Вандроўкі з «Новым Часам»: Косаўскі палац — збудаваны ў гонар Касцюшкі!

А ці чулі Вы калі-небудзь пра Косаўскі палац, што быў збудаваны насуперак царскай палітыцы ў гонар героя трох народаў Тадэвуша Касцюшкі? Менавіта тут, побач з яго роднай хацінкай на Мерачоўшчыне, Напалеон Орда намаляваў гэты нетыповы для беларускай архітэктуры палацава-паркавы ансамбль. Гісторыю палаца сёння распавядуць Ян і Юлія. Запрашаем у чарговую вандроўку з «Новым Часам»!

Сапраўдная гісторыя і росквіт мястэчка Косава пачынаюцца толькі з 1821 года, калі ім пачаў валодаць Войцэх Пуслоўскі, буйны землеўласнік і прадпрымальнік, прыхільнік незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага. 

Пасля смерці бацькі яго сын Вандалін, буйны прадпрымальнік і аматар мастацтваў, распачаў будаўніцтва палаца ў 1838 годзе ў стылі рэтраготыкі як сімвал пратэсту супраць палітыкі акупантаў. Аўтарам выступіў архітэктар Францішак Яшчалд, адной з прац якога была неагатычная капліца-пахавальня Ажэшкаў у Закозелі (мажліва, некаторыя з гледачоў яе нават наведвалі).

Першае, што можа заўважыць кожны, — гэта 12 вежаў, якія былі збудаваны не проста так. Кожная вежа сімвалізавала месяц года, пры гэтым 4 цэнтральныя зубчастыя — у гонар ураджайных траўня, чэрвеня, ліпеня і жніўня. Вежы аформлены мноствам вузкіх спічастых вокнаў, але ў жылых пакоях былі прадугледжаны значна шырэйшыя вітражы.

Косаўскі палац мае правільную геаметрычную форму і складаецца з цэнтральнага двухпавярховага прастакутніка з бакавымі крыламі. 

Унутры комплексу было больш за сто памяшканняў, таму, паводле адной з легенд, багатыя гаспадары кожную ноч выпускалі гуляць ільва, каб той сцярог іх маёмасць. Нават цяпер дазволіць сабе такую ахову складана, што тады казаць пра XIX стагоддзе!

Косаўскі палац славіўся раскошнымі заламі: у Белай госці танцавалі на шумных балях, у Чорнай — гулялі ў карты, у Ружовай — займаліся музыкай. Местачкоўцы сцвярджаюць, што была і зусім дзіўная для тых часоў Парадная зала, дзе пад шкляной падлогай сярод водарасцяў плавалі разнастайныя рыбкі. 

Вакол палаца раскінуўся велізарны парк, які змяшчаў каля 150 відаў незвычайных раслін. Парк маляўніча спускаўся да трох штучных азёр і сядзібы Касцюшкі. 

Як вы ведаеце, на Беларусі існуе дастаткова легенд пра падземныя хады між замкамі. Паводле аднаго з такіх паданняў, Косаўскі палац быў калісьці злучаны з палацава-паркавым комплексам Сапегаў у Ружанах. 

Пасля Леанарда Пуслоўскага, які прайграў маёнтак у карты, палац часта мяняў гаспадароў. 

У гады Першай сусветнай вайны яго разрабавалі, многія каштоўнасці вывезлі за мяжу.

Найбольшыя ж разбурэнні Косаўскі палац перажыў падчас Другой сусветнай вайны. Шматдзённы пажар, учынены партызанамі ў 1944 годзе на ўсялякі выпадак, бо немцаў там ужо не было, канчаткова знішчыў убранне залаў, пакінуўшы толькі велічныя сцены. Таксама была знішчана і сядзіба Касцюшкаў.

Пасля вайны савецкія ўлады канчаткова вынішчылі парк з рэдкімі каштоўнымі раслінамі; спрабавалі зладзіць прытулак для дзяцей, але, як заўсёды, нічога не атрымалася.

І толькі ў 2007 годзе пачалося аднаўленне былой велічы палаца Пуслоўскіх, дзякуючы чаму цяпер мы можам наведаць яго і паглыбіцца ў вытанчаную гісторыю XIX стагоддзя.

Дабрацца ад бліжэйшага абласнога цэнтра — Брэста — да Косаўскага палаца можна на машыне. Дарога складзе 145 км.