Ня толькі Тадэвуш: Як сваякі Касьцюшкі ўдзельнічалі ў паўстаньні

У дзень народзінаў героя Беларусі Тадэвуша Касьцюшкі зьвернем увагу на некаторых сваякоў вялікага земляка. Ён узначаліў паўстаньне ў 1794 годзе, а яго родныя — словам ці ўчынкам спрыялі справе жыцьця. Каталіцкі біскуп, вайскоўцы і іншыя. 

Знакамітая бітва, у якой загінуў пляменьнік Тадэвуша Касьцюшкі (пра гэта чытайце ніжэй)

Знакамітая бітва, у якой загінуў пляменьнік Тадэвуша Касьцюшкі (пра гэта чытайце ніжэй)

Каталіцкі біскуп

Юзэф Ігнацый Тадэвуш Рыбінскі (1745 – 1806) быў траюрадным братам Тадэвуша Касьцюшкі. Ягоны бацька Лукаш быў падкаморыем Кіеўскім, а маці – Ружа, дачка Фаўстына Касьцюшкі з Сяхновічаў – родавага гнязда кіраўніка Паўстаньня 1794 года.

Глядзіце таксама

Будучы каталіцкі сьвятар навучаўся спачатку ў езуітаў у Оўручы, а потым у калегіюме айцоў-піяраў у Варшаве на працягу 8 гадоў. Напрыканцы навучаньня выехаў у Рым, дзе знаходзіўся ў калегіюме піяраў у 1762 — 1764 гадах. Пасьпеў пабываць акрамя Італьянскіх дзяржаваў у Францыі і Ангельшчыне. У 1767 — 1774 гадах зьяўляўся кракаўскім канонікам, а ў 1774 годзе прызначаны біскупам. З 1777 года стаў кіраваць Куяўска-Паморскай дыяцэзіяй Рэчы Паспалітай.

Біскуп Рыбінскі

Біскуп Рыбінскі

Апроч духоўных справаў актыўна займаўся палітычнымі. У 1778 годзе Юзэф быў прызначаны старшынём дэпутацыі для рэвізіі скарбу Вялікага Княства Літоўскага, дзе выяўляў фінансавыя злоўжываньні.

У 1780 годзе ўвайшоў у склад Пастаяннай Рады. Падчас працы Вялікага сойма быў праціўнікам Расеі і прыхільнікам рэформаў з апорай на Прусію. Сваімі прамовамі ў Сойме ён спрыяў зрынаньню Пастаяннай Рады, гэтак жа выказваўся за адыход расейскіх войскаў ад межаў Рэчы Паспалітай. Уваходзіў у канфэдэрацыю Чатырохгадовага сойму.

Абраны чальцом створанай у 1788 годзе Чатырохгадовым соймам Дэпутацыі замежных інтарэсаў. Сябра патрыятычнай партыі і прыхільнік Канстытуцыі 3 траўня 1791 года. Таксама біскуп зьяўляецца яе сустваральнікам, а падчас абнародаваньня абвясьціў спэцыяльны пастырскі ліст, прасякнуты патрыятычным духам, і загадаў адслужыць набажэнствы падзякі ў сваёй дыяцэзіі.

2 траўня 1791 года Юзэф Рыбінскі падпісаў гарантыю, у якой абавязваўся падтрымаць праект Урадавага акта. 23 жніўня 1792 года далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі ў Варшаве.

Падтрымліваў паўстаньне свайго траюраднага брата Тадэвуша Касьцюшкі.

У 1789 годзе, яшчэ да Паўстаньня і Другога падзелу Рэчы Паспалітай, Юзэф Рыбінскі пісаў у сваім лісьце «Перасьцярога жыхарам Рэчы Паспалітай»:

«Ці ня досыць Расея ўжо адгрызла нашыя межы, што ўжо цэлая Эўропа лічыць наш народ не вольным народам і незалежным, але лічыць нас правінцыяй расейскай».

