Лаўроў пацвердзіў пачатак наступнай фазы ваеннага ўварвання ва Украіну

Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў пацвердзіў пачатак наступнай стадыі расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну.

1648559367_7114_1.jpg


«Пачынаецца наступная стадыя гэтай аперацыі, і я ўпэўнены, што гэта вельмі важны момант для ўсёй спецаперацыі», — сказаў Лаўроў у інтэрв'ю тэлеканалу India Today, перадае АФН.

Кіраўнік МЗС РФ таксама пацвердзіў, што Расія будзе працягваць ваеннае ўварванне ва Украіну, якая будзе накіравана на «поўнае вызваленне» Данецкай і Луганскай «народных рэспублік».

«Яна нацэлена толькі на ваенныя аб'екты, не на грамадзянскія», — сказаў Лаўроў.

Раніцай 19 красавіка Мінабароны Расіі паведаміла, што цягам ночы ракетныя войскі і артылерыя сухапутных войскаў нанеслі ўдары па 1260 вайсковых аб'ектах Узброеных Сіл Украіны. Высокадакладнымі ракетамі паветранага базавання былі падаўлены 13 апорных пунктаў падраздзяленняў украінскіх войскаў.

Пра пачатак новай фазы вайны ва Украіне заявіў і ўкраінскі бок. Паведамлялася, што расійцы актывізаваліся на тэрыторыі Данецкай, Луганскай і Харкаўскай абласцей. Яны спрабуюць прарваць абарону ўкраінскіх войскаў.

Між тым, замежныя аналітыкі сумняюцца ў пачатку поўнамаштабнай актыўнай фазы вайны ў Данбасе.