Перамір'е Пуціна не працуе: колькасць боесутыкненняў ва Украіне не знізілася
«Велікоднае перамір'е», абвешчанае кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным, не спрацавала: колькасць боесутыкненняў і страт расійскіх войск за мінулыя суткі не знізілася. Варта адзначыць, што перамір'е Пуціна не працавала ніколі. Але Украіна ўсё роўна прапаноўвае спыніць агонь і пасля Вялікадня. Ідуць 1509-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне адбылося 120 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 12 красавіка.
Станам на 7.00 12.04.2026 Генштаб УСУ зафіксаваў 2299 выпадкаў парушэння рэжыму спынення агню. А менавіта: 28 штурмавых дзеянняў расіян, 479 абстрэлаў, 747 удараў дронамі-камікадзэ («Ланцэт», «Молнія») і 1045 удараў fpv-дронамі.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 22 штурмы расіян у раёнах Радзінскага, Дарожнага, Мірнаграду, Удачнага, Новамікалаеўкі, Маладзецкага, Новапаўлаўка.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 21 атаку паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Іванаполля, Русінага Яру, Сафіеўкі і Навапаўлаўкі.
На Ліманскім кірунку армія РФ дзевяць разоў атакавала паблізу Зарэчнага і ў бок Шыйкаўкі, Дробышава і Лімана.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося сем атак расіян, на Аляксандраўскім кірунку — шэсць атак.
* * *
Украіна і Расія правялі маштабны абмен ваеннапалоннымі, які адбыўся напярэдадні Вялікадня. Украінцам удалося вярнуць 175 абаронцаў і 7 цывільных, паведаміў у Telegram-канале прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго слоў, вернутыя з палону воіны абаранялі Украіну на розных напрамках: у Марыупалі, на ЧАЭС, на Данецкім, Луганскім, Харкаўскім, Херсонскім, Запарожскім, Сумскім, Кіеўскім, Курскім кірунках. Сярод іх ёсць параненыя. Большасць была ў палоне з 2022 года.
У той жа час, як заявіў падчас размовы з журналістамі прадстаўнік ГУР МА Украіны Андрэй Юсаў, Кіеў планаваў вярнуць большую колькасць людзей, але Расія не пагадзілася.
«На жаль, расійскі бок адхіліў гэтыя гуманітарныя ініцыятывы Украіны, да якіх мы былі гатовыя, як і многія іншыя рэчы. Але праца працягваецца. Мы можам асцярожна казаць, што аперацыя будзе працягнутая і мы зможам сказаць, што сёння быў толькі пачатак Велікоднага абмену», — сказаў Юсаў.
* * *
Нягледзячы на абвешчанае перамір’е на час Вялікадня, расійскія войскі атакавалі медыкаў у Сумскай вобласці. Атака па машыне хуткай дапамогі адбылася ноччу ў Глухаўскай грамадзе. Праз удар дрона пацярпелі трое медыкаў. Ім аператыўна аказалі дапамогу, пагрозы жыццю няма.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зноў прапанаваў Расіі працягнуць рэжым спынення агню і пасля Вялікадня.
Паводле яго слоў, Украіна будзе прытрымлівацца рэжыму цішыні і будзе дзейнічаць выключна люстрана. Адсутнасць расійскіх удараў у небе, на зямлі і на моры будзе азначаць адсутнасць украінскіх адказаў. Зяленскі адзначыў, што ўкраінская армія гатовая да любога развіцця падзей на фронце.
«Украіна неаднаразова прапаноўвала Расіі розныя фарматы спынення агню, і мы лічым, што Вялікдзень павінен быць часам цішыні і бяспекі. Спыненне агню на Вялікдзень магло б стаць і пачаткам рэальнага руху да міру — з нашага боку адпаведная прапанова ёсць», — падкрэсліў Зяленскі.
«Інфармацыя пра люстраны характар нашых дзеянняў і магчымае працягненне спынення агню і пасля Вялікадня была даведзена да расійскага боку», — дадаў ён.
Раней прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў катэгарычна адхіліў магчымасць спынення агню пасля Велікоднага перамір’я.
* * *
Украіна можа адыграць важную ролю ў намаганнях па забеспячэнні бяспекі ў Армузскім праліве, паколькі яна мае вопыт і неабходныя тэхналогіі, заявіў падчас візіту ў Кіеў міністр па пытаннях узброеных сіл Вялікабрытаніі Алістэр Карнс, паведамляе Reuters.
«Украіна валодае аднымі з лепшых у свеце тэхналогій, якія яна распрацавала тут, падчас вайны. Я думаю, што гэта можа быць карысным на Блізкім Усходзе, як мы ўжо бачым на прыкладзе барацьбы з дронамі "Шахед", аж да Армузскага праліва», — сказаў ён.
Карнс дадаў, што яго візіт — гэта доказ таго, што вайна ва Украіне застаецца ключавым прыярытэтам Вялікабрытаніі ў сферы абароны і бяспекі. Паводле яго слоў, Вялікабрытанія можа шмат чаму навучыцца ад Украіны — напрыклад, у такіх сферах, як тэхналогіі стварэння БПЛА, выкарыстанне даных і штучны інтэлект ва ўзбраенні.
* * *
Германія перадала Нацыянальнай гвардыі Украіны яшчэ пяць браніраваных медыцынскіх аўтамабіляў MEDIGUARD у межах пашыранага кантракта, паведамляе Defense Express.
У вытворчасці ўдзельнічаюць нямецкая кампанія BREMEDIC, якая адказвае за медыцынскае абсталяванне, і партнёрства ASC Hardcar International і ўкраінскай кампаніі Transformers.
Машыны атрымалі шэраг адаптацый з улікам вопыту вайны: абноўленыя MEDIGUARD атрымалі сеткаватыя процідронавыя экраны, якія закрываюць большую частку корпуса, а таксама мадэрнізаваную падвеску, колы і тармазную сістэму з-за павялічанай вагі бронекапсулы.
У цэлым вядома пра як мінімум дзевяць пастаўленых Украіне MEDIGUARD за фінансаванне Германіі, аднак рэальная колькасць можа быць большай з-за закрытасці даных пра ваенную дапамогу.
У кастрычніку 2025 года адна з гэтых бронемашын вытрымала трапленне трох расійскіх дронаў — кабіна засталася цэлай, а экіпаж не атрымаў сур’ёзных траўмаў.