Вандроўкі з «Новым Часам»: Камянецкая Белая вежа

Такіх вежаў было нямала на тэрыторыі Беларусі, але да нашых дзён захавалася толькі Камянецкая. Яе гісторыю сёння распавядуць Ян і Юлія. Запрашаем у чарговую вандроўку з «Новым Часам»!

Першая пісьмовая згадка пра Камянец змешчана ў Іпацьеўскім летапісе пад 1276 годам, калі па загадзе галіцка-валынскага князя Уладзіміра Васількавіча дойлід Алекса знайшоў месца ля ракі Лясная, дзе ў хуткім часе з’явіліся горад і вежа з драўляным замкам.

Камянецкая вежа адносіцца да тыпу валынскіх і мае агульныя рысы з вежамі-данжонамі, распаўсюджанымі ў XII-XIII стагоддзях у Заходняй Еўропе.

Пяціяруснае круглае ў плане збудаванне стаіць на каменным фундаменце дыяметрам у 16 м. Вышыня дасягае амаль 30 м, а таўшчыня сцен — 2,5 м. Вежа складзена з цэглы цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў. 

Вежа ў Камянцы была абарончай і мае мала элементаў архітэктурна-дэкаратыўнай пластыкі: вузкія байніцы, 4 плоскія нішы з паўцыркульнымі завяршэннямі. Верхнюю пляцоўку акружаюць 14 прамавугольных зубцоў з адтулінамі для агляду.

Такіх вежаў было нямала на тэрыторыі Беларусі, але да нашых дзён захавалася толькі Камянецкая — у тым і заключаецца яе ўнікальнасць.

У 1366 годзе Камянец увайшоў у склад ВКЛ, пасля чаго вежа неаднаразова трывала напады крыжаносцаў. Пэўна, гэта і стала прычынай удзелу Камянца ў Грунвальдскай бітве.

У 1501 годзе вялікі князь Аляксандр выдзеліў сродкі на збудаванне першага касцёла ў месцы, а праз два гады надаў Камянцу Магдэбургскае права.

У 1524 годзе Жыгімонт Стары падараваў уласны герб гораду: «На срэбным полі чырвоны мур з вежаю за ім».

У 1723 годзе касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла быў перабудаваны, і так ён прастаяў да пажару 1924 года.

У 1637 годзе ў Камянцы пры Васкрасенскай царкве пачалі дзейнічаць манастыр і школа.

На жаль, да XIX стагоддзя Камянецкая вежа страціла абарончае значэнне і была занядбаная. У 1822 годзе яе спрабавалі разабраць на цэглу, але за стагоддзі кладка ператварылася ў сапраўдны маналіт, што сведчыць пра яе нерухомыя абарончыя функцыі і па цяперашні час.

Рэшткі землянога вала і драўлянага замка зніклі ў 1903 годзе. Паводле праекта архітэктара Суслава вакол вежы знялі пласт зямлі, і першы ярус, які раней лічылі скляпеннем, зноў апынуўся на паверхні. Вакол вежы насыпалі і абклалі каменем кальцавы вал. У такім выглядзе помнік дайшоў да нашых дзён.

У 1912-1914 гадах замест старой царквы ўзвялі царкву-мураўёўку ў гонар Святога Сімеона Стоўпніка. А ў 1935 годзе нарэшце пачалося аднаўленне касцёла пасля пажару, але, на жаль, у 1939 годзе ўлады адабралі яго пад свае патрэбы — да развалу сацыялістычнага хаўруса.

На пачатку 1950-х гадоў вежу ўпершыню пабялілі, а падлогу выбрукавалі каменем. Пэўна, ад гэтага і пайшла другая назва помніка — Белая Вежа.

20 снежня 2001 года Нацыянальны банк выпусціў памятную манету ў гонар Камянецкай вежы: срэбную наміналам 20 рублёў і медна-нікелевую — 1 рубель.