Шмат забітых і параненых. Хто страляў па калоніі, дзе трымалі палонных з «Азова»?

Па калоніі, дзе трымалі і палонных з «Азова», прыцэльна страляла артылерыя. Цяпер там шмат забітых і параненых. Генштаб Украіны кажа, што РФ так замятае сляды злачынстваў.

de87ed8_screenshot_260.jpg

Хто страляў па калоніі з вязнямі? Расія, каб замесці сляды расстрэлаў і ваенных злачынстваў? Ці Украіна — нібыта каб забіць палонных, якія "распачалі сведчыць", як заяўляе РФ?

Украінскія сацсеткі і СМІ, а затым і Генштаб абвінавацілі Расію ў тым, што яна наўмысна прыцэльна страляла па калоніі ў Аленаўцы, каб замесці сляды. 

Сёння раніцай Расія заявіла, што ўкраінская армія страляла па бараках, дзе ўтрымліваюцца палонныя ўкраінскія вайскоўцы, нібыта каб забіць палонных, якія "распачалі сведчыць".

Так, аб абстрэле калоніі ў Аленаўцы Данецкай вобласці, дзе ўтрымліваюцца ўкраінскія палонныя, заявіла раніцай 29 ліпеня  РІА Новости. Паведамляецца, што колькасць забітых узрасла да 53, яшчэ 75 атрымалі раненні, агенцтва ТАСС казала раней пра 40 загінулых і 130 параненых.

На гэта спачатку “Украінская праўда”, спасылаючыся на свае крыніцы ў выведцы і праваахоўных органах, паведаміла, што ўдар па калоніі нанесены расійскімі войскамі. Крыніцы выдання ў выведцы паведамілі, што зафіксаваныя артылерыйскія ўдары расіян, іншая крыніца паведаміла, што перад тым украінскіх палонных перавялі менавіта ў той барак, які быў абстраляны 29 ліпеня.

"Гэта быў барак, у якім знаходзіліся байцы "Азова", іх перавялі ў яго за некалькі дзён да абстрэлу, мы яшчэ не маглі зразумець, чаму", — паведаміў суразмоўца журналістам

Дарадца Марыупальскага гарадскога галавы Пётр Андрушчанка, каментуючы паведамленні на гэтую тэму, падкрэсліў, што гібель украінскіх палонных — гэта знішчэнне акупантамі доказаў ваенных злачынстваў: "Чарговая расійская хлусня. Пакуль няма дакладнай інфармацыі, але лінія фронту не дазваляе нанесці артудар па Аленаўцы нічым... улічваючы паказанні палонных і вызваленых з фільтрацыйнай турмы ў Яленаўцы аб катаваннях і пакараннях смерцю расіянамі нашых украінцаў, пасля ўчорашняга відэа аб катаваннях і забойстве ўкраінскага палоннага, гэта можа быць толькі адно — чарговае знішчэнне доказаў ваенных злачынстваў. Бесчалавечнасці ў расіян на гэта хопіць", — напісаў дарадца мэра.

Андрушчанка нагадаў, што ў гэтых турмах, магчыма, утрымліваюцца не толькі абаронцы Марыупаля, але і не менш за 10 тысяч цывільных марыупальцаў, арыштаваных пры праходжанні фільтрацыі.

Пазней і украінскі Генштаб выступіў з заявай пра датычнасць да абстрэлаў РФ. "Узброеныя Сілы РФ здзейснілі прыцэльны наўмысны артылерыйскі абстрэл папраўчай установы ў населеным пункце Аленаўка Данецкай вобласці, дзе ўтрымліваліся ў тым ліку і ўкраінскія палонныя. Расійскія акупанты пераследавалі, такім чынам, свае злачынныя мэты — абвінаваціць Украіну ў здзяйсненні “ваенных злачынстваў”, а таксама схаваць катаванні над палоннымі і расстрэлы, якія ўчыніліся там па загадах акупацыйнай адміністрацыі і камандавання РФ на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці", — гаворыцца ў паведамленні Генштаба.

Паводле www.pravda.com.ua, korrespondent.net