868-мы дзень вайны. Расія выкарыстоўвае ў вайне 300 знішчальнікаў, тады як саюзнікі Украіны прынялі рашэнне перадаць Кіеву 10-20

57-гадовы мужчына загінуў у двары свайго дома праз расійскі абстрэл. Зяленскі патрабуе больш самалётаў F-16. Распавядаем пра галоўныя падзеі чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. 

Кіеў 8 ліпеня 2024. Reuters / Scanpix / LETA

Кіеў 8 ліпеня 2024. Reuters / Scanpix / LETA

Два чалавекі загінулі ў выніку ўдараў па партовай інфраструктуры Адэскай вобласці

Кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі Алег Кіпер  паведаміў, што ў выніку расійскага ракетнага нападу па партовай інфраструктуры рэгіёну загінулі два чалавекі ў Адэскім раёне.

Загінулыя — ахоўнік і кіроўца грузавіка. Пацярпеў вахтавы матрос.

«Пашкоджанне ад абломкаў атрымалі складскія памяшканні, грузавы аўтатранспарт і грамадзянскі цеплаход. З-за пашкоджання судна адбылася ўцечка вадкасці. Наступствы ўстараняюцца», — паведаміў Кіпер.

Удар па дзіцячай бальніцы ў Кіеве быў нанесены расійскай крылатай ракетай Х-101

Удар па дзіцячай бальніцы "Ахматдзет" у Кіеве быў нанесены расійскай крылатай ракетай Х-101, пішуць аналітыкі з Bellingcat. Да такой высновы эксперты прыйшлі, прааналізаваўшы запіс удару па шпіталі, на якім бачныя характэрныя рысы Х-101.

У прыватнасці, эксперты звярнулі ўвагу на дэталь, падобную з рэактыўным рухавіком у задняй частцы ракеты, а таксама два крылы ў сярэдзіне яе корпуса. Расследавальнікі таксама стварылі 3D-мадэль Х-101, якую выкарыстоўвалі для параўнання з боепрыпасам, які разбурыў бальніцу. Ролік, у якім мадэль наклалі на кадр з ракетай, наглядна паказвае, што яны маюць агульныя рысы і падобныя прапорцыі.

Глядзіце таксама

Зяленскі: Украіне трэба 128 знішчальнікаў F-16, нават калі іх будзе 50 — гэта нішто

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў надзею, што абяцаныя знішчальнікі F-16 прыбудуць ва Украіну гэтым летам. Пры гэтым ён адзначыў, што Кіеву патрэбна 128 такіх самалётаў. Аб гэтым Зяленскі сказаў пасля выступу ў Вашынгтоне, перадае «Hromadske».

Ён зазначыў, што Расія выкарыстоўвае ў вайне 300 знішчальнікаў, тады як саюзнікі Украіны прынялі рашэнне перадаць Кіеву 10-20 самалётаў.

«Нават калі іх будзе 50 — гэта нішто. У іх тры сотні, а ў нас 50. Мы абараняемся, нам трэба 128 самалётаў. Пакуль у нас не будзе столькі самалётаў, мы не зможам з імі зраўняцца ў небе, гэта будзе складана», — заявіў прэзідэнт Украіны.

ФСБ сцвярджае, што прадухіліла тэракт на крэйсеры «Адмірал Кузняцоў»

ФСБ выпусціла заяву, у якой сцвярджае, што ўкраінскія спецслужбы рыхтавалі тэракты на цяжкім авіянясучым крэйсеры «Адмірал Кузняцоў» у Мурманску і ў дачыненні да трох высокапастаўленых вайскоўцаў Мінабароны РФ у Маскве. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

Па справе аб падрыхтоўцы замахаў на ваенных затрыманы грамадзянін Расіі 1994 года нараджэння, які, як сцвярджае ФСБ, па заданне ўкраінскай ваеннай разведкі праз кур'ерскія службы «арганізаваў дастаўку трох выбуховых прылад вялікай магутнасці, замаскіраваных у падарункавую ўпакоўку, па адрасах пражывання ў Маскве кіраўнікоў падраздзяленняў расійскага абароннага ведамства».

Новы прэм'ер Вялікабрытаніі: Украіна сама вырашыць, як выкарыстоўваць ракеты Storm Shadow

Украіна павінна сама вырашаць, як выкарыстоўваць брытанскія ракеты Storm Shadow. Аб гэтым заявіў новы кіраўнік брытанскага ўрада Кір Стармер перад самітам NATO, перадае Bloomberg.

Паводле яго слоў, ракеты "павінны выкарыстоўвацца ў адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам" і ў "абарончых мэтах".

Як адзначае Bloomberg, Стармер фактычна пацвердзіў, што працягне палітыку папярэдняга ўрада, якая прадугледжвала, што Кіеў можа наносіць удары па ваенных мэтах на тэрыторыі Расіі.

57-гадовы мужчына загінуў у двары свайго дома праз расійскі абстрэл

Кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін паведаміў, што 10 ліпеня расейскія войскі абстралялі сяло Інгулец.

У выніку траплення па жылым доме  загінуў 57-гадовы мужчына, які знаходзіўся ў двары.

У выніку ракетнага ўдару па Кіеве 8 ліпеня загінулі 33 чалавекі

Такія дадзеныя прыводзіць Кіеўская гарадская адміністрацыя. Раней улады паведамлялі аб 34 загінулых.