«Дэмілітарызацыя»: Украіна і Германія супрацоўнічаюць ў сферы стварэння лазернай зброі

Украіна ўжо з'яўляецца сусветным лідарам у вытворчасці баявых дронаў, а цяпер будзе і асноўным гульцом у распрацоўцы лазернай зброі. Ці такога хацеў Пуцін, пачынаючы «дэмілітарызацыю» Украіны? Але Расія, падаецца, не збіраецца спыняцца. Ідуць 1508-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 173 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 11 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 26 штурмаў расіян у раёнах Біліцкага, Радзінскага, Мірнаграду, Новааляксандраўкі, Удачнага, Іванаўкі, Маладзецкага, Пакроўску, Шаўчэнка, Грышына, Філіі і Новасергіеўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 19 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Клебан-Быка, Сцяпанаўкі, Іванаполля і Сафіеўкі.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 16 атак у раёнах Дабраполля, Варвароўкі, Белагор’я, Гуляйпольскага, Стараўкраінкі, Залізнічнага і Святапятроўкі.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Паўднёва-Слабажанскім кірунках адбылося па 12 баявых сутыкненняў на кожным.

На Ліманскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі 10 атак паблізу Дзібровы, Надзеі, Зарэчнага і ў бок Вольгаўкі, Стэпавага, Дружалюбаўкі.

* * *

У ноч на 11 красавіка Расія атакавала Украіну 160 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 133 БпЛА.

Вечарам у пятніцу, 10 красавіка, расійскія беспілотнікі атакавалі два жылыя шматпавярховыя дамы ў Сумах, траўмавана 17 чалавек.

У ноч на 11 красавіка расіяне нанеслі ўдар па Лубенскім раёне Палтаўскай вобласці, у выніку падзення БпЛА адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін – траўмаваны.

Два чалавекі загінулі і яшчэ двое пацярпелі ў выніку чарговай атакі расійскіх ударных беспілотнікаў па Адэсе.

Больш за дзясятак выбухаў прагрымелі ў некаторых рэгіёнах Расіі — Краснадарскім краі і ў Цверы. Асноўны ўдар прыйшоўся на ЛПДС «Крымская», якая сілкуе «Транснафту» і ўваходзіць у яе структуру.

* * * 

670784742_1306358361677239_7868524142070443779_n.jfif

* * *

Міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў у тэлефоннай размове з нямецкім калегам Борысам Пісторыусам абмеркаваў падрыхтоўку да наступнага пасяджэння фармату «Рамштайн», якое запланавана на 15 красавіка, паведамілі ў Мінабароны.

У ведамстве адзначылі, што падчас наступнага пасяджэння «Рамштайна» Украіна рыхтуе абнаўленне па рэалізацыі пунктаў Плана вайны для прымусу Расіі да міру.

Партнёрам будуць прадстаўлены прыярытэтныя кірункі супрацоўніцтва, у прыватнасці ў сферы ўзмацнення супрацьпаветранай абароны, развіцця беспілотных сістэм, абмену данымі і тэхналогіямі.

«Украіна прапануе ўзаемавыгадную мадэль кааперацыі. У яе межах саюзнікі атрымліваюць доступ да баявых даных і сістэм украінскай вытворчасці. Гэта, у прыватнасці, вопыт стварэння комплекснай сістэмы барацьбы з дронамі тыпу "Шахед"», – паведамілі ў Мінабароны.

Асобна, як падкрэслілі ў ведамстве, міністры абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў сферы інавацыйнай лазернай зброі.

* * *

Расія не будзе працягваць «Велікоднае перамір’е», заявіў спікер расійскага дыктатара Дзмітрый Пяскоў. Так ён адрэагаваў на словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, што пасля перамір’я Расія таксама можа спыніць агонь.

Паводле слоў Пяскова, абвешчанае «Велікоднае перамір’е» мае выключна гуманітарны характар, і падобныя крокі не трэба разглядаць як палітычны сігнал ці змену пазіцыі. «Як мы неаднаразова казалі, і як казаў прэзідэнт Пуцін, мы хочам не перамір’я, мы хочам міру», — сказаў Пяскоў.

