Беларусь, якая чакае. Вялікая сядзібная вандроўка. Частка І

Сённяшняя нашая доўгачаканая вандроўка прысвечана старым сядзібам. Насамрэч, яны і іх уладальнікі вартыя прыгадвання і шанавання. Некаторыя прозвішчы вы калісьці дакладна чулі, а іншыя будуць незнаёмымі большасці нашых чытачоў. «Сядзібны дзень» пачынаецца! Паехалі!

Наш маршрут ляжыць на мяжы Міншчыны і Берасцейшчыны. Менавіта тут не мала старых забытых сядзібаў, і першая з іх — Радзівілімонты ў вёсцы з прыкметнай назвай «Чырвоная Зорка» побач з Клецкам. Так, калісьці тут была адна з мноства сядзібаў славутага рода Радзівілаў. Мясцовы палац быў пабудаваны ў 1789-1783 гадах пад кіраўніцтвам вядомага італьянца Карла Спампані, які шмат працаваў у тагачаснай Беларусі. Мы ўжо не аднойчы сустракаліся з ягонымі творамі.

Сядзіба мела вельмі вялікі гаспадарчы двор, капліцу, вадзяны млын. Пасля пажару 1909 года палац быў адбудаваны наноў. Савецкая ўлада вырашыла аддаць палац пад мясцовы клуб, а на базе гаспадарчага двара зрабілі кансервавы завод. У 1992 годзе вялікі пажар знішчыў дах палаца, і пасля гэтага будынак хутка пачаў прыходзіць у заняпад праз мясцовых жыхароў, якія літаральна разнеслі яго па кавалках на розныя гаспадарчыя патрэбы. Таксама можна адзначыць, што больш новы будынак сацкультпрызначэння літаральна ў некалькіх метрах ад палаца дакладна і няўмольна паўтарае лёс свайго старажытнага суседа. 

Цяпер толькі рэшткі старога парку застаюцца напамінам аб жыцці Радзівілімонтаў. Яго заклала ў 1875 годзе княжна Марыя Радзівіл, і сёння яшчэ можна ўбачыць рэшткі памятнага каменю з гравіроўкай «Гэтыя алеі ў 1875 годзе заклала Марыя з Кашталянаў, Княжна Антона Радзівіла».

Ну, а мы накіроўваемся да наступнай сядзібы. Ля вёсцы Янавічы нас чакае сядзіба Бжастоўскіх-Яленскіх. Пад’язджаючы, бачым на старым доме новы жалезны дах і лёгкі дым з адной трубы. Няўжо тут штосьці мусіць аднаўляцца? Пакінуўшы машыну ля дарогі, крочым пешшу праз квітнеючыя абапал сцежцы дрэвы. Нягледзячы на хмары і прахалоду, вясна вельмі адчуваецца.

Вось і дом! З першага погляду становіцца зразумела, што нашыя надзеі на працу па аднаўленні былі досыць наіўнымі. А аднаўлення гэтая сядзіба вартая! Напрыканцы XVIII стагоддзя гэтыя землі належалі Макавецкім, потым цягам стагоддзя тут гаспадарылі Вайніховічы, Бжастоўскія, Вайцэхоўскія і Піляўскія. У часы Язэпа Піляўскага сядзібная гаспадарка мела больш за тысячу гектараў зямлі, вадзяны млын, цагляны завод і г.д. У 1910 годзе сядзібу ў Піляўскіх набыў Эдвард Яленскі, які меў ужо не адзін маёнтак на тагачаснай Клеччыне. Цікава тое, што ўжо на наступны год у Янавічах з’явілася пачатковая школа для сялян. Гэта была своеасаблівая «фішка» Яленскіх — ва ўсіх сваіх гаспадарках яны клапаціліся аб асвеце простых людзей. У 1914 годзе пачалася Першая Сусветная вайна, і Янавічы бачылі ўсіх удзельнікаў баявых дзеянняў — немцаў, расейцаў, палякаў. І кожны з іх зрабіў свой унёсак у разрабаванне сядзібы.

Пасля смерці Эдварда гаспадаром стаў ягоны сын Альгерд — вядомы актывіст і сябар Юзэфа Пілсудскага. Пасля вайны ён мінімальна аднавіў разбураны дом, а асноўныя сродкі накіраваў на развіццё гаспадаркі — пабудову крухмальнага заводу і вялікі яблыневы сад. Таксама ён арганізаваў сталы аддзел пажарнай аховы ў Янавічах. Вельмі цікавая асоба і мы раім больш падрабязна азнаёміцца з ім самастойна, бо інфармацыі хапае. Адзначым толькі, што, нягледзячы на свае досыць сацыялістычныя погляды, Альгерд Яленскі быў арыштаваны НКУСаўцамі ў 1939 годзе і высланы ў Архангельск, дзе і памёр у 1941 годзе. А з сядзібнага дому пасля Другой сусветнай вайны ў 1948 годзе зрабілі вялікую «камуналку», у якой месцілася ад 6 да 8 сямей. Памятаеце, мы казалі пра дым з трубы? Так вось, дагэтуль тут дакладна хтосьці жыве! Калі што, то гэта ў XXI стагоддзі ў касмічнай і ядзернай дзяржаве, так.

Літаральна праз кіламетр-другі месціцца яшчэ адна невялікая сядзіба. Зараз мы ля сядзібы Стралко ля вёсцы Стралкова. Сядзібны дом, канешне, маладзейшы за тыя, якія мы ўжо наведвалі — дата ягонай пабудовы (1909 год) добра бачная на фасадзе і, падаецца, лепш захаваўся. 

Нягледзячы на адносную маладосць гэтага будынка, аб ягоных гаспадарах амаль няма ніякіх пацверджаных сведчанняў. Па разрозненых даных вядома, што дом быў пабудаваны па замове Дамініка Стралко ў 1909 годзе, сям’я жыла сціпла і падчас нямецкай акупацыі была вымушана ратавацца ад расстрэлу акупантамі. Далейшы лёс чальцоў сям’і невядомы, але кажуць, што адна з нашчадкаў роду Стралко цяпер жыве ў Сан-Францыска. Цяпер дом здаецца ў арэнду мясцоваму фермеру, які падтрымлівае нейкі парадак на тэрыторыі, і гэта заўважна. Побач з домам знаходзіцца вялікі і прыгожы стары свіран. Гуляем побач!

Паміж сядзібамі Яленскіх і Стралко месціцца вялікі гаспадарчы двор, які, хутчэй за ўсё, належаў Яленскім, бо, па сведчанням тагачасных жыхароў, Стралко жылі не багата, а ўтрыманне такой вялікай гаспадаркі — справа нятанная. Цяпер гэта зарастаючыя руіны некалі буйнога і багатага гаспадарчага комплексу. Вельмі шкада...

Пасля шпацыру па вясеннім Стралкове рушым далей да наступнага невялікага сядзібнага комплексу, аб якім звестак яшчэ меней. Вёска Цясноўка. Прабіраемся па вузкай вясковай вулачцы і раптам перад намі, літаральна ў метры ад дарогі ўзнікаюць руіны сядзібнага дому Лабецкіх. Чальцы гэтага роду, на жаль, не пакінулі пра сябе ніякіх успамінаў і звестак, акрамя прозвішча. Будынак сядзібы датуецца сярэдзінай ХІХ стагоддзя.

Прыкладна ў той жа час з’яўляюцца і гаспадарчыя пабудовы — свіран, афіцына з сыраварняй ды іншыя. Мясцовыя жыхары кажуць, што афіцына і сыраварня месціліся ў адным будынку, у сутарэннях якога даспяваў і захоўваўся вельмі смачны сыр. Цясноўская сядзіба, здаецца, дажывае свае апошнія гады — больш зруйнаваныя за яе толькі Радзвілімонты.

А зараз мы прапануем зрабіць невялікі перапынак, каб трошкі адпачыць перад другой вялікай часткай нашай вандроўкі. Не развітваемся, бо хутка вернемся!


Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па Беларусі. Распавядзіце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.