Вандроўкі з «Новым Часам»: Манастыр і кляштар картузаў у Бярозе

Запрашаем у Бярозу! Мы раскажам пра гісторыю гэтага горада ад самага яго пачатку, пра ўнікальныя помнікі архітэктуры і цікавыя факты. 

Першая пісьмовая згадка пра Бярозу датуецца 1477 годам, калі ўладальнік Ян Гамшэй пачаў актыўна развіваць гандаль з персанальнага дазволу Вялікага князя Жыгімонта Старога.

На пачатку XVII стагоддзя Бяроза пераходзіць ва ўладанне славутага канцлера ВКЛ Льва Сапегі, чый род і заснаваў тут касцёл Святога Крыжа і манастыр картузаў.

Казімер Леў Сапега, сын Льва Сапегі, у 1648 годзе выступіў фундатарам невялічкага кляштара, які потым стаў найбуйнейшым каталіцкім храмавым комплексам у ВКЛ. 

Зямля для збудавання кляштару была абрана на месцы пушчы, дзе некалі падчас палявання бацькам фундатара быў знойдзены драўляны крыж з выявай Хрыста. Праз гэта храм быў асвечаны ў гонар Святога Крыжа, яго будаванне скончылася ў 1689 годзе.

Брама кляштара ўяўляе сабою абарончы будынак з бойніцамі, які вядзе ў двор, прызначаны пад гаспадарчыя патрэбы.

Карпусы келляў манахаў, дапаможных і гаспадарчых службаў утваралі замкнёны ўнутраны двор. Другі прастакутны двор утваралі калідоры-галерэі, што злучалі двухпавярховыя карпусы келляў манахаў-самотнікаў з касцёлам. Дэкаратыўнае аздабленне — пілястры, гарызантальныя і вертыкальныя падзелы, глыбокія нішы, фігурныя франтоны.

Сам касцёл — гэта трохнефная базіліка з трыма гранёнымі апсідамі. Да сярэдняй апсіды далучалася васьмігранная шмат'ярусная вежа-званіца з купалам-баняй, якая фармавала сілуэт ансамбля.

У інтэр'еры было 13 алтароў, аздобленых стукавай лепкай і разьбой па дрэве, паліхромнымі з пазалотай скульптурамі, карцінамі мясцовых і італьянскіх майстроў. Дах быў з ліставой медзі, а падлога — з выбітнага мармуру.

У 1679 годзе кляштар атрымаў ад караля і вялікага князя Яна Сабескага прывілей на кірмаш у свята Адшукання Святога Крыжа, што спрыяла больш шырокім гандлёвым магчымасцям мястэчка. Ужо на той час кляштар быў уладальнікам вялікай зямельнай маёмасці. Крыніцамі яго прыбытку былі аперацыі з зямлёй, гандаль і розныя рамёствы, а таксама  падарункі магнатаў і шляхты ўзамен на права быць пахаванымі ў крыпце касцёла.

Дзякуючы дзейнасці манаскага ордэна мястэчка займела назву Бяроза Картузская.

Падчас Паўночнай вайны ў красавіку 1706 года бліз Бярозы адбылася сутычка са шведскімі войскамі, што разрабавалі манастыр і кляштар, а манахаў забралі ў палон, пасля чаго патрабавалі вялікі выкуп.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай цэлае стагоддзе сышло ў расійцаў на рабаванне маёмасці манаскага ордэна картузаў. Дайшло да таго, што нават цэгла і меднае пакрыццё даху былі знятыя і накіраваныя на будаўніцтвы храмаў, што належалі Урадаваму сіноду. Праз жорсткую палітыку акупантаў храмавы комплекс прыйшоў у заняпад.

Пасля завяршэння Першай сусветнай вайны ўлады Польшчы зрабілі ў Бярозе лагер для камуністаў і ваеннапалонных. А падчас нямецкай акупацыі салдаты Трэцяга рэйху арганізавалі гета ў былым кляштары.

Сёння комплекс патрабуе неадкладнай кансервацыі і рэстаўрацыі.