Ён цынічна заявіў, што «мір можа наступіць сёння», калі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі «возьме на сябе адказнасць і прыме адпаведнае рашэнне». Пры гэтым Пяскоў не ўдакладніў, пра якое менавіта рашэнне ідзе гаворка.

Спікер дыктатара таксама пракаментаваў заяву Зяленскага аб тым, што Украіна можа люстрана рэагаваць на дзеянні Расіі па часовым спыненні агню. Пяскоў сказаў, што Масква звярнула на гэта ўвагу, аднак больш ніякіх падрабязнасцяў па гэтым пытанні не дадаў.

Нагадаем, яшчэ ў канцы сакавіка Уладзімір Зяленскі заявіў, што ён гатовы да перамір’я з Расіяй на Велікодныя святы. Ён адзначыў, што за 2-3 дні спынення агню краіна-агрэсар не зможа ўмацаваць сваіх пазіцый на фронце, таму на баі такая ініцыятыва не паўплывае.

Учора Пуцін усё ж вырашыў абвясціць перамір’е з Украінай на Вялікдзень — яно будзе дзейнічаць з 16:00 11 красавіка да канца дня 12 красавіка 2026 года.

* * *

Удары ўкраінскіх беспілотнікаў па нафтавых аб'ектах Расіі — «кінетычныя санкцыі» — фактычна нівеліравалі ўсё тое, што Расія магла б зарабіць дзякуючы паліўнаму крызісу праз аперацыю ЗША супраць Ірана, сказаў Упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк на сустрэчы з журналістамі.

«Праз кінетычныя санкцыі мы цяпер бачым незаробленыя 1,7 мільярда долараў — гэта тое, што Расія не зарабіла праз адсутнасць магчымасці тэхнічна экспартаваць пэўную колькасць нафты з двух балтыйскіх партоў і Наварасійска», — патлумачыў Уласюк.

Прыбыткі расіяне атрымлівалі толькі за кошт той нафты, якая ўжо была ў моры. Дзякуючы аслабленню санкцый, яны змаглі прадаць пераважную яе большасць Індыі і зарабіць прыкладна такую ж суму, якую страцілі.

Такім чынам, у лютым, які стаў для РФ рэкордна нізкім, Крэмль зарабіў каля 9 млрд долараў на продажы нафты. Папярэднія ацэнкі па сакавіку — ад 12 да 14 мільярдаў долараў. Для Украіны гэта горш, чым паказчыкі лютага, але лепш за ўмоўны кастрычнік 2025 года, калі РФ зарабляла 15-17 млрд долараў у месяц.

«Таму ў цэлым удаецца стрымліваць нафтагазавыя даходы РФ. Яны за тры месяцы перасягнулі гадавы план дэфіцыту бюджэту, выдатная навіна, і ўсе астатнія структурныя змены, якія адбыліся, ці крызісы, ці праблемы, якія адбыліся ў расійскай эканоміцы, нікуды не падзеліся», — запэўніў Уласюк.

* * *

Расія пазбягае публічных згадак пра ўкраінскія дальнабойныя ўдары, ці любой крытыкі ў адрас Украіны праз гэтыя атакі, паколькі гэта прадэманстравала б уразлівасць Крамля, заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў у інтэрв’ю «Укрінфарму».

Аднак нягледзячы на нежаданне Расіі прызнаваць праблемы публічна і афіцыйна, ва ўнутранай камунікацыі ўсё адбываецца наадварот. Украінскія дальнабойныя ўдары па РФ адбываюцца ўжо штодня і маюць адчувальны ўплыў.

Маўчанне Расіі тлумачыцца проста: Крэмль не жадае дэманстраваць уласную слабасць і ўразлівасць, паколькі гэта можа мець уплыў на перагаворныя працэсы. Удары Украіны ствараюць сур’ёзныя цяжкасці для РФ, таму гэта падрывала б рыторыку Крамля.

«Яны так проста не зробяць — бо гэта азначае прызнанне іх слабасці. Але гэта ўплывае — і ў сваіх справаздачах яны пастаянна на гэта ўказваюць. Гэта праблема. Гэтак жа, як і іх удары для нас — гэта таксама праблема», — рэзюмаваў Буданаў.