Расія за тры месяцы перавысіла гадавы дэфіцыт бюджэту. Здавалася б, пры чым тут Украіна?
Без забеспячэння падатковымі паступленнямі ў бюджэце застаўся кожны трэці рубель выдаткаў, а дзірка ў расійскай казне перавысіла план на ўвесь год. Гэта ў тым ліку вынік удараў Украіны па расійскіх партах і нафтаперапрацоўцы. І сітуацыя калі зменіцца, то неістотна. Ідуць 1506-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 164 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 9 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 32 штурмавыя дзеянні расіян у раёнах Радзінскага, Пакроўску, Котліна, Мураўкі, Грышына, Удачнага, Філіі і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 20 атак паблізу Канстанцінаўкі, Сцяпанаўкі, Навапаўлаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі і Сафіеўкі.
На Гуляйпільскім кірунку адбылося 18 атак у бок Прылук, Дабраполля, Залізнічнага, Гуляйпольскага, Аленаканстанцінаўкі, Варвараўкі і іншых.
На Купянскім кірунку армія РФ восем разоў атакавала пазіцыі УСУ, на Аляксандраўскім і Паўднёва-Слабажанскім кірунках зафіксавана па сем боесутыкненняў на кожным.
* * *
У сакавіку на 29% вырас паказчык агульных страт асабовага складу расійскай арміі, нанесеных падраздзяленнямі беспілотных сістэм УСУ, паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі.
Паводле яго слоў, Сілы абароны Украіны ўтрымліваюць стратэгічную ініцыятыву і не дазваляюць расійскім войскам аднавіць шырокамаштабнае наступленне. Адзін з ключавых фактараў перавагі УСУ — беспілотныя сілы.
«Ужо чатыры месяцы запар, пачынаючы са снежня 2025-га, нашы падраздзяленні беспілотных сістэм абясшкоджваюць больш асабовага складу праціўніка, чым ён рэкрутуе ў свае шэрагі», — адзначыў Сырскі, і паведаміў, што ў сакавіку ў параўнанні з лютым паказчык агульных страт асабовага складу ворага, нанесеных украінскімі падраздзяленнямі беспілотных сістэм, вырас на 29%. Пры гэтым па выніках сакавіка паражана на 50% больш верыфікаваных мэтаў у параўнанні са статыстыкай лютага — гэта больш за 150 тысяч.
У сярэднім за суткі падраздзяленні беспілотных сіл выконваюць больш за 11 тысяч баявых задач, адзначыў Сырскі. Паводле яго слоў, украінскія наземныя рабатызаваныя комплексы ў сакавіку таксама павялічылі колькасць выкананых задач больш чым на 50% у параўнанні з лютым.
* * *
Міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў заявіў, што ў сакавіку ўкраінскія дроны-перахопнікі знішчылі больш за 33 тысячы варожых беспілотнікаў розных тыпаў. Паводле яго слоў, гэта ўдвая больш, чым месяцам раней.
«Дроны-перахопнікі — украінская інавацыя, якая ўжо стала ключавой часткай нашай СПА. Толькі ў сакавіку перахопнікі збілі больш за 33 тысячы варожых БпЛА рознага тыпу, у прыватнасці «Шахеды», «Герберы», «Маланкі», Zala, «Арланы» і іншыя. Гэта ўдвая больш, чым у мінулым месяцы», — падкрэсліў Фёдараў.
Паводле яго слоў, адным з галоўных выклікаў цяпер з’яўляюцца рэактыўныя «Шахеды». Паводле яго слоў, вораг маштабуе іх прымяненне, хуткасць такіх мэтаў расце, а перахоп становіцца больш складаным.
Менавіта таму, патлумачыў міністр, дзяржава разам з вытворцамі аналізуе прадукты і іх гатоўнасць, вызначае вузкія месцы і сінхранізуе дзеянні для хуткага маштабавання новых тэхналогій.
* * *
У ноч на 9 красавіка Расія атакавала Украіну 119 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 99 варожых БпЛА.
Раніцай 9 красавіка расіяне абстралялі Запарожжа і раён. Вядома пра прынамсі чатырох пацярпелых, а таксама аднаго загінулага чалавека. У выніку трапляння дрона было знішчана аддзяленне «Новай пошты» ў Навамікалаеўцы Запарожскага раёна.
У ноч на 9 красавіка беспілотнікі атакавалі тры раёны Днепрапятроўскай вобласці. Два чалавекі атрымалі раненні.
У Краснадарскім краі Расіі ў ноч на 9 красавіка беспілотнікі атакавалі лінейную вытворча-дыспетчарскую станцыю «Крымская», якая з’яўляецца важным вузлам нафтаправоднай інфраструктуры. Аб’ект уваходзіць у сістэму магістральных трубаправодаў і забяспечвае перапампоўку нафты і нафтапрадуктаў у порт Наварасійск, а таксама на Ільскі і Афіпскі нафтаперапрацоўчыя заводы.
* * *
* * *
Трохбаковыя сустрэчы паміж Украінай і Расіяй пакуль перанеслі з-за змены прыярытэтаў Злучаных Штатаў, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю італьянскаму выданню Rai Radio.
Паводле слоў кіраўніка Украіны, на графік дыпламатычных сустрэч паўплывала тое, што Вашынгтон на час пераключыў сваю ўвагу на падзеі ў Іране. «Злучаныя Штата былі засяроджаныя на Блізкім Усходзе», — патлумачыў Зяленскі.
Ён запэўніў, што гэты працэс не спынены канчаткова, «але мы пачнем спачатку...», — падкрэсліў ён.
* * *
Перамір’е паміж ЗША і Іранам «дало шанец на прагрэс» у мірных перамовах паміж Расіяй і Украінай, адзначыў прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расіі Радзівон Мірошнікаў у каментары расійскаму выданню «Известия».
Мірошнікаў нагадаў, што перамоўны працэс па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне апынуўся на паўзе з-за вайны на Блізкім Усходзе. Аднак цяпер перамір’е паміж ЗША і Іранам адкрывае магчымасці для аднаўлення трохбаковых перамоў з удзелам Украіны, Расіі і Злучаных Штатаў.
Масква запэўнівае, што не будзе перашкаджаць гэтаму працэсу, але падкрэслівае, што далейшае развіццё падзей залежыць ад крокаў Вашынгтона ў адносінах з Іранам. У прыватнасці, ключавую ролю адыграе пытанне ўдзелу амерыканскіх чыноўнікаў.
«Калі гэта тыя ж самыя чыноўнікі, то гэты момант можа быць крыху адкладзены, што адначасова не з’яўляецца кардынальнай перашкодай для працягу ці руху па перамоўнай дарожцы па ўрэгуляванні ва