Папа Рымскі Францішак: Трэцяя сусветная вайна ўжо абвешчаная

Папа Рымскі Францішак назваў жахлівым тое, што Расія ва Украіне выкарыстоўвае наймітаў. Таксама ён адзначыў гераізм украінскага народа ў жорсткай вайне.

papa_1406.jpg


«Тое, што мы бачым, — гэта жорсткасць і лютасць, з якой гэтая вайна вядзецца войскамі, у асноўным наёмнымі, якія выкарыстоўваюць расійцы. А рускія ў рэчаіснасці аддаюць перавагу пасылаць наперад чачэнцаў, сірыйцаў, наймітаў. Але небяспека ў тым, што мы бачым толькі гэта, што вядома жахліва, але не бачым усёй драмы, якая разгортваецца за гэтай вайной, якая, можа быць, была чымсьці альбо справакаваная, альбо не папярэджаная. І я не магу не адзначыць выпрабаванні і гандаль зброяй. Гэта вельмі сумна, але ў гэтым і ўся сутнасць», — перадае ВВС словы пантыфіка.

«Я б вельмі хацеў падкрэсліць гэты момант: гераізм украінскага народа. Тое, што мы бачым цяпер — сітуацыя сусветнай вайны, глабальных інтарэсаў, гандлю зброяй і геапалітычнай апрапрыяцыі, якая мучыць гераічны народ», — дадаў ён.

«Расіяне думалі, што ўсё скончыцца за тыдзень. Але яны пралічыліся. Яны сустрэлі смелы народ, народ, які змагаецца за выжыванне і ў якога ёсць досвед такой барацьбы», — заявіў Францішак.

Папа Францішак паведаіў, што спадзяецца сустрэцца з Патрыярхам Рускай Праваслаўнай Царквы Кірылам у верасні ў Казахстане.

Пантыфік мяркуе, што вайна ва Украіне так чапляе нас таму, што гэта адбываецца недалёка. Але мала хто перажывае за войны, якія працягваюцца ў Афрыцы.

«Свет знаходзіцца ў стане вайны. Некалькі гадоў таму я сказаў, што мы перажываем Трэцюю сусветную вайну па частках. Так і ёсць, я лічу, што цяпер Трэцяя сусветная вайна ўжо абвешчаная. І мы павінны задумацца. Што адбываецца з чалавецтвам, якое за адно стагоддзе перажыло тры сусветныя вайны? Гэта дрэнна для чалавецтва, гэта бяда», — падкрэсліў ён.