Абстрэлу калоніі Аленаўцы не было? РФ папросту заклала выбухоўку ў будынак?
Служба бяспекі Украіны апублікавала аўдыязапіс размовы пра ўдар па калоніі ў Аленаўцы. Мяркуючы па размовах баевікоў, расіяне маглі зладзіць пагібель вязняў выбухоўкай, якую яны размясцілі ў памяшканні калоніі.
![alenauka.jpg alenauka.jpg](/img/v1/images/alenauka.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прэс-служба СБУ паведамляе, што нават баевікі ДНР не вераць у хлусню расійскай прапаганды аб тым, што "абстрэл" папраўчай установы ў Аленаўцы ажыццявіла Украіна.
Прычым адзначаецца, што такіх аўдыёперахопаў у распараджэнні СБУ некалькі — усе яны стануць доказамі ў крымінальнай вытворчасці. Украінская спецслужба ўжо адкрыла справы па 438-м артыкуле Крымінальнага кодэкса (парушэнне законаў і звычаяў вайны). Цяпер уся інфармацыя даследуецца следчымі СБУ.
СБУ апублікавала аўдыязапіс, на якім двое мужчын абмяркоўваюць удар па калоніі з ваеннапалонным у Аленаўцы — размова нібыта вядзецца паміж баевікамі ДНР, "якія самі пацвярджаюць, што менавіта расійскія акупанты вінаватыя ў гэтай трагедыі".
Адзін з іх сцвярджае, што ў будынак калоніі было загадзя закладзенае выбуховае прыстасаванне.
"Вокны не павыляталі нідзе, характэрнага прылёту снарада, свісту не было, — кажа адзін з мужчын. — Гэта значыць, адбываліся тут выбухі. Вельмі шмат: 200–300. Ну і наогул, гэта ўсё спецыяльна падстроена".
![Першы камандзір «Азова» абвясціў паляванне на ўсіх, датычных да масавага забойства палонных Першы камандзір «Азова» абвясціў паляванне на ўсіх, датычных да масавага забойства палонных](/img/v1/images/3addda5d_f10510781ae6968af299e393a55bfdaf.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Дарадца прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч цытуе словы пажарных экспертаў, якія вывучылі расійскае відэа. Яны сцвярджаюць, што абгарэлыя целы, якія бачныя на апублікаваных кадрах, у выпадку ракетнага ўдару былі б раскіданыя, і выключаюць версію падпалу калоніі пасля масавага забойства.
Украінскі бок звяртае ўвагу, што, мяркуючы па наяўных у сеціве відэа, у асобных памяшканнях калоніі цалкам ацалелі вокны. Гэта сведчыць аб тым, што эпіцэнтр выбуху знаходзіўся ўнутры знішчанага будынка, а яго сцены "пагасілі" выбуховыя хвалі і збераглі суседнія памяшканні.
Таксама папярэдні аналіз відэа сведчыць, што такія сляды ад выбуху на сценах найбольш верагодна маглі застацца менавіта з-за "ўнутранай крыніцы" выбуху.
Варта згадаць, што Мінабароны Расіі сцвярджае: калонію ў Аленаўцы абстралялі ўкраінскія вайскоўцы.
Генштаб УСУ і іншыя афіцыйныя асобы Кіева заявілі, што калонію абстралялі расійскія войскі, каб абвінаваціць Украіну ў ваенных злачынствах.
Паводле ВВС, korrespondent.net