Херсонскай вобласці пагражае экалагічная катастрофа з-за акупацыі

На тое, каб пазбегнуць экалагічнай катастрофы ў Херсонскай вобласці, засталося два дні.

kury.jpg

Пра гэта дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка паведаміў Радыё Св*бода

«Побач з Херсонам, у Чарнабаеўцы, гэта фактычна раён Херсону, знаходзіцца самая вялікая птушкафабрыка ў Еўропе, яна належыць Ukrlandfarming, гэтая птушкафабрыка вырабляе яйкі. Зараз налічваецца 3 мільёны курэй. На гэты момант фабрыка абясточаная і не можа пастаўляць кармы. Калі так працягнецца яшчэ пару дзён, пачнецца чума птушак. І ў гэтым выпадку распарадзіцца імі нерэальна. Паводле санітарных нормаў, проста так закопваць у зямлю нельга. Забойны цэнтр не можа працаваць, бо ўсё без электрычнасці. А з такой колькасцю птушак за такі кароткі прамежак часу ён не справіцца. Утылізацыя немагчымая без вывазу. Што гэта, калі загінуць тры мільёны птушак — пачне гніць, пачнуцца рэчы, звязаныя з хваробамі і гэтак далей. Фактычна ў непасрэднай блізкасці ад Херсону праз дзеянні акупантаў мы можам аказацца ў глабальнай экалагічнай катастрофе, калі ад забруджвання паветра на зямлі пачнуць развівацца самыя розныя хваробы, звязаныя з гніеннем жывёлаў», — сказаў Вадзім Дзенісенка.

Спальваць, зазначае ён, таксама немагчыма, бо для гэтага патрэбныя спецыяльныя печы і спецыяльныя ветэрынарныя заводы: «Каб пазбегнуць катастрофы, па-першае, трэба аднавіць электрычнасць, дамовіцца аб дастаўцы кармоў. І магчымасць экспарту і рэалізацыі прадукцыі ніхто, вядома, не будзе рабіць сабе ў страту. Таму сітуацыя амаль тупіковая. Расійскай арміі ніхто дарыць яйкі не будзе».

Дзенісенка паведаміў, што гаспадар фабрыкі праінфармаваў аб становішчы МУС.

У сувязі з наступам расійскай арміі, як паведаміў 2 сакавіка праекту «Прыазоўскія навіны» (Радыё Свобода) намеснік старшыні Херсонскай абласной адміністрацыі Мікалай Якіменка, Херсонская вобласць працягвае знаходзіцца ў складанай сітуацыі. Таксама 2 сакавіка кіраўнік Херсонскай АГА Генадзь Лагута заявіў, што ўлады спрабуюць арганізаваць «зялёны калідор» для дастаўкі гуманітарнай дапамогі ў Херсонскую вобласць.

«Нас акружае вораг, сітуацыя крытычная, таму пытанне забеспячэння рэгіёну прадуктамі і медыкаментамі патрабуе часу. Таксама неабходна вырашыць пытанне аб эвакуацыі насельніцтва», — сказаў Лагута.

Увечары 2 сакавіка мэр Херсону Ігар Калыхаеў паведаміў, што ў гарвыканкаме былі «ўзброеныя наведвальнікі». Пасля размовы з імі з’явіўся спіс умоў, на якіх цяпер павінен жыць горад.