Папа Рымскі Францішак: Бог не падтрымлівае вайну

Папа Рымскі Францішак знаходзіцца з візітам у Казахстане. Падчас свайго выступлення, пішуць СМІ, ён раскрытыкаваў Патрыярха Кірыла за яго падтрымку вайны ва Украіне.

Папа Рымскі Францішак. Фота: «VaticanNews»

Папа Рымскі Францішак. Фота: «VaticanNews»


Папа Рымскі Францішак падчас свайго візіту ў Казахстан заявіў, што Бог не вядзе рэлігіі да вайны. Як піша агенцтва «Reuters», такім чынам кіраўнік Каталіцкага касцёла крытыкуе Патрыярха РПЦ Кірыла, які падтрымлівае ўварванне ва Украіну. Сам Кірыл праігнараваў з'езд рэлігійных лідараў, на якім сабраліся хрысціяне, іудзеі, мусульмане, будысты, індуісты і прадстаўнікі іншых канфесій.
«Бог ёсць мір, — сказаў Францішак. — Ён заўсёды вядзе нас па шляху міру, а не вайны». 
Кіраўнік Касцёла яшчэ раз заклікаў да мірнага вырашэння канфліктаў:
«Давайце возьмем на сябе абавязацельствы яшчэ больш настойваць на неабходнасці вырашэння канфліктаў не сілай, зброяй і пагрозамі, а адзінымі сродкамі, блаславёнымі небам і годнымі чалавека: сустрэчамі, дыялогам і цярплівымі перамовамі», — сказаў ён.


Раней Папа Рымскі заяўляў, што Кірыл не можа быць «служкам пры прэзідэнце Расіі Уладзіміры Пуціну». Гэты свой тэзіс ён паўтарыў і падчас сённяшняга выступлення: «Святое ніколі не павінна служыць уладзе, як і ўлада не можа служыць святому!»
Напрыканцы імшы Францішак узгадаў Украіну і спытаў, «колькі смерцяў яшчэ трэба», каб узброены канфлікт саступіў месца дыялогу. Ён таксама выказаў занепакоенасць у сувязі з абвастрэннем адносін паміж Арменіяй і Азербайджанам.


Нагадаем, Ватыкан выступіў супраць пазіцыі Патрыярха Кірыла і РПЦ адносна нападу Расіі на Украіну. Некаторыя філіі РПЦ у іншых краінах разарвалі сувязі з Масквой.