Біскуп адзначаў, што 

бедствы пачалі абрынацца на Рэч Паспалітую з моманту братаньня з Расеяй, адкуль паходзіць усё палітычнае зло.

Маёр

Станіслаў Тэадор Людвік Эстка (1763 – 1820) быў пляменьнікам Тадэвуша. Яго маці – родная сястра Касьцюшкі – Ганна Хрысьціна Барбара. А бацька – Смаленскі стольнік Пётр Эстка.

Метрыка аб шлюбе Пятра Эстка і Ганны Касьцюшка ў 1762 годзе

Метрыка аб шлюбе Пятра Эстка і Ганны Касьцюшка ў 1762 годзе

Пра Станіслава Тадэвуш Касьцюшка ўпершыню згадвае ў сваім лісьце да сястры, напісаным перад ад’ездам у эміграцыю ўвосень 1792 года, дзе прасіў Ганну ад яго імя пакланіцца «Станіславу, твайму сыну», а таксама паведамляў пра свой намер запісаць Сяхновічы ў спадчыну сястры: «А ты ўжо аднаму са сваіх сыноў альбо ўсім адразу перадаць маеш права, пры ўмове, аднак, што Зузанну і Фаўстына да сьмерці даглядаць будуць».

У час Паўстаньня Станіслаў Эстка даслужыўся да званьня маёра. Пазьней, у 1809 годзе, быў ва ўрадзе Люблінскага дэпартамента, створанага па загадзе Напалеона Банапарта. Пабраўся шлюбам з Тэкляй Асецкай, зь якой меў сына, адзначыў гісторык Анатоль Бензярук.

Метрыка аб хросьце Станіслава Эсткі ў 1763 годзе

Метрыка аб хросьце Станіслава Эсткі ў 1763 годзе

Капітан

Тадэвуш Эстка (1770 – 1812) быў таксама пляменьнікам Тадэвуша Касьцюшкі і родным братам вышэйзгаданага Станіслава Эсткі.

Падпаручнік Тадэвуш Эстка, які ў 18 гадоў далучыўся да войска Вялікага Княства Літоўскага, браў удзел яшчэ ў вайне 1792 года. За перыяд Паўстаньня свайго дзядзькі стаў капітанам. Тадэвуш Касьцюшка, адзначаючы здольнасьці цёзкі і пляменьніка, згадваў, што той «любіць пачцівасьць і зьяўляецца чалавекам гонару».

Тадэвуш Эстка разам з трэцім братам, пра якога гаворка пойдзе ніжэй, у 1798 г. трапіў у войска Напалеона Банапарта.

Герб Дрыя, якім карысталіся Эсткі

Герб Дрыя, якім карысталіся Эсткі

Харунжы, які даслужыўся да генэрала

Сыкстус Тэадор Людвік Эстка (1776 – 1813) – малодшы з трох братоў, адпаведна і ён зьяўляецца пляменьнікам Касьцюшкі. Сыкстус пачынаў сваю кар’еру з корпуса інжынэраў, а затым у званьні харунжага ўдзельнічаў Паўстаньні 1794 года. З XV стагодзьдзя ў Вялікім Княстве Літоўскім харунжым называлася асоба, якая адказвала за збор павятовага рушэньня. Гэты атрад называўся харугвай і быў асобнай баявой адзінкай арміі ВКЛ, меў свой сьцяг — харугву.

Падчас Паўстаньня Сыкстусу Эстку было ўсяго 18 гадоў, таму асноўныя баявыя дасягненьні былі ўжо пазьней. Праз тры гады, калі стала вядома пра ўтварэньне ў Італіі легіёнаў генэрала Дамброўскага, браты Тадэвуш і Сыкстус Эсткі пакінулі родныя Сяхновічы. З сабою яны везлі ліст маці, Ганны Касьцюшкі, напісаны на імя самога Напалеона Банапарта.

