Пентагон і Кіеў не бачаць дээскалацыі ва Украіне. Расійскія войскі перагрупуюцца для новых удараў
Пентагон пацвярджае, што Расія прыбірае частку падраздзяленняў з-пад Кіева і Чарнігава. Аднак у амерыканскім ваенным ведамстве не лічаць гэта прыкметай дээскалацыі. Гаворка можа ісці аб перагрупоўцы з мэтай удараў на іншых кірунках.

«Ці быў нейкі рух нейкіх расійскіх падраздзяленняў ад Кіева за апошнія суткі ці каля таго? Так. Мы думаем, што так. Невялікая колькасць. Але мы лічым, што гэта перапазіцыянаванне, а не сапраўдны адыход, і што мы ўсе павінны быць гатовыя назіраць за буйным надыходам на іншыя раёны Украіны», — цытуе REFORM.by прэс-сакратара Пентагона Джона Кірбі.
Нагадаем, пасля заканчэння раўнда перамоў у Стамбуле расійскі бок заявіў, што скарачае ваенную актыўнасць на Кіеўскім і Чарнігаўскім напрамку. Кірбі падкрэсліў, што рэальнай дэманстрацыяй гатоўнасці да дээскалацыі быў бы вывад войскаў з Украіны.
У Пентагоне мяркуюць, што цяпер камандаванне РФ зробіць прыярытэтным рэгіён Данбаса.
«Цяпер мы думаем, што прыярытэт аддаецца Усходу. Яны застапарыліся на Поўначы, і прагрэс, якога яны дамагліся ў першыя дні на Поўдні — яны дамагліся прагрэсу — цяпер застапарыўся», — сказаў ён.
Кірбі таксама дадаў, што ўдары па Кіеву, хутчэй за ўсё, працягнуцца.
Таксама вынікі першага дня перамоваў у Стамбуле пракаментаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі: «Сігналы, якія мы чуем з перамоўнай пляцоўкі, можна назваць пазітыўнымі, але гэтыя сігналы не заглушаюць разрываў расійскіх снарадаў».
Ён падкрэсліў, што сітуацыя ў краіне не стала лягчэй і заклікаў не падманвацца заявамі з Масквы аб прыпыненні наступу на Кіеў. «Мы не бачым падставаў для даверу словам прадстаўнікоў дзяржавы-агрэсара», — указаў Зяленскі.
У гэтай сувязі ён таксама падкрэсліў, што пытанне аб зняцці санкцый з Расіі падымаць заўчасна.
«Пытанне аб санкцыях нават не можа падымацца, пакуль не завершыцца вайна, пакуль мы не вернем сваё, што нам належыць, і пакуль мы не адновім справядлівасць», — сказаў прэзідэнт Украіны.