560-ты дзень вайны. Расія рыхтуецца да адступлення ў Запарожжы і да працяглай вайны

Украінскія войскі прасоўваюцца ў Запарожжы і працягваюць «перамолваць» расійскія сілы ля вызваленага Рабоціна. Расіяне рабуюць украінскія заводы ля лініі фронту, імаверна, рыхтуючыся да адступлення, і ўводзяць ваенную падрыхтоўку для школьнікаў старэйшых класаў. Гэта паказвае на тое, што Расія рыхтуецца альбо да працяглай вайны, альбо да нейкай новай вайны.

_viyskovi_gaubitsya_caesar__zima_gettyimages_1245850289__1__3_650x410.jpg

Сітуацыя на франтах

Расійцы не пакідаюць ідэі выйсці на межы Данецкай і Луганскай абласцей і ўзяць рэванш над украінскімі вайскоўцамі. На Усходнім фронце сітуацыя застаецца складанай, распавёў камандуючы сухапутнымі войскамі Украіны Аляксандр Сырскі.

Па яго словах, на купянскім кірунку Расія завяршае падрыхтоўку штурмавых атрадаў, штодня абстрэльвае пазіцыі УСУ з артылерыі і мінамётаў, на ліманскім кірунку працягваецца замена расійскіх войскаў на часткі 25-й арміі, якія сфарміраваны і перакінуты з тэрыторыі РФ, а на бахмуцкім кірунку працягваюцца жорсткія баі.

У той жа час Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе аб тым, што ўкраінскія войскі павялічылі тэмп наступальных дзеянняў і прасунуліся ў раёне мяжы Данецка-Запарожскай вобласці, у прыватнасці каля Рабоціна, а таксама прасоўваюцца ўздоўж лініі расійскіх умацаванняў у Вербавым Запарожскай вобласці.

«Геалакацыйныя даныя сведчаць, што расійскія войскі наносяць удары па ўкраінскіх пазіцыях на паўночны захад і захад ад Рабоціна. Гэта паказвае, што ўкраінскія сілы прасунуліся ў гэтым раёне, хоць раней расійскія войскі сцвярджалі, што яны яго кантралююць», — мяркуюць аналітыкі.

«Украінскія сілы дамагліся поспеху ў кірунку Рабоціна — Новапракопаўка на поўдзень ад Арэхава, а таксама паведамілі, што праводзяць паспяховыя наступальныя аперацыі на поўдзень ад Бахмута», — пішуць аналітыкі ў справаздачы.

Таксама ў ISW мяркуюць, што контрнаступальныя аперацыі на мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей былі ўдалымі. «Украінцы заціснулі часткі 7 гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі РФ і не дазволілі ім перадыслацыравацца на крытычныя ўчасткі фронту ў заходняй частцы Запарожскай вобласці», — указваюць спецыялісты.

374442758_650351510611264_7441330810861869267_n.jpg

Украіна і Расія — пад абстрэламі

Уначы з 5 на 6 верасня Украіна зноў падвергнулася масіраванай ракетна-дронавай атацы. Паветраныя сілы УСУ паведамілі, што мінулай ноччу расійскі бок нанёс удары па Украіне 33 ракетамі і беспілотнікамі. «Усяго зафіксаваны 33 варожыя паветраныя цэлі: сем ракет паветранага базіравання тыпу Х-101/Х-555/Х-55, выпушчаныя з дзевяці самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС з раёна Энгельса; адна балістычная ракета «Іскандэр-М»; 25 ударных БПЛА тыпу «Shahed-136/131» з паўднёва-ўсходняга і паўднёвага напрамкаў», — расказалі ва УСУ.

Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, былі знішчаны ўсе ракеты, а таксама 15 дронаў.

Кіраўнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко распавёў, што ракетамі спрабавалі атакаваць Кіеў. Усе варожыя цэлі, якія рухаліся ў кірунку сталіцы, былі знішчаны сіламі і сродкамі СПА. У Кіеве — без ахвяр і разбурэнняў. У Кіеўскай вобласці падзенне абломкаў ракеты стала прычынай узгарання на тэрыторыі гандлёвага прадпрыемства, ратавальнікі яго аператыўна ліквідавалі.

«Шахедамі» была атакавана Адэская вобласць. Атака доўжылася амаль тры гадзіны. Адзін чалавек загінуў, пашкоджаны аб'екты прыпартовай і сельскагаспадарчай інфраструктуры — элеватары, адміністрацыйныя будынкі, аграпрадпрыемствы.

За мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 65 абстрэлаў Херсонскай вобласці, выпусціўшы 279 снарадаў з мінамётаў, артылерыі, «Градаў», БПЛА і авіяцыі. Па Херсоне вораг выпусціў 18 снарадаў. Тры чалавекі атрымалі раненні.

Расійская армія абстраляла з артылерыі Канстанцінаўку і Шахцёрскае Данецкай вобласці 5 верасня. Раненні атрымалі 5 чалавек.

Позна ўвечары 5 верасня былі чытны выбухі ў Бранскай і Белгародскай абласцях Расіі. У Мінабароны РФ заяўляюць пра нібыта знішчэнне невядомых беспілотнікаў.

Расія рыхтуецца да працяглай вайны?

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter адзначыла, што навучальны год у Расіі пачаўся з новай вучэбнай праграмы, якая ўключае як вайсковыя навыкі, так і погляд Крамля на гісторыю Украіны. Яна павінна падрыхтаваць школьнікаў да вайны.

Як адзначаецца ў зводцы, Пуцін асабіста правёў адкрыты ўрок з 30 школьнікамі 1 верасня. Тэмы абноўленага экзамену па нацыянальнай гісторыі ўключаюць акупацыю Крыма і вайну супраць Украіны.

Расійскі парламент зацвердзіў вучэбную праграму ў мінулым годзе. Элемент «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», арыентаваны на старэйшых школьнікаў, уключае ў сябе модуль базавай ваеннай падрыхтоўкі: абыходжанне з аўтаматамі Калашнікава, выкарыстанне ручных гранат, аперацыі з БПЛА і аказанне першай дапамогі на полі бою. Школьнікаў таксама могуць наведаць ветэраны вайны з Украінай.

Паводле звестак брытанскай выведкі, новая вучэбная праграма мае тры мэты: азнаёміць школьнікаў з абгрунтаваннем Крамлём неабходнасці «спецыяльнай вайсковай аперацыі», задаць школьнікам баявы настрой і скараціць тэрміны падрыхтоўкі да далейшай мабілізацыі.

Цэнтр нацыянальнага супраціву Украіны паведамляе, што праз складаную для расійцаў сітуацыю на паўднёвым фронце акупанты пачалі абкрадаць прадпрыемствы ў Запарожскай вобласці. У Такмаку расійскія войскі разрабавалі кавальска-штамповачны завод. «У цяперашні час мясцовымі акупацыйнымі ўладамі распрацаваны план вывазу іншых матэрыяльных каштоўнасцей захопленага горада, які будзе прыведзены ў дзеянне ў выпадку пагаршэння сітуацыі для акупантаў», — адзначаюць у ЦНС.

На іх думку, гэта сведчыць пра тое, што расійцы сумняваюцца ў магчымасці ўтрымаць Такмак.

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амерыкі Энтані Блінкен у сераду 6 верасня прыехаў ва Украіну з афіцыйным візітам. Раней пра візіт Блінкена не паведамлялася праз меркаванні бяспекі.