Жыровічы: цудатворны абраз і нячысцікі

Жыровіцкі манастыр з’яўляецца найбуйнейшым праваслаўным ансамблем на тэрыторыі Беларусі. З яго заснаваннем звязана цудоўная гісторыя, якую Ян і Юлія раскажуць вам на канале Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура. А яшчэ напрыканцы відэа вы даведаецеся, чаго трэба асцерагацца ў Жыровічах. 

Крыніца: Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура [ youtube ]

Гэтае відэа знята ў тэхніцы «лічбавая акварэль». Тэхніка ўнікальная і патрабуе шмат высілкаў ад мастака. Але ў выніку яна дазваляе ўбачыць, як ажывае гісторыя.

*****

У 1470 годзе ў лесе бліз месца пастухі заўважылі яркае святло, што прабівалася скрозь галіны грушы-дзічкі: на дрэве зіхацеў маленькі абраз Маці Божай з дзіцяткам Езусам. На месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза з пашанаю збудавалі драўляны храм, але ў 1520 годзе здарыўся моцны пажар, што знішчыў святыню, а абраз сярод попелу так і не знайшлі. 

Аднойчы пасля заняткаў мясцовыя дзеці пайшлі да ўзгорку, дзе ўбачылі на вялікім камені Багародзіцу ў прамяністым ззянні, а ў яе руках – страчаную святыню – гэта і стала другім з’яўленнем Жыровіцкага абраза. 

Пасля на месцы каменя, дзе явіла сябе Багародзіца, заснавалі манастыр. У 1613 годзе ён перайшоў у рукі базыльянаў, якія адрадзілі культ Маці Божай і зрабілі манастыр галоўным цэнтрам Берасцейскай вуніі. Першым ігуменам манастыра стаў вядомы рэлігійны дзеяч ВКЛ Іасафат Кунцэвіч, святы мучанік, які змагаўся дзеля распаўсюджвання ўніяцтва на беларускіх землях. За гэта яго забілі віцебскія гараджане ў 1623 годзе, праз што  горад страціў усе прывілеі.

Глядзіце таксама

А пасля намаганнямі базыльянаў за перыяд XVII-XVIII стагоддзя быў узведзены вялікі манастырскі комплекс з мураваных храмаў выбітнай барочнай архітэктуры – галоўны цэнтр уніяцтва Беларусі. 

Ужо толькі ў час Расійскай імперыі – у 1839 годзе – біскуп Іосіф Сямашка, якога падтрымліваў Мікалай I, разам са святарамі  перайшоў у праваслаўе.

Архітэктурны ансамбль мае мастацкую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны сілуэт. Цэнтрам кампазіцыі выступае найстарэйшы храм – Успенскі сабор, аб’яднаны пераходамі з будынкам семінарыі. Недалёка ад сабора месціцца Яўленская царква, дзе па легендзе, стаяў камень, на якім дзятва ўбачыла Багародзіцу, пасля яго змясцілі ў алтар пад прастолам. І завяршае ансамбль Крыжаўзвіжанская царква на самым высокім месцы, утвараючы яго дамінанту. 

Падчас Другой сусветнай вайны старажытны абраз выратаваў Жыровіцкі манастыр ад немцаў. Хроніка манастыра распавядае нам яшчэ пра адно з'яўленне абраза ўжо ў ХХ стагоддзі. Як толькі немцы зрабілі ў храме склад боепрыпасаў, ноччу вартавыя сталі бачыць тут Жанчыну, якая загадвала пакінуць манастыр і апасля таямніча знікала. Немцы лічылі яе партызанкай, але калі правялі вобыск – убачылі абраз Божай Маці і пазналі ў яе абліччы незнаёмку. Пасля таго, на здзіўленне манахаў і мясцовых жыхароў, салдаты сышлі з мястэчка і больш туды не вярнуліся.

Да Жыровічаў заўсёды выпраўлялася шмат паломнікаў, але ім усім трэба было быць асцярожнымі з лесам, асабліва з дрэвамі. Ведаеце пра нячысціка Праяву? Калі стомлены дарогаю чалавеча прытуліцца да дрэва, праз некаторы час ён убачыць, што цела трымае сухая моцная рука, а з-пад моху гараць чырвоныя вочы нячысціка. Ведайце, гэта Праява цягне вас на згубу ў дрэва, якое дзякуючы гэтаму стане вышэй і таўсцей. Каб вырвацца з кіпцюроў нячысціка, раім, мець пры сабе агеньчык. 

Калі вам спадабалася відэа, падпісвайцеся на канал "Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура", каб разам вандраваць па цудоўных і загадкавых мясцінах нашай краіны!