Беларусь, якая чакае. Вялікая сядзібная вандроўка. Частка ІІ

 «Новы Час» працягвае знаёміцца з сядзібнай спадчынай на мяжы Міншчыны і Берасцейшчыны. Спадзяемся, што мінулым разам вы даведаліся шмат новага і цікавага. Мяркуем, што працяг будзе не горшым. Таму паехалі далей!

Другую частку нашай вандроўкі мы пачынаем з вёскі Туча, дзе пакуль яшчэ месціцца сядзіба Яленскіх. Гэтае прозвішча вы ўжо сустракалі ў першай частцы, а сёння мы ў радавым маёнтку Яленскіх, які пачаў будавацца ў сярэдзіне-напрыканцы XVIII стагоддзя, калі Радзівілы перадалі гэтаму старажытнаму валынскаму роду мясцовыя землі. На пачатак ХХ стагоддзя плошча маёнтку складала 1778 гектараў, меліся бровар, свіраны, вадзяны млын з сістэмай сажалак, якія можна ўбачыць і сёння. 

Да пачатку Другой сусветнай вайны ў сядзібным палацы захоўвалася вялікая калекцыя культурных каштоўнасцяў — слуцкія паясы, турэцкія дываны, бібліятэка рэдкіх кніг. Расейскія войскі нібыта з мэтай ратавання і захоўвання вывезлі ўсё ў Санкт-Пецярбург і, вядома, нічога сюды ўжо не вярнулася. Апошняя гаспадыня сядзібы Марыя Яленская пасля вайны патроху здолела аднавіць дом, але ў 1939 годзе пасля «вызваленчага» прыходу Чырвонай Арміі была арыштавана і разам з дзецьмі і ўнукамі выслана ў Казахстан. Там здолелі ўратавацца толькі старэйшая дачка Ядзвіга са сваёй дачкой Марыяй. Лёс сядзібы склаўся досыць прадказальна — шпіталь, школа, майстэрні, заняпад. Падчас існавання ў яе сценах школы да сядзібы прыбудавалі цагляную спартыўную залю.

Некаторыя з гаспадарчых будынкаў і цяпер выкарыстоўваюцца ў мясцовым СПК, астатнія ж патроху разбураюцца. Нягледзячы на гэта, ёсць пэўныя надзеі на нейкае аднаўленне, бо выглядаюць яны даволі няблага. Спадзяемся на лепшае.

Развітваемся з Міншчынай і накіроўваемся на Берасцейшчыну, дзе нас чакае вёска з сугучнай толькі што наведанай сядзібай назвай Нача. Гісторыя гэтага месца пачынаецца з часоў Вітаўта, але ў гістарычнай літаратуры ўпершыню згадваецца ў 1566 годзе, калі кароль Наваградскі Жыгімонт ІІ Аўгуст дараваў гэтыя землі свайму войскаму Аляксандру Брындзу. Менавіта з гэтай нагоды можна сустрэць назву Нача Брындзоўская. Па некаторых звестках, пэўны час гэтыя землі належалі Ордэну іезуітаў, а пасля ягонай ліквідацыі ў 1773 годзе ўладарамі Начы сталі князі Масальскія, якія даволі хутка прадалі маёнтак ротмістру Францішку Ксаверыю Чарноцкаму. У 1810 пачалася будоўля палаца.

Гісторыя роду Чарноцкіх вельмі багатая і цікавая, таму мы не будзем тут падрабязна яе прыгадваць, бо банальна не хопіць месца. У Начы нарадзіўся і вырас знакаміты перакладчік Напалеон Чарноцкі, сюды часта прыязджаў вядомы фалькларыст Міхал Федароўскі, які сябраваў з Казімірам Чарноцкім — бацькам Напалеона. Брат Казіміра — Віктар быў актыўным удзельнікам паўстання 1863 году. Дарэчы, Казімір Чарноцкі быў уладальнікам маёнтку Пятроўшчына ля Мінску, на гэтым месцы цяпер знаходзіцца станцыя метро з той жа назвай. У пачатку ХХ стагоддзя ўладальнікам Начы быў Міхал Чарноцкі, які перабудаваў палац і заклаў вялікі парк і сад. У 1918 годзе Міхал з ягоным сынам былі забіты сякерамі падчас чарговага бальшавіцкага пагрому. Палац перажыў Другую сусветную вайну, пасля якой у ягоных сценах месціліся дом культуры з бібліятэкай і кіназалам, а потым кантора саўгаса. У 1976 годзе будынак прыстасавалі да вытворчасці воцату, на які шлі яблыкі з саду Чарноцкіх.

