681-шы дзень вайны. Масіраваная атака на Крым

Украінская армія сышла ў зімовую абарону, але атакуе расійскія ваенныя аб’екты з паветра: Крым — больш не «недакранальны». Расійскія войскі працягваюць намаганні па захопе Аўдзееўкі. А ЗША заклапочаны тым, што РФ атрымлівае балістычныя ракеты з КНДР. Вайна ва Украіне працягваецца…

_viyskovi_gaubitsya_caesar__zima_gettyimages_1245850289__1__3_650x410.jpg

Як паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 5 студзеня, за мінулыя суткі на фронце адбылося 59 баявых сутыкненняў. Агулам армія РФ нанесла сем ракетных і 36 авіяцыйных удараў, здзейсніла 37 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.

УСУ працягваюць стрымліваць расійскія войскі каля Аўдзееўкі — на гэты раён прыйшлося больш за палову атак войскаў РФ, здзейсненых за суткі. Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі 16 нападаў паблізу Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі і яшчэ 16 нападаў у раёнах Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці.

Па чатыры атакі УСУ адбілі на купянскім і бахмуцкім напрамках. На мар’інскім напрамку абаронцы Украіны адбілі сем атак. Восем атак было адбіта на запарожскім напрамку.

На херсонскім напрамку ўкраінскія войскі працягваюць мерапрыемствы па пашырэнні плацдарма на левым беразе Дняпра. Войскі РФ не пакідаюць спроб выбіць украінскія падраздзяленні з займаных пазіцый: за мінулыя суткі расійцы здзейснілі шэсць беспаспяховых штурмаў.

* * *

Войскі РФ у ноч з 4 на 5 студзеня выпусцілі па тэрыторыі Украіны некалькі груп «Шахедаў». Украінскія вайскоўцы знішчылі не менш за 10 ударных беспілотнікаў, паведаміла кіраўніца аб'яднанага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк.

«На поўдні ішла баявая праца. Мы назіралі дзве хвалі нападаў. Першая працягвалася тры гадзіны. Праз дзве гадзіны пачалася новая хваля», — сказала Гумянюк.

Паводле яе слоў, сілы СПА змаглі знішчыць беспілотнікі ў Херсонскай, Днепрапятроўскай, Кіраваградскай і Мікалаеўскай абласцях. «На жаль, не абышлося без траплянняў. На гэты раз вораг біў па сельскагаспадарчых аб'ектах і грамадзянскіх установах. Гэта і ангары для захоўвання збожжа, і дамы культуры. Папярэдне ёсць параненыя», — дадала яна.

* * *

У Мінабароны Расіі паведамілі, што над Крымам збілі 36 беспілотнікаў. Выбухі былі чутны ў Саках, у раёне Севастопаля, Новафёдараўкі, Наварасійска і Еўпаторыі.

Ва ўпраўленні стратэгічных камунікацый апарата галоўнакамандуючага УСУ пацвердзілі, што каля 15 гадзін 4 студзеня УСУ пацэліла ў камандны пункт злучэння расійскіх акупацыйных войскаў паблізу Севастопаля.

Таксама быў атакаваны расійскі Белгарад. Па словах мэра горада Валянціна Дзямідава, па папярэдняй інфармацыі ёсць пацярпелыя. Іх шпіталізавалі з асколачнымі раненнямі.

* * *

3108003.jpg

* * *

Германія абнавіла спіс пастаўленай Украіне вайсковай дапамогі. Як паведамілі ва ўрадзе ФРГ, Берлін перадаў Кіеву новую зенітную сістэму «Skynex», дадатковыя ракеты да сістэм СПА «Patriot» і «IRIS-T SLM», боепрыпасы «Leopard 2A6» і іншае ўзбраенне. Акрамя таго, у будучыні ад Германіі чакаецца, сярод іншага, перадача 4 ЗРК «IRIS-T SLM» і яшчэ 1 сістэмы СПА «Skynex».

* * *

ЗША збіраюць Раду бяспекі ААН 10 студзеня для абмеркавання паставак Паўночнай Карэяй балістычных ракет Расіі для выкарыстання ў вайне супраць Украіны. Паводле інфармацыі ЗША, нядаўна КНДР перадала Расіі пускавыя ўстаноўкі балістычных ракет і некалькі дзясяткаў балістычных ракет. 30 снежня 2023 года расійскія войскі запусцілі па меншай меры адну з гэтых балістычных ракет па Украіне. 2 студзеня расійскія войскі запусцілі некалькі балістычных ракет КНДР па Украіне, у тым ліку ў рамках начной атакі.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што Расія актывізуе намаганні па пастаўцы балістычных ракет з-за мяжы, паколькі гэтыя ракеты пры пэўных абставінах аказваюцца больш эфектыўнымі пры праходжанні або абыходзе ўкраінскіх сістэм супрацьпаветранай абароны.

Аналітыкі адзначаюць, што ўкраінскія сродкі СПА перахапілі 149 са 166 расійскіх крылатых ракет, якія, па паведамленнях, былі запушчаны з 29 снежня 2023 года, але, напрыклад, перахапілі толькі некалькі балістычных ракет, якія Расія запусціла па Украіне за той жа перыяд.

Пры гэтым эфектыўнасць расійскіх балістычных ракет часткова залежыць ад канфігурацыі ўкраінскай сістэмы супрацьпаветранай абароны ў зоне паражэння.

«Адносны поспех, якога дасягнулі расійскія войскі, наносячы ўдары па цэлях ва Украіне балістычнымі ракетамі ў спалучэнні з крылатымі ракетамі і беспілотнікамі, можа заахвоціць Расію да інтэнсіфікацыі намаганняў па пастаўцы балістычных ракет з-за мяжы. Расія можа вырабляць прыкладна 42 ракеты «Іскандэр» і чатыры ракеты «Кінжал» у месяц, хоць незразумела, колькі ракет С-300/С-400 Расія можа вырабляць.

Таксама расійская абаронна-прамысловая база не можа вырабляць балістычныя ракеты ў маштабах, неабходных для працяглай кампаніі па нанясенні ўдараў па Украіне, што абапіраецца на рэгулярнае выкарыстанне вялікай колькасці балістычных ракет, і Расія, верагодна, будзе вымушана пастаўляць балістычныя ракеты з-за мяжы, калі захоча падтрымліваць маштабныя ракетныя ўдары па Украіне», — пішуць эксперты.