867-ты дзень вайны: Уваходжанне Украіны ў NATO — незваротнае
9 ліпеня абвешчана Днём жалобы па загінулых у выніку расійскага ракетнага ўдару 8 ліпеня.
Зяленскі: 38 загінулых і 190 параненых ва Украіне ў выніку ўчорашняга абстрэлу
У выніку ўчорашняга масіраванага абстрэлу Украіны вядома пра 38 загінулых, у тым ліку чацвёра дзяцей, паведамляе Telegram-канал прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
Паводле слоў украінскага прэзідэнта, у выніку ўдараў пацярпелі 190 чалавек. Зараз у шпіталях Кіева знаходзяцца 64 чалавекі, у Крывым Рогу — 28, у Дняпры — 6 чалавек.
Усіх пацыентаў з «Ахмацдзета» перавялі ў іншыя медустановы. У некаторых месцах падзення расійскіх ракет усю ноч не спыняліся аварыйна-выратавальныя работы.
Фота: Наступствы абстрэлаў Украіны (t.me/V_Zelenskiy_official)
«Мы працягваем працу па ўзмацненні абароны нашых гарадоў і населеных пунктаў ад расійскага тэрору. Рашэнні будуць. Свет мае для гэтага неабходныя сілы. Я таксама дзякую ўсім лідарам, якія падтрымалі нас і рыхтуюць новыя сумесныя крокі для абароны чалавечых жыццяў ад расійскага тэрору», — дадаў ён.
- Масавы абстрэл Украіны 8 ліпеня
Нагадаем, учора, 8 ліпеня, войскі РФ нанеслі чарговы маштабны ўдар па тэрыторыі Украіны. Гэта быў самы масіраваны ўдар па Украіне за некалькі апошніх месяцаў. Спачатку пад удар патрапілі Крывы Рог і Крапіўніцкі раён. Пазней выбухі ў выніку супрацьпаветранай абароны прагучалі ў Кіеве і вобласці. Усяго РФ выкарыстала 38 ракет розных тыпаў. Адна з іх пацэлілі ў дзіцячую бальніцу «Ахмацдзет». На тэрыторыі бальніцы загінулі два чалавекі, 32 атрымалі раненні, сярод пацярпелых — восем дзяцей.
Урад Украіны выдзеліў больш за два мільёны еўра на аднаўленне дзіцячай бальніцы
Урад Украіны выдзеліў з рэзервовага фонду дзяржаўнага бюджэту 100 мільёнаў грыўняў на першачарговыя аднаўленчыя работы ў дзіцячай бальніцы «Ахмацдзет» у Кіеве, пашкоджанай у выніку трапляння расійскай ракеты.
Пра гэта 9 ліпеня паведаміў прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль. «Далей будзем павялічваць фінансаванне па меры таго, як будзе падрыхтаваны праект аднаўлення», — заявіў Шмыгаль. Ён дадаў, што на аднаўленне бальніцы таксама накіруюць 100 мільёнаў грыўняў, сабраныя на карысць «Ахмацдзет» праз платформу United24.
ААН: у бальніцу ў Кіеве з «высокай верагоднасцю» трапіла расійская ракета, а не супрацьракета
ААН заявіла, што існуе высокая верагоднасць таго, што расійскія войскі нанеслі ўдар па дзіцячай бальніцы «Ахмацдзет» у Кіеве ў панядзелак, разбурыўшы значную частку будынка.
Маніторынгавая місія ААН заявіла, што відэазапісы і ацэнка мясцовасці паказваюць на тое, што ў лякарню трапіла расійская ракета, а не супрацьракета ўкраінскай СПА, як сцвярджаюць расійскія ўлады.
Пра гэта заявіла кіраўнік маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека Даніэль Бэл.
У ААН назвалі абстрэл дзіцячай бальніцы ў Кіеве адной з самых абуральных расійскіх атак з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.
Украіна заклікала МАГАТЭ склікаць экстранную нараду праз расійскі ўдар па бальніцы «Ахмацдзет»
Міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка заклікаў кіраўніцтва Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) склікаць экстранную нараду ў сувязі з расійскім ракетным абстрэлам дзіцячай бальніцы «Ахмацдзет» у Кіеве 8 ліпеня, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на старонку Мінэнерга Украіны ў Facebook.
Галушчанка ад імя Украіны афіцыйна звярнуўся да старшыні савета кіраўнікоў МАГАТЭ Хольгера Федэрыка Марцінсена і заклікаў агенцтва склікаць пасяджэнне рады.
«Ракетна-тэрарыстычная атака Расіі не толькі ставіць пад пагрозу жыццё людзей, але і з'яўляецца недапушчальным парушэннем асноўных прынцыпаў і каштоўнасцяў МАГАТЭ, падрываючы саму аснову міжнароднай ядзернай бяспекі. Ад імя Украіны я прашу правесці пасяджэнне Кіраўнічай рады па сітуацыі ва Украіне ў сувязі з дзёрзкім нападам Расіі на дзіцячую бальніцу ў Кіеве», — сказаў міністр.
У ведамстве адзначылі, што Украіна шырока выкарыстоўвае механізмы тэхнічнага супрацоўніцтва з МАГАТЭ, атрымліваючы абсталяванне, кансультатыўную і тэхнічную дапамогу праз Фонд тэхнічнага супрацоўніцтва.
«Ахмацдзет» атрымлівае тэхнічную дапамогу ад МАГАТЭ ў рамках праграмы тэхнічнага супрацоўніцтва для важных праектаў у некалькіх галінах: радыяцыйная анкалогія, ядзерная медыцына, дыягнастычная радыялогія.
СБУ атрымала доказы, якія пацвярджаюць, што па «Ахмацдзет» ударыла расійская крылатая ракета Х-101
У прыватнасці, на месцы ўдару выяўленыя абломкі гэтай ракеты, уключаючы рухавік. Высновы экспертаў адназначныя — гэта быў мэтанакіраваны ўдар РФ, падкрэслілі ў Службе бяспекі Украіны.
Пра гэта сведчаць не толькі абломкі ракеты, знойдзеныя на месцы ўдару, але і аналіз даных траекторыі палёту, характар пашкоджанняў, а таксама вялікая колькасць відэа- і фотаматэрыялаў.
У прыватнасці, пацвярджаюць мэтанакіраваны ракетны ўдар РФ:
- Характар разбурэнняў (цалкам знішчаны двухпавярховы корпус бальніцы, суседнія будынкі маюць значныя пашкоджанні), уласцівы менавіта для баявой часткі Х-101 (400 кг). Разбурэнні ні ў якім разе не маглі быць выкліканыя ЗРК NASAMS, баявыя часткі ракет да якой прыкладна ў 20 разоў менш магутныя.
- Прапорцыі, форма і памеры ракеты, зафіксаванай на наяўных у адкрытым доступе відэа, цалкам адпавядаюць ракеце Х-101, і не характэрныя для ЗРК, у тым ліку NASAMS.
- Траекторыя палёту ракеты цалкам адпавядае характарыстыках Х-101 (набор вышыні, або «горка», перад атакай цэлі і атака прыкладна пад вуглом 60 градусаў).
- Нанясенне ўдару па дзіцячай бальніцы «Ахмацдзет» менавіта ракетай Х-101 зафіксавана матэрыяламі аб'ектыўнага кантролю з дапамогай радараў.
Глядзіце таксама
Навіны вайны
У Харкаўскай вобласці за мінулыя суткі адзін чалавек пацярпеў у вёсцы Ліпцы Харкаўскага раёна ў выніку расійскага абстрэлу з БПЛА, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.
У Данецкай вобласці за 8 ліпеня ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі чатыры чалавекі: трое ў Пакроўску і адзін у Тарэцку. Яшчэ дзесяць чалавек у вобласці за суткі атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Вадзім Філашкін.
Увечары і раніцай расіяне абстрэльвалі Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці, адзін чалавек пацярпеў, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак.
У Херсоне каля ракі параненыя два чалавекі, якіх расійскае войска атакавала з беспілотніка.
У Запарожскай вобласці тры чалавекі параненыя за мінулыя суткі ў выніку расійскіх нападаў па Васільеўскім і Запарожскім раёнах, паведаміў кіраўнік АВА Іван Фёдараў.
Уначы расіяне атакавалі балістычнай ракетай Баштанскі раён Мікалаеўскай вобласці — пашкоджаная маёмасць сельскагаспадарчага прадпрыемства, параненыя двое работнікаў, паведаміў кіраўнік АВА Віталь Кім. Акрамя таго, днём 8 ліпеня ў Вазнясенскім раёне ў выніку трапляння варожай балістычнай ракеты на тэрыторыі фермерскай гаспадаркі ўзнік пажар сухой травы, які пасля перакінуўся на жылыя дамы. Пацярпелі два чалавекі, сярод іх пяцігадовае дзіця.
Украінскі Генштаб агучыў прыкладныя страты РФ на раніцу 9 ліпеня:
асабовага складу — каля 553 410 (+1220 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 8178 (+7), баявых браніраваных машын — 15 704 (+19), артылерыйскіх сістэм — 15 015 (+49), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 11 922 (+29), крылатых ракет — 2389 (+36), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў— 20 212 (+62), спецыяльнай тэхнікі — 2516 (+13).
- Мінабароны РФ заявіла, што ўначы былі збітыя украінскіх 38 БПЛА, з іх 21 — над Растоўскай вобласцю, сем — над Курскай, пяць — над Астраханскай, тры — над Белгародскай, два — над Варонежскай.
- Уначы ўкраінскія беспілотнікі атакавалі нафтабазу ў горадзе Калач-на-Доне Валгаградскай вобласці, пажар доўга не могуць патушыць, пішуць расійскія СМІ. Са слоў губернатара Андрэя Бачарова, гэтай ноччу былі атакаваныя два аб'екты — нафтабаза і электрападстанцыя. Атака сіламі СПА нібыта была «спыненая», але ў выніку падзення абломкаў абодва аб'екты загарэліся. У пасёлку Генеральскае Растоўскай вобласці ў выніку атакі беспілотніка таксама гарэла падстанцыя. Губернатар Васіль Голубеў заявіў, што ў Растоўскай вобласці СПА РФ пацэлілі ў «некалькі дзясяткаў мэтаў».
- Таксама ноччу быў нанесены ўдар па Белгараду, губернатар Вячаслаў Гладкоў паведаміў аб адным загінулым і чатырох пацярпелых. Паблікі пішуць, што ўдар быў нанесены ў раёне бальніцы, пераабсталяванай у ваенны шпіталь. Раней кадры з будынка лякарні, перапоўненай вайскоўцамі, публікавалі z-актывісты.
Глядзіце таксама
Уваходжанне Украіны ў NATO — незваротнае
У папярэднім праекце супольнага камюніке чальцоў NATO паводле вынікаў саміту ў Вашынгтоне шлях Украіны ў Альянс названы «незваротным», паведамляе CNN са спасылкай на крыніцы. Паводле інфармацыі выдання, пытанне аб тым, наколькі цвёрдыя гарантыі варта даць Украіне ў пытанні яе сяброўства ў NATO, стала ключавым прадметам абмеркаванняў паміж 32 чальцамі Альянсу напярэдадні саміту.
Амерыканскі чыноўнік распавёў, што Белы дом падтрымлівае выкарыстанне слова «незваротны» ў выніковым камюніке пры ўмове, што ў дакуменце таксама будзе пацверджана, што праца Кіева над дэмакратычнымі рэформамі будзе працягнутая. Праект яшчэ можа змяніцца, але наяўнасць фармулёўкі аб «незваротнасці» (англ. irreversible) павінна стаць значным сігналам для Кіева і Масквы, адзначае выданне.
Таксама крыніцы распавялі, што многія еўрапейскія краіны настойвалі на неабходнасці моцных фармулёвак магчымай будучыні Украіны ў Альянсе, але ЗША і Германія прапанавалі апісаць «мост» да сяброўства Украіны.
Амбасадарка ЗША пры NATO Джуліяна Сміт анансавала «станоўчыя навіны» наконт супрацьпаветранай абароны для Украіны падчас саміту альянсу: «Будуць свежыя навіны аб спа. Украінцы ў красавіку папрасілі ў NATO сем сістэм Patriot. І ў нас ёсць вельмі станоўчы адказ на гэты конт, які паступіць у найбліжэйшыя дні».