Вандроўкі з «Новым Часам»: Паставы, якія род Тызенгаўзаў пераўтварыў у файны каменны горад

Хто ўзяў Паставы драўлянымі, а пакінуў мураванымі? Чаму рэзідэнцыя Тызенгаўза пабудаваная не па правілах? Пра гэта Ян і Юлія раскажуць падчас новай вандроўкі з «Новым Часам». А напрыканцы вас чакае бонус: гісторыя вялікага кахання, якое разбіла Юзафу Бішэўскаму сэрца, але дзякуючы яму ён пакінуў нам цікавую архітэктурную спадчыну. Падпісвайцеся на наш канал, каб не прапусціць новыя цікавыя гісторыі пра архітэктурныя славутасці Беларусі! 

Крыніца: Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура [ youtube ]

Як сцвярджаюць гісторыкі, у другой палове XVIII стагоддзя род Тызенгаўзаў атрымаў ва ўладанне жабрацкае драўлянае паселішча. Неверагодна, але пакінуў ён па сабе файны каменны горад.

Антоній Тызенгаўз быў буйным магнатам, паплечнікам Станіслава Аўгуста Панятоўскага, наватарам ды рэфарматарам, які імкнуўся ўмацаваць прамысловасць на Беларусі. 

Яго намаганнямі была заснавана мануфактурная і фабрычная вытворчасць, якая не абмінула і Паставы. 

Тут у 1760-х гадах на левым беразе ракі Мядзелка быў збудаваны палац-рэзідэнцыя Тызенгаўзаў. Архітэктарам выступіў славуты італьянец Джузэпэ Сака, адным з праектаў якога з’яўляецца пышны палац Храптовічаў ў Шчорсах.

Рэзідэнцыя Тызенгаўзаў спраектавана ў архітэктуры класіцызму. Што сапраўды цікава — П-падобны будынак пачынаўся з бакавых флігеляў і толькі потым архітэктар узвёў цэнтральную частку. А вось шасцікалонны порцік дабудавалі толькі ў 30-х гадах XIX стагоддзя.

Непадалёк ад Старога кірмаша, збудаванага ў барочным стылі, на пачатку XX стагоддзя быў ўзведзены касцёл Святога Антонія Падуанскага.

Гэта помнік архітэктуры неаготыкі — аднавежавая базіліка з пяціграннай апсідай і бакавымі сакрыстыямі. Вертыкальнай дамінантай з’яўляецца вежа-званіца з высокім гранёным шпілем на галоўным фасадзе. 

Па тым жа беразе ракі Мядзелка недалёка ад касцёла месціцца мураваная царква Святога Мікалая канца XIX стагоддзя, збудаваная ў архітэктуры расійскай эклектыкі.

А цяпер мы раскажам тое, пра што наўрад ці напішуць у «Вікіпедыі». Калі вы наведаеце Паставы, то мы раім пераадолець яшчэ 40 кіламетраў дзеля палаца Бішэўскіх у Лынтупах. 

Паводле легенды, Юзаф Бішэўскі, будучы ў Парыжы, закахаўся ў францужанку-акторку, якая згадзілася выйсці за маладога пана замуж, калі той пабудуе для яе палац. Юзаф, маючы прафесію архітэктара, стварыў такі сядзібна-паркавы ансамбль у стылі неарэнесансу, якога не было ў ваколіцах, ды запрасіў туды каханую.

Акторка прыехала, усё агледзела і зняважліва сказала: «У майго бацькі стайні лепшыя…» Так і застаўся Юзаф халасцяком.

Цяпер палац знаходзіцца ў заняпадзе, але мы верым, што і туды вернецца росквіт.

Калі вам спадабалася відэа, падпісвайцеся на наш канал, каб разам вандраваць па цудоўных і загадкавых мясцінах нашай краіны!