Прэзідэнт Латвіі вынес у Сейм законапраект аб аддзяленні Латвійскай Праваслаўнай царквы ад Маскоўскага патрыярхата

Прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс падаў на разгляд у Сейм папраўкі да Закона аб Латвійскай Праваслаўнай царкве. Змены прадугледжваюць, што ў Латвійскай Праваслаўнай царквы будзе самастойны і незалежны (аўтакефальны) статус.
«Калі закон набудзе моц, будзе выключаны любы ўплыў або ўлада Маскоўскага патрыярхата над нашай праваслаўнай царквой. Адмова ад любых сувязяў з Маскоўскім патрыярхам — гэта істотнае пытанне для нашых праваслаўных, усяго латвійскага грамадства і нацыянальнай бяспекі», - заявіў Эгілс Левітс.

Цяпер ЛПЦ дзейнічае пры Маскоўскім патрыярхаце, які падтрымлівае кіруючы ў Расіі рэжым і вайну гэтай краіны супраць Украіны. Па словах Левітса, прапанаваны ім закон адновіць гістарычны статус ЛПЦ і выключыць любую ўладу Маскоўскага патрыярха над царквой у Латвіі.

«Прыняццем паправак да закона Латвійская дзяржава прызнае, што Латвійская праваслаўная царква з'яўляецца цалкам самастойнай і незалежнай (аўтакефальнай) царквой. Яна не залежыць ад улады любой іншай царквы за межамі Латвіі», — гаворыцца ў заяве прэзідэнта.

Як указаў Левітс, у «незалежнай, дэмакратычнай і прававой Латвійскай дзяржаве нашай праваслаўнай патрэбна свая самастойная і незалежная царква. Такая была, ёсць і заўсёды будзе пазіцыя Латвійскай дзяржавы. Пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Яніса Померса гэта было дасягнута неўзабаве пасля абвяшчэння Латвійскай рэспублікі».

«Я пачуў поўнае разуменне сітуацыі і падтрымку гэтай ініцыятывы. Латвійская праваслаўная царква таксама была паінфармаваная аб падрыхтаваным законапраекце.

Магу запэўніць, што Латвійская праваслаўная царква і мітрапаліт Аляксандр могуць разлічваць на поўную падтрымку Латвійскай дзяржавы, якая юрыдычна прызнае аўтакефальны статус царквы», — гаворыцца ў заяве прэзідэнта.


Па словах юрыста Рынгалдса Баладзіса, у Латвіі дзейнічае 7 спецыяльных законаў, якія рэгламентуюць дзейнасць латвійскіх цэркваў, у тым ліку і праваслаўнай. На думку юрыста, унясенне змен у такія законы - гэта тэма вельмі далікатная. Унясенне паправак у закон аб адной царкве можа стаць небяспечным прэцэдэнтам, які палягчае ўнясенне паправак у астатнія законы, якія рэгулююць ужо дзейнасць іншых цэркваў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: