Навошта спатрэбіўся Прывілей 1434 года, які ўраўноўваў правы каталіцкай і праваслаўнай шляхты?

Здавалася б, справа і мэта не выклікае пытаньняў. Але што стала прычынай неабходнасьці агульнадзяржаўнага дакумэнта, які апісваў правы і адказнасьць шляхцічаў абодвух канфэсій? Апроч іншага праваслаўная шляхта атрымала права мець уласныя гербы.

Прывілей 1434 года. Ілюстрацыя: instagram.com/belarus_minulaja

Прывілей 1434 года. Ілюстрацыя: instagram.com/belarus_minulaja

З Прывілею 1434 года:

«У iмя Бога, Амэн.

На вечную памяць пра справу.

Паколькі мы папярэджваем вялікія цяжкасьці ад памылак i сумненьняў тады, кaлi справы нашага часу стала замацоўваем пісанымі rpaмaтaмi, з подпісам сьведкаў, то таму мы, Жыгімонт, з Божай ласкі, вялiкi князь Лiтoўcкi, а таксама пан і дзедзіч земляў i Pycі, — апавяшчаем праз гэта ўciм цяперашнім i будучым, каму трэба ведаць, што мы жадаем нашы землі Літоўскія i Рускія паставіць у лепшае становішча i ix выгады давесьці да найлепшых умоваў i выканаць гэта, з Божай дапамогай, па меры нашых сілаў.

Таксама мы жадаем, каб паміж народаў гэтых зямель не было ніякага падзелу, або лішніх расходаў у будучыню, каб не пагаршалася становішча названых зямель, але каб яны пацяшаліся роунымі міласьцямі i тым больш горача i ўстойліва несупынна імкнуліся да аб'яднаньня душаў, да непахіснасьці спачуваньняў i дапамагалі захаваньню найбольш шчасьлівага становішча самых гэтых зямель, каб яны найбольш верна служылі нам i cлyxaлi нас».

Як піша сучасны літоўскі гісторык Томас Баранаўскас (а з высновамі літоўскіх гісторыкаў адносна нашай агульнай гісторыі трэба быць асьцярожнымі, але не ў дадзеным выпадку): «Прывілей 1434 года стаў пераломным пунктам у гісторыі дынастычнай вайны, надаўшы ёй новы сэнс». Давайце разьбірацца што за вайна і якія сэнсы.

Навошта ён спатрэбіўся?

Пасьля княжаньня Вітаўта, якое цягнулася бясконцыя 38 гадоў (1392-1430), Залаты век беларускай дзяржавы паступова сыходзіў у нябыт. У 1432 годзе малодшы брат Вітаўта Жыгімонт аднавіў дзяржаўную вунію з Польшчай, і тым самым распачаў грамадзянскую вайну, на якую прыйшлося амаль усё ягонае княжаньне.

Згодна з адным з артыкулаў Вуніі, пасьля сьмерці Вітаўта ўладарыць у Вялікім Княстве мусіў пачаць польскі кароль Ягайла, стрыечны брат Вітаўта. Таксама згоду на прызначэньне новага кіраўніка суседняй дзяржавы павінны былі даць польскія паны. Ня дзіўна, што беларускім магнатам і шляхце такая пэрспектыва не асабліва была па душы. Яны сабраліся ў Вільні і вырашылі, што па законе можна зрабіць інакш, і абралі адзінагалосна вялікім князем Сьвідрыгайлу, сына Альгерда.

Іншы сын Альгерда, Ягайла, вырашыў не ўцягвацца ў напружаную сітуацыю на старасьці гадоў і згадзіўся з такім выбарам.

Новы вялякі князь праз усё жыцьцё быў палітычным супернікам як Ягайлы, там і Вітаўта, у пэўныя часы выступаў супраць іх са зброяй, але ў канчатковым выніку на словах замірыўся з родным і стрыечным братам і атрымаў надзел у Вялікім Княстве, дзе быў нарэшце галоўным.

Глядзіце таксама

Акрамя асабістага чыньніку істотным неабходна адзначыць і нацыянальны. Сьвідрыгайла быў пасьлядоўным і сапраўдным апанэнтам хаўрусаў з польскім каралеўствам, выступаў за скасаваньне Вуніі між дзяржавамі. Як пазначае ў сваёй хроніцы знакаміты польскі гісторык Ян Длугаш, Сьвідрыгайла, які быў добрым каталіком, карыстаўся пашанай і павагай у іншай часткі насельніцтва. Русіны, які вызнавалі праваслаўе, бачылі яго ўласным заступнікам. Зрэшты, той жа храніст Длугаш у іншым месцы апісваў Сьвідрыгайлу як аматара выпіць і чалавека недалёкага. Хто замаўляе хроніку, той яе і піша.

Разам з тым, у вачох грамадзтва менавіта Сьвідрыгайла быў самым законным прэтэндэнтам на княжаньне, бо быў малодшым сынам таго самага легендарнага Альгерда.

У 1430 годзе іншая “партыя”, якая імкнулася працягнуць паступовае аб’яднаньне двух народаў, за свайго прэтэндэнта мела Жыгімонта Кейстутавіча, малодшага брата Вітаўта. Але як ужо мы адзначылі, княжыць паставілі Сьвідрыгайлу. На чале дзяржавы новы вялікі князь парушыў Гарадзельскі прывілей, і пачаў раздаваць дзяржаўныя пасады праваслаўнай шляхце.

Польскае каралеўства было вельмі незадаволеным, бо жадала атрымаць ад Вялікага Княства Падольле, Валынь і Кіеў, як піша гісторык Мікола Ермаловіч. Польскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю ВКЛ, пачаліся баявыя дзеяньні, пераважна на Валыні. Але выразнай перавагі ніводзін з бакоў ня меў.

Як сцьвярджаюць летапісы, у гэты час Ягайла разам са сьвітай быў у Вільні, і нарваўся на вялікага князя Сьвідрыгайлу, які быў вельмі разьюшаны польскімі дзеяньнямі. Ён схапіў Ягайлу за бараду такім чынам, што ледзьве не вырваў разам са сківіцай. Цікавы факт, падчас гэтых падзей Сьвідрыгайла меў прыблізна 60 гадоў, а Ягайла – каля 80.

У выніку ўвосень 1432 года моцнае войска, якое здолеў назьбіраць Жыгімонт, падыйшлі да Ашмянаў, дзе ў той час знаходзіўся вялікі князь Сьвідрыгайла. Няроўныя сілы сталі прычынай таго, што вялікі князь быў вымушаны саступіць, каб не трапіць у палон. У сваю чаргу Жыгімонт узяў Гародню, Трокі і ўрэшце Вільню. І менавіта такім чынам забясьпечыў сабе вялікакняскую карону.

Жыгімонт у якасьці падзякі адразу падпісаў з Ягайлам вунію ў Гародні, у якой падцьвердзіў вярхоўны сувэрэнітэт апошняга над сабою на ўмовах Віленска-Радамскай вуніі 1401 года. Гэта значыла, што Жыгімонт абмяжаваў самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага часам свайго жыцьця, пасьля яго сьмерці, як і раней было адзначана, вялікім князем мусіў стаць Ягайла.

Грамадзянская вайна цягнулася яшчэ пяць гадоў, да 1437 года, калі Жыгімонт Кейстутавіч падначаліў сабе і Полацк з Віцебскам, а Сьвідрыгайла зноў падаўся на ўцёкі, ужо да канца жыцьця. Непрацяглы час прабыў на Валыні, але і адтуль выправіўся яшчэ далей – у далёкую Валахію.

Што цікава, ягоны супернік, новы вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч, пракняжыў, як і пражыў, толькі некалькі гадоў пасьля – да 1440 года. Ён быў забіты ў сваім жа замку. Жыгімонт меў вельмі круты нораў, і караў сьмерцю тых, на каго трапляла падазрэньне ў здрадзе. Занадта шмат годных і значных асобаў ён загубіў, што і прывяло яго да заўчаснай сьмерці.

Прывілей 1434 года

Падпісаньне прывілею 1434 года. Ілюстрацыя: instagram.com/belarus_minulaja

Падпісаньне прывілею 1434 года. Ілюстрацыя: instagram.com/belarus_minulaja

Пасярэдзіне вайны Жыгімонтам Кейстутавічам быў выдадзены дзяржаўны акт, які абвяшчаў для праваслаўнай і каталіцкай шляхты саслоўную роўнасьць, але ня поўную. 9-ы параграф Гарадзельскай пастановы ня быў скасаваны, і вышэйшыя дзяржаўныя пасады засталіся недасяжнымі для праваслаўных шляхцічаў.

З тэксту Прывілею 1434 года: 

«Па-першае, паводле даноса або тайнага абвінавачаньня з боку якога-небудзь чалавека, ці з благой падазронасьці мы не будзем абмяжоўваць або караць названых князёў i баяраў, калі яны перш не будуць рэальна абвінавачаны на публічным судзе, згодна судовага парадку, які захоўваецца ў Літоўскай зямлі».

Цікавы аспект Прывілею адзначыў Глеб Бераставы, са спасылкай на працу Марыі Красаўскайтэ: Падобна, што нават пры разуменьні князёў як абраных іх улада разглядалася як спадчынная, у дачыненьні да княства іх пазыцыя бачылася як блізкая да пазыцыі ўладальніка. Паводле Аляксандра Грушы, у ВКЛ першай паловы XVI ст. улада князя разглядалася як яго ўзаемная сувязь з падданымі: апошнія неслі князю службу, узамен жа манарх мусіў рабіць наданьні, праяўляць клопат аб падданых, абараняць іх, прытрымлівацца адносна іх хрысьціянскіх прынцыпаў.

З апошняй асаблівасьцю мусіла мець сувязь ідэя, якая ўжывалася ў дзелавой дакумэнтацыі ВКЛ гэтага ж часу – «хрысьціянскае права». Гэтая ідэя выступае як пазначэньне выгадных прававых інавацый заходняга паходжаньня, указаньне на справядлівы суд, справядлівае стаўленьне князя да падданых.

Пранікненьне блізкіх ідэяў назіраецца і ў агульназемскіх прывілеях, што ўпершыню сустракаецца у прывілеі 1434 года ў форме «christianitas» («хрысьціянства, хрысьціянскасьць»), пасьля чаго ідэя знаходзіць больш дэталёвае разьвіцьцё ў прывілеі 1447 года.

Марыя Красаўскайтэ адзначыла, што ў прывілеі 1434 года замест кляўзулы акта Гарадзельскай вуніі аб наданьні польскіх правоў выкарыстана кляўзула аб спасылцы на хрысьціянскія ўстоі.

Гэта можа ўказваць на тое, што прывілей разглядаўся таксама як праява міласьці манарха падданым, выражэньне князем хрысьціянскіх міласьцей, узнагарода ім падданых за службу.

Прывілей 1434 года. Ілюстрацыя: instagram.com/belarus_minulaja

Прывілей 1434 года. Ілюстрацыя: instagram.com/belarus_minulaja

З тэксту Прывілею 1434 года: 

«Затым, названыя князі i баяры i ix законныя дзеці няхай трымаюць yciмi спадчынамі i добрамі з роўным правам, як i бацькаўскім, як звычайна трымаюць у іншых месцах пры хрысьціянстве, i свабодна няхай ix прадаюць, абменьваюць, даруюць, адчужаюць i распараджаюцца па сваей добрай волі, як самім падабаецца больш карысна, аднак з той умовай, каб прад намі або нашымі ўрадоўцамі рабілі запісы аб ix адчужэньні, абмене, продажу або падарунку».

Прывілей пашырыў саслоўныя правы ўсіх феадалаў Вялікага Княства Літоўскага і аб'яднаў іх у адзінае саслоўе з агульнымі саслоўнымі інтарэсамі. Праваслаўныя баяры атрымалі магчымасьць уваходзіць у склад Рады Вялікага Княства Літоўскага.

З тэксту Прывілею 1434 года: «Апрача гэтага, згаджаемся і выстаўляемся, каб князі і баяры рускія нaciлi i кapыcтaлicя гepбaмi або ацэнкамі шляхецтва таксама як i літоўскія, аднак залічваецца да названых ацэнак праз лiтoўцаў, пасьля атрыманьня згоды ад братоў па сваёй генеалёгіі з каралеўства Польскага».

Глядзіце таксама