Bloomberg: Расійскія мільярдэры асцерагаюцца «раскулачвання», і інтэнсіўна выводзяць капіталы за мяжу
Украінскія «дальнабойныя санкцыі» могуць стаць вырашальным фактарам, які прымусіць Крэмль пагадзіцца на сапраўдныя мірныя перамовы. А адрэзаны ад Расіі Крым толькі ўзмоцніць пазіцыю Украіны. Расійскія алігархі нешта такое прадчуваюць, і выводзяць грошы з РФ. Ідуць 1605-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Калаж з 24tv.ua
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 249 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 37 штурмаў расіян у раёнах Дарожнага, Грышына, Новападгароднага, Радзінскага, Васільеўка, Котліна і ў бок Вольнага, Новыага Данбасу, Мірнага, Сяргееўкі, Кучарава Яру.
На Славянскім кірунку расійцы штурмавалі 23 разы ў бок Крывой Лукі, Рай-Аляксандраўкі, Піскуноўкі, Мікалаеўкі, у раёнах Рэзнікоўкі і Закітнага.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейснілі 20 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Іванаполля, Сцяпанаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку войскі РФ 19 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў раёне Старыцы і ў бок Ізбіцкага, Куцькіўкі, Хатняга, Казачай Лапані, Гоптаўкі, Радзькоўкі і іншых.
На Гуляйпільскім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак у бок Верхняй Тэрсы, Цвятковага, Чароўнага, Горкага і Уздвіжаўкі.
На Ліманскім і Арэхаўскім кірунках зафіксавана па 10 боесутыкненняў на кожным.
* * *
З вечара 16 ліпеня расіяне атакавалі Украіну 1 супрацьрадыёлакацыйнай ракетай Х-31П, 7 кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59/69 і 130 беспілотнікамі розных тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 5 кіраваных авіяцыйных ракет Х-59/69 і 115 БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і дронаў іншых тыпаў.
Вечарам 16 ліпеня расійскія войскі абстралялі ракетамі Адэсу — загінулі два чалавекі, ёсць пацярпелыя.
Расійскія войскі больш за дзесяць разоў абстралялі Дняпро і Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці, прымяніўшы артылерыю і беспілотнікі. У выніку атак пашкоджаны прыватнае прадпрыемства, аддзяленне пошты і аўтазаправачная станцыя.
Расійскія войскі ў ноч на 17 ліпеня скінулі на Сумы пяць кіраваных касетных авіябомбаў. У адным з эпіцэнтраў удару пашкоджаны нежылы шматпавярховы будынак. Інфармацыя аб пацярпелых і маштабах наступстваў удакладняецца.
* * *
* * *
Расія губляе кантроль над Крымам, піша The Economist. Украіна ўзмацніла атакі на стратэгічныя аб’екты паўвострава, такія як электрападстанцыі, масты, нафтасховішчы і аэрадромы. Беспілотнікі блакіруюць дарогі, чыгуначныя маршруты і водныя шляхі, якія звязваюць Крым з Расіяй.
Па даных ACLED — арганізацыі, якая адсочвае канфлікты, з 2022 года было здзейснена 692 атакі на Крым, больш за палову з якіх прыпала на апошнія 12 месяцаў. З чэрвеня было зафіксавана пятую частку гэтых атак. Толькі ў чэрвені ACLED зафіксавала больш за 100 рэйдаў углыб тэрыторыі Расіі, што стала самым высокім месячным паказчыкам. У той жа час расійскія ўлады паведамілі, што 13 ліпеня перахапілі 926 дронаў, але відэадоказы сведчаць аб частковым пранікненні.
Поўная ізаляцыя Крыма магла б даць Украіне перавагу на будучых перамовах, адзначае выданне.
* * *
Законапраект аб узмацненні санкцый супраць Расіі, які прасоўваў нябожчык сенатар Ліндсі Грэм, падтрымліваюць ужо як мінімум 61 сенатар ЗША. Гэтага дастаткова для яго прыняцця ў Сенаце, паведамляе Axios.
Пасля смерці Грэма законапраект прасоўвае дэмакрат Рычард Блюменталь. Калі яго ўхваліць Сенат, дакумент яшчэ павінен атрымаць падтрымку Палаты прадстаўнікоў.