Запіс пра Сыкстуса Эстка ў французскіх вайсковых дакумэнтах (год народзінаў пазначаны з памылкай - 1777 замест 1776)

Запіс пра Сыкстуса Эстка ў французскіх вайсковых дакумэнтах (год народзінаў пазначаны з памылкай - 1777 замест 1776)

У лісьце, у прыватнасьці, паведамлялася: «Спадар генэрал! Мае сыны, якія перадаюць у Вашыя рукі гэты ліст, зьяўляюцца пляменьнікамі Касьцюшкі... Мая матчыная любоў дазваляе верыць, што пад Вашым кіраўніцтвам яны пройдуць добрую вайсковую школу».

Як бачым імя слыннага беларуса было дастаткова ўплывовым, каб садзейнічаць пратэкцыі на іншай частцы Эўропы. Напалеон Банапарт быў, вядома, знаёмы з подзьвігамі героя ЗША і Вялікага Княства Літоўскага. Таго самага, якое ён аднавіў (няхай і ўмоўна) у 1812 годзе ў Вільні.

Пад канец красавіка 1798 года браты Тадэвуш і Сыкстус прыбылі ў Мантую. Тадэвуш быў залічаны ў І батальён Другога легіёна ў чыне капітана, а ягоны малодшы брат прыняты ў якасьці заштатнага афіцэра. (Праз пэўны час стаў падпаручнікам ІІ батальёна І легіёна).

Неўзабаве Тадэвуш Эстка, паранены пад Мантуяй, трапіў у аўстрыйскі палон, дзе знаходзіўся да 1800 года. Зь вязніцы выйшаў ужо вельмі хворым, папрасіў адстаўкі і больш ніколі не прымаў удзелу ні ў якіх ваенных дзеяньнях.

А вось Сыкстус зрабіў бліскучую кар’еру.

Францускія дакумэнты аб узнагароджаньні Сыкстуса Эсткі за верную службу Напалеону Банапарту

Францускія дакумэнты аб узнагароджаньні Сыкстуса Эсткі за верную службу Напалеону Банапарту

Пасьля крывавай бітвы ў чэрвені 1799 года ён таксама трапіў у палон да аўстрыякаў, але вярнуўся зь якога яшчэ больш загартаваным. У 1801 годзе капітан Сыкстус вызначыўся на чале жменькі храбрацоў, штурмуючы італьянскае мястэчка з аўстрыйскім гарнізонам.

У 1805 годзе ён удзельнічаў у вядомай бітве пры Кастэль Франка, у войнах з Неапалітанскім каралеўствам і ў Гішпаніі, асабліва ў баях пад Сарагосай. У час сваёй гішпанскай эпапеі Сыкстус пабраўся шлюбам з Вікторыяй Ля Фігуэрай. Потым быў пераведзены на радзіму, у былую Рэч Паспалітую. Прызначаны палкоўнікам ІІІ палка Надвісьленскага легіёна.

Пляменьнік Касьцюшкі атрымаў адзнаку вайсковай мужнасьці «Віртуці мілітары», стаў кавалерам ордэна Ганаровага легіёна. Верна служыў Напалеону Банапарту.

Глядзіце таксама

У 1812 годзе служыў камандзірам 4-га кавалерыйскага палка і кіраваў пераправай праз родную раку Буг, адначасова абараняў армію Напалеона ад нападу Расеі з боку сёньняшняй Украіны. Акурат у гэты час апошні раз пагасьціў у родных месцах.

У ліпені 1813 года атрымаў званьне брыгаднага генэрала, а перад сваім апошнім паходам адвёз жонку ў Люблін, дзе пакінуў яе пад наглядам старэйшага брата Станіслава Эсткі.

18 кастрычніка 1813 года ў знакамітай «бітве народаў» пад Лейпцыгам генэрал быў цяжка паранены ў сьцягно, разьбітае гарматным ядром, і ад атрыманых ранаў неўзабаве памёр.

Вечная слава тым, хто змагаўся за нашую дзяржаўнасьць і супраць расейскай няволі!