Хто з «азоўцаў» паранены, а хто памёр — не паведамілі. РФ апублікавала спісы ахвяр выбуху ў Аленаўцы

Мінабароны Расіі нарэшце апублікавала імёны 73 украінскіх палонных вайскоўцаў, што сталі ахвярамі выбуху ў калоніі, аднак не ўдакладніла, хто з іх загінуў, а хто паранены.

Наступствы выбуху ў калоніі 

Наступствы выбуху ў калоніі 

Мінабароны Расіі нарэшце апублікавала імёны 73 украінскіх палонных вайскоўцаў, што сталі ахвярамі выбуху ў калоніі, аднак не ўдакладніла, хто з іх загінуў, а хто паранены.

Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі запатрабаваў ад расійскіх уладаў неадкладна апрылюдніць спісы загінулых і параненых украінскіх абаронцаў у выніку тэракту ў Аленаўцы Данецкай вобласці. Сёння ж, 30 ліпеня, Мінабароны РФ апублікавала спісы пацярпелых, аднак там не пазначана, ці загінулыя гэта, ці параненыя.

Колькасць ахвяр да гэтага часу не зразумелая. Але ўчора прагучала, што загінулі 47 чалавек, 75 былі параненыя, у тым ліку восем ахоўнікаў. Цяпер з'явіўся спіс ахвяраў з імёнамі 73 украінскіх палонных вайскоўцаў.

29 ліпеня штаб звярнуўся да прадстаўнікоў РФ з патрабаваннем даць спісы ўсіх загінулых і параненых у выніку тэракту. «Усе параненыя павінны атрымаць належную медыцынскую дапамогу, а целы загінулых воінаў павінны быць вернутыя для належнага пахавання», — гаворыцца ў паведамленні.

Штаб таксама заклікаў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і ААН, якія выступалі гарантамі захавання жыцця і здароўя ўкраінскіх ваеннапалонных, неадкладна ініцыяваць міжнароднае расследаванне злачынства і дамагацца пакарання ўсіх датычных. Адзначаецца таксама неабходнасць правядзення міжнароднай інспекцыі па праверцы ўмоў утрымання ўкраінскіх ваеннапалонных.

«Злачынства, якое адбылося ў Аленаўцы, груба парушае міжнароднае права, нацыянальныя заканадаўства і нормы чалавечай маралі. Пакаранне для ўсіх датычных да планавання і здзяйснення тэракту павінна быць самым строгім і няўхільным», — заявілі ў штабе.

ААН паведаміла, што гатовая накіраваць групу экспертаў для расследавання абстрэлу ці выбуху ў СІЗА, дзе трымалі палонных «азоўцаў». Пра гэта заявіў намеснік афіцыйнага прадстаўніка генеральнага сакратара Сусветнай арганізацыі Фархан Хак.


Нагадаем, як пісаў НЧ, учора раніцай, 29 ліпеня, па СІЗА, дзе трымалі палонных украінскіх вайскоўцаў, у тым ліку з палка «Азоў», прыцэльна страляла артылерыя. Генштаб Украіны выступіў з заявай, што РФ так замятае сляды злачынстваў: «Узброеныя Сілы РФ здзейснілі прыцэльны наўмысны артылерыйскі абстрэл папраўчай установы ў населеным пункце Аленаўка Данецкай вобласці, дзе ўтрымліваліся ў тым ліку і ўкраінскія палонныя. Расійскія акупанты пераследавалі, такім чынам, свае злачынныя мэты — абвінаваціць Украіну ў здзяйсненні “ваенных злачынстваў”, а таксама схаваць катаванні над палоннымі і расстрэлы, якія ўчыніліся там па загадах акупацыйнай адміністрацыі і камандавання РФ на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці».

Пазней прагучала версія, што насамрэч абстрэлу не было. А ў барак са зняволенымі папросту загадзя заклалі выбухоўку.

Паводле korrespondent.net