавалі муку, каб той быў больш сытным. Назва супу паходзіць ад дзеясловаў «заціраць», «церці» — менавіта такім спосабам гатаваўся ва ўсе часы мучны дадатак. Страву елі альбо самыя бедныя, альбо ў вельмі галодныя часы. Недарэмна, разважаючы пра голад, раней людзі казалі, што будуць есці пустую зацірку. Такі суп называлі яшчэ «баўтуха» або «калатуха». Яшчэ казалі: «Лахман не адзежа, зацірка не ежа».
Але ж не заўжды зацірка асацыявалася з галечай і нястачай. З цягам часу мучныя камячкі прыйшліся даспадобы і шляхце. Падавалі да стала, праўда, па-багатаму: не з малаком, а са засмажаным салам альбо вэнджанай грудзінкай.
Розніца паміж пустой сялянскай і сытнай шляхецкай заціркай — толькі ў падачы. Рэцэпт саміх камячкоў быў аднолькавым.
Рэцэпт
Інгрэдыенты
Зацірка
- грэцкая мука — 50 г
- пшанічная мука — 150 г
- сметанковае масла — 20 г
- яйка — 1 шт.
- цукар і соль для смаку
Для падачы
Сняданак:
- малако — 500 мл
Вячэра:
- грудзінка вэнджаная — 250 г
- цыбуля рэпчатая — 1 шт.
- сланечнікавы алей — 30 г
Гатаванне
Змяшаць грэцкую і пшанічную муку. Абсмажыць на сухой патэльні да светла-карычневага колеру. Астудзіць. Убіць яйка, дадаць мяккае сметанковае масла, цукар, соль, трошкі вады і замясіць крутое цеста. Старанна перацерці, каб атрымаліся камячкі памерам не больш чым з пазногаць вялікага пальца. Абсмажыць іх на сухой патэльні. Атрыманыя камячкі цеста засыпаць у рондаль з кіпячай вадой. Варыць 5-7 хвілін памешваючы. Дадаць соль на смак.
Сняданак
У гарачае малако дадаць прыгатаваныя камячкі заціркі і на невялікім агні, памешваючы, варыць 5 хвілін.
Вячэра
Абсмажыць крыху на сланечнікавым алеі цыбулю. Дадаць да яе вэнджаную грудзінку і смажыць да залацістага колеру. Напрыканцы далучыць прыгатаваныя камячкі заціркі. Смажыць 3-5 хвілін.
Смачна есці!