555 гадоў першаму крымінальнаму кодэксу на Беларусі — Судзебніку Казіміра

Сын Ягайлы — вялікі князь Казімір у 1468 годзе здолеў аформіць у агульным дакумэнце нормы, па якіх мусіла жыць Вялікае Княства Літоўскае. ЦІ ведалі вы, што ўзрост наступленьня крымінальнай адказнасьці быў пазначаны ў 7 гадоў? Перадумовы і асаблівасьці судзебніка мы разгледзілі ніжэй.

Вялікі князь Казімір падпісвае Судзебнік у 1468 годзе. Малюнак створаны нэйрасеткай па запыце НЧ

Вялікі князь Казімір падпісвае Судзебнік у 1468 годзе. Малюнак створаны нэйрасеткай па запыце НЧ

Нашая дзяржава была ў сваім росквіце пасьля княжаньня вялікага князя Вітаўта (1392-1430). Праз невялікі час, з 1440 года, кіраваць стаў ягоны пляменьнік і сын Ягайлы — Казімір.

Судзебнік быў напісаны на старабеларускай мове. У аснову гэтага заканадаўчага акта было пакладзена беларускае звычаёвае права (тое, чым кіраваліся судзьдзі дагэтуль) у сукупнасьці з новымі прававымі нормамі, якія былі выпрацаванымі судовай і адміністрацыйнай практыкай. Дзяржава была вялікая, грамадзкія адносіны было неабходна рэгуляваць. І каб прывесьці ўсё да пэўнай уніфікацыі, і быў створаны гэты «крымінальны кодэкс».

Арыгінала да нас не дайшло, але захаваліся тры копіі ў складзе іншых рукапісаў. Упершыню Судзебнік Казіміра быў апублікаваны ў 1826 годзе, зноў, як і першы асобнік, у Вільні лацінскімі літарамі дасьледчыкам права Вялікага Княства Ігнацыем Даніловічам.

Судзебнік Казіміра быў не вельмі вялікім па аб'ёме і меў, апроч уступа і сканчэньня, усяго 25 артыкулаў, 16 зь якіх разглядаюць такое злачынства, як крадзёж («тацьба»). Трэба адзначыць, што арыгінал дакумэнта быў створаны як адзіны непадзельны тэкст, і толькі ў ХІХ стагодзьдзі дасьледчыкі дзеля зручнасьці разьбілі яго на часткі.

У самым пачатку пазначалася, што калі не было чым плаціць судовы штраф і кампенсаваць прычыненыя злачынствам страты, маглі перадаць у рабства таму, хто пацярпеў, жонку і старэйшых за 7 гадоў дзяцей асуджанага. Такім чынам быў вызначаны ўзрост, зь якога дзеці маглі несьці адказнасьць.

Што с лицом приведуть татя, будеть ли мочи чим платити, ино заплатити истинну; пак ли чого у дому не будеть, а будеть ли то жона ведала з детми ужо взрослыми, ино жоною и детми заплатити, а самого на шибеницю, а што будуть малыи дети, ниже семи годов, тыи в том невинни.

У артыкулах №5 і №6 была абмежаваная адказнасьць жонкі і дзяцей правапарушальніка, калі яны не ведалі аб учыненым злачынстве і не карысталіся скрадзенымі рэчамі, хаця раней разам з асуджаным і ўся яго сям'я таксама несла адказнасьць. Тым самым у законе замацоўвалася ідэя індывідуалізацыі пакараньня.

А коли бы злодей што у кого украл, а и где украдено, а там его ухватять с лицомъ, а он у двор не принесл, жона и дети того не поживали: злодей терпи, а жона и дети и дом их невинен. А коли злодей из дому вышел, а украдеть што и потеряеть, а любо што изъест, а кроме жоны и детей: ино домовими статкы, што того татя влостное, заплатити; а жона и дети, и статкы женки от того порожни.

Новым у Судзебніку было таксама тое, што злачынства класіфікавалася ўжо як супрацьпраўнае дзеяньне. Раней, калі злачынцу лавілі са скрадзенымі рэчамі, па звычаёвым праве гэтыя рэчы перадаваліся ў даход суддзі, а пацярпеламу трэба было выплаціць падвойны кошт гэтых рэчаў з маёмасьці злодзея і яго сям'і. У новым законе гэтае права было абмежаванае: калі злачынца заплаціць не мог, тады суд абавязаны быў вярнуць маёмасьць пацярпеламу.

Тэкст Судзебніка і ўласна яго існаваньне сьведчыць аб высокім узроўні развіцьця нашай дзяржавы. Нягледзячы на даволі жорсткія віды пакараньняў за злачынствы (сьмяротнае пакараньне праз павешаньне, спаленьне, чвартаваньне), крымінальнае права ўсё ж прытрымлівалася некаторых ідэяў гуманізму.

Гэта былі напрыклад: не выкарытоўваньне крымінальнага пакараньня да дзяцей, забарона сьмяротнага пакараньня для цяжарных кабетаў, увядзеньне для шляхціча крымінальнай адказнасьці за забойства чалавека ніжэйшага саслоўя, а таксама большай адказнасьці за злачынствы, скіраваныя супраць кабетаў.

У звычаёвым праве дагэтуль галоўнаю мэтай пакараньня была кампэнсацыя пацярпеламу шкоды і спын злачыннай дзейнасьці. Мэта пакараньня, паводле Судзебніка Казіміра, — застрашваньне, хоць не выключаліся і маёмасныя кампэнсацыі. Цялесныя пакараньні і сьмяротная кара прадугледжваліся ў тым ліку за такія злачынствы, як крадзеж на суму больш за 30 грошаў.

Забаранялася вызваляць злачынцу ад пакараньня, тады як у адпаведнасьці з нормамі звычаёвага права ў злачынцы, прысуджанага да сьмяротнага пакараньня была магчымасьць адкупіцца і быць перададзеным у рабства пацярпеламу або яго блізкім.

Дагэтуль існуе ў сусьветным грамадзтве панятак з амэрыканскай назвай «суд Лінча», дык вось за доўга яшчэ да моманту падарожжа Калюмба, у Вялікім Княстве быў забаронены самасуд. За гэта можна было атрымаць вельмі жорсткае пакараньне.

У адносінах да распаўсюджанай практыкі «наезда» аднаго шляхціча на землі іншага прадугледжваўся новы падыход. Чорным па белым было забаронена рабіць агрэсію на суседа, а зьвяртацца ў вялікакняскі суд пры зьяўленьні рознагалосьсяў. Калі ж напад быў зьдзейсьнены, тады вінаватага ў захопе было неапходна пакараць. Санкцыя за такія правіны не прапісвалася, бо вырашаць лёс злачынцы мусіў сам вялікі князь.

А которыи бы сами собою порубы делали, а любо наезды чинили: ино, кому сталася кривда, тот и маеть ся нам жаловати; а пакли не пригодиться нас у великом князьстве Литовьском, и он имаеть паном раде нашей жаловати; и паном воєводам нашим по того послати и велети перед собою моцно поставити, а и досмотрети: будеть ли то так чинил, а всадити его у казнь и держати до нашего щасного приеханиа: бо тот ис права земьского выступил а над право сягнул, как у верху писано. Мы, пан, снемься с паны радою нашою великого князьства Литовського, осмотрим того, какою казнью того казнити.

Сканчваўся судзебнік прадпісаньнем: абавязваў усіх жыхароў утрымліваць у належным парадку дарогі і масты.

А також, где которыи мосты мощивали за дядю нашого, за великого князя Витовта, и за великого князя Жикгимонта, тут бы и ныне каждый свои мостьници замостили и заделали, как надобе; а штобы не мешкали, сего ж лета уделали. А на чией делници шькода ся станеть, конь ся образить, ногу зломить: тому платити. А пакли которыи не заделають своих делниць сего лета, а исполошаться: тот ис права выступил, на том нам вины десять рублев.

Вялікі князь Казімір. Малюнак XVI ст.

Помнік беларускай судовай гісторыі быў пратапластам першага Статута Вялікага Княства Літоўскага, які пабачыў сьвет у 1529 годзе.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: