Кіеў заклікаў свет прызнаць Расію дзяржавай-тэрарысткай пасля масавага забойства палонных украінцаў

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заклікаў міжнародных партнёраў прызнаць Расію дзяржавай-тэрарысткай.

1_42_1.jpg


«Расійцы ўчынілі яшчэ адно жахлівае ваеннае злачынства, абстраляўшы папраўчую калонію ў акупаванай Аленаўцы, дзе яны трымалі ўкраінскіх ваеннапалонных. Заклікаю ўсіх партнёраў жорстка асудзіць гэтае брутальнае парушэнне міжнароднага гуманітарнага права і прызнаць Расійскую Федэрацыю дзяржавай-тэрарысткай», — напісаў Кулеба на сваёй старонцы ў Twitter.

Нагадаем, 29 ліпеня Міністэрства абароны Расіі і самаабвешчаныя ўлады гэтак званай «ДНР» абвінавацілі Украіну ў абстрэле з амерыканскіх ракетных установак HIMARS калоніі ў акупаванай Аленаўцы Данецкай вобласці, у якой знаходзіліся палонныя ўкраінскія вайскоўцы.

Паводле расійскіх СМІ, загінулі 53 палонныя, яшчэ 75 атрымалі раненні.

Украінскі бок зняпраўдзіў сваю датычнасць да абстрэлу калоніі і назваў масавую гібель украінскіх палонных наўмыснай расійскай правакацыяй, каб прыхаваць катаванні і забойствы зняволеных украінцаў.

Афіцыйны Кіеў заклікаў расследаваць факт абстрэлу ў межах міжнародных следчых груп.

Служба бяспекі Украіны апублікавала аўдыязапіс размовы пра ўдар па калоніі ў Аленаўцы. Мяркуючы па размовах баевікоў, расіяне маглі зладзіць пагібель вязняў выбухоўкай, якую яны размясцілі ў памяшканні калоніі.

Першы камандзір палка «Азоў» Андрэй Бялецкі пацвердзіў забойства часткі палонных абаронцаў Марыупаля, заявіў пра загадзя спланаваны акт і абвясціў «паляванне на кожнага датычнага да масавага забойства».