Калі будзеце ў Начы, абавязкова наведайце сядзібны парк. Тут можна знайсці каменны стол і валуны, якія памятаюць яшчэ Казіміра і Віктара Чарноцкіх. На валунах парку можна ўбачыць літары і лічбы. Па адной версіі — гэта своеасаблівыя помнікі загінулым у паўстанні 1863 году сябрам Віктара з іх ініцыяламі. Сапраўды, у той час было нельга ставіць крыжы і помнікі ўдзельнікам, таму некаторыя шляхціцы клалі ў парках падобныя валуны. Па іншай версіі — на валунах пазначаны ініцыялы тых, хто ўдзельнічаў у іх закладцы. 

Таксама існуе паданне, што ў адной з сажалак парку схаваны скарб -- грошы і каштоўнасці. Нават кажуць, што яго неаднойчы знаходзілі, але скарбашукальнікамі авалодвала вялікая жудасць, і яны хутка ўцякалі, а месца імгненна зараўноўвалася як нічога не было. Цікавая гісторыя і прыгожае месца.

Парк увогуле пакідае неблагое ўражанне — чыстыя сцежкі, утульныя лавачкі, ёсць альтанка і мангал для аматараў шашлыкоў. А на дрэвах вялікая колькасць шпакоўняў на любы птушыны густ. Прыемна было пашпацыраваць! Пакідаючы парк, заўважылі амаль разбураны двухпавярховік. Па розных даных тут была афіцына ці бровар. На жаль, час ужо вызначыў ягоны сумны лёс.

А мы працягваем свой шлях па Берасцейшчыне да досыць вядомага месца, якое непарыўна звязана са знакамітым родам Рэйтанаў. Так, канешне, мы едзем у Грушаўку! Гаспадарчыя будынкі сядзібы бачныя здалёк і, нават, калі не ведаеш, што гэта такое, то не зацікавіцца немагчыма.

Спачатку Грушаўкай валодалі ўсюдыісныя Радзівілы, але напрыканцы XVII стагоддзя ўладальнікам гэтых земляў становіцца кракаўскі рыцар Марцін Рэйтан — падзяка за гераізм у вайне з туркамі. Больш за тры стагоддзі Рэйтаны заставаліся мясцовымі гаспадарамі, менавіта тут нарадзіўся, жыў і памёр бадай самы вядомы з чальцоў рода — Тадэвуш Рэйтан. «Забівайце мяне, але не забівайце Айчыну!» — гэтыя словы, прамоўленыя ім у 1773 годзе, і сёння знаходзяць водгук у сэрцах беларусаў. Памёр герой у 1780 годзе на роднай зямлі. 

Сядзіба ў Грушаўцы была закладзена пляменнікам Тадэвуша Дамінікам, дом быў з каменю, але ўнук Тадэвуша Юзэф напрыканцы ХІХ стагоддзя перабудаваў яго і зрабіў цалкам драўняным. Існуе версія, што гэта было зроблена з нагоды таго, што лекары не раілі Юзэфу жыць у каменным доме праз хваробу. Юзэф і ягоная жонка Аліна Гартынг не мелі ўласных дзяцей, але выхоўвалі больш за 10 дзяўчынак, якіх гадавалі да 17-18 гадоў а потым выдавалі замуж з годным пасагам. Юзэф быў своеасаблівым гаспадаром. Калі прыходзіў час збіраць ураджай, ён наймаў вельмі шмат людзей, каб скончыць усё адным днём. Пакуль адбывалася праца, на панскім двары гатавалася багатая вячэра — рэзаліся свінні, даставалася віно з падвалаў. Заробак сяляне маглі атрымаць па жаданні — прадуктамі, папяровымі грашыма ці нават золатам.

У 2020 годзе пачалася маштабная рэканструкцыя сядзібнага дому і зараз ён выглядае менавіта так. 

Пакідаем сядзібу Рэйтанаў, але наперадзе ў нас яшчэ адзіны выбітны помнік, звязаны з гэтым родам.

Як здагадаліся дасведчаныя вандроўнікі, мы накіроўваемся да радавой пахавальні Рэйтанаў, якую бачна ад былой сядзібнай брамы. Пахавальню ў 1910 годзе пабудаваў Генрых Грабоўскі, пляменнік Юзэфа і спадкаемца сядзібы. У 1930 годзе сюды быў перанесены прах Тадэвуша Рэйтана. У савецкі час пахавальня была разрабавана. У 1993 годзе побач з пахавальняй у гонар 255-годдзя народзінаў Тадэвуша Рэйтана быў усталяваны помнік — валун з медалём падзякі нашаму славутаму земляку. 

На гэтым нашае сённяшняе падарожжа падыходзіць да заканчэння, але мы працягнем знаёміць вас з нашымі вядомымі і не вельмі продкамі, якія жылі, працавалі і ўпрыгожвалі нашу краіну ў спадзяванні, што нашчадкі будуць іх памятаць і ганарыцца. Пішыце нам, паведамляйце аб месцах, якія  вас цікавяць і мы абавязкова іх наведаем і адсправаздачымся! А напрыканцы, як заўсёды, яшчэ некалькі фота з нашага падарожжа.


Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па Беларусі. Распавядзіце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.