Законапраект дазваляе прэзідэнту ЗША ўводзіць 100% другасныя пошліны ў дачыненні да пяці найбуйнейшых пакупнікоў расійскай нафты і газу. У першую чаргу размова ідзе пра Кітай і Індыю, якія працягваюць закупляць расійскія энергарэсурсы, а таксама супраць расійскага «ценявога флоту».
Па даных Axios, кіраўніцтва рэспубліканцаў у Сенаце пачало працэдуру праверкі наяўнасці пярэчанняў па вынясенні законапраекта на разгляд палаты, імкнучыся паскорыць яго прасоўванне.
Раней Трамп заявіў, што законапраект аб санкцыях супраць РФ, распрацаваны сенатарамі Ліндсі Грэмам і Рычардам Блюменталем, будзе прыняты і ён яго падпіша ў гонар Грэма.
* * *
Паспяховыя ўдары Украіны па ваенных і стратэгічных аб’ектах Расіі могуць стаць вырашальным фактарам, які прымусіць Крэмль пагадзіцца на сапраўдныя мірныя перамовы, заявіў Euronews еўрапейскі камісар па пытаннях абароны Андрус Кубілюс.
Еўракамісар высока ацаніў вынікі глыбокіх удараў УСУ па тэрыторыі РФ, адзначыўшы, што яны істотна змянілі сітуацыю. «Уражвае тое, чаго Украіне ўдалося дасягнуць за апошнія паўгода дзякуючы глыбокім ударам», — сказаў Кубілюс.
Па яго меркаванні, такія дзеянні павінны прадэманстраваць кіраўніцтву Расіі, што дасягнуць пастаўленых на пачатку вайны мэт ужо не ўдасца.
«Такое развіццё падзей павінна быць выразным аргументам для Пуціна і яго атачэння, што ён не здольны дасягнуць ніякага значнага прагрэсу ў сваіх ваенных мэтах, і менавіта тады павінны пачацца сапраўдныя перамовы аб справядлівым міры», — лічыць Кубілюс.
* * *
Расійскія мільярдэры пачалі інтэнсіўна выводзіць капіталы за мяжу, асцерагаючыся страціць актывы ўнутры краіны, піша Bloomberg.
Як паведамляе выданне са спасылкай на заможных расіян і крыніцы, знаёмыя з іх інвестыцыйнымі рашэннямі, за апошні год гэты працэс прыкметна паскорыўся, а ў апошнія месяцы набыў яшчэ большы маштаб. Уладальнікі буйных станаў пераразмяркоўваюць капіталы на карысць крыптавалют, золата, замежнай нерухомасці і прыватных інвестыцыйных фондаў, перш за ўсё ў краінах Персідскага заліва.
Па ацэнках суразмоўцаў Bloomberg, толькі з пачатку 2026 года з Расіі неафіцыйна маглі вывесці дзясяткі мільярдаў долараў. Значная частка такіх аперацый праходзіць праз крыптавалюты і іншыя інструменты, якія не адлюстроўваюцца ў афіцыйнай статыстыцы.
Адной з галоўных прычын называюць асцярогі, што расійскія ўлады могуць канфіскаваць маёмасць ці ўзмацніць ціск на ўладальнікаў буйнога бізнесу. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны многія прадпрымальнікі вярнулі актывы ў Расію з-за заходніх санкцый, аднак цяпер сутыкнуліся з новымі рызыкамі ўжо ўнутры краіны.
Турботу сярод прадстаўнікоў бізнесу выклікала закрытая сустрэча Уладзіміра Пуціна з буйнымі прадпрымальнікамі, якая адбылася ў сакавіку. Тады мільярдэр Сулейман Керымаў прапанаваў бізнесу зрабіць буйны ўклад на карысць дзяржавы, а Пуцін падтрымаў гэту ініцыятыву.
Адначасова расійская Генпракуратура паведаміла, што толькі за мінулы год дабілася перадачы дзяржаве актываў больш чым на 4 трлн рублёў. Сярод тых, хто пазбавіўся ўласнасці, апынуліся заснавальнік аграхолдынгa «Русагра» Вадзім Машковіч, былы ўладальнік аэрапорта Дамадзедава Дзмітрый Каменшчык і Канстанцін Струкаў, які кантраляваў адну з найбуйнейшых золатаздабыўных кампаній краіны.
Па даных агенцтва, адным з галоўных кірункаў для вываду капіталу застаюцца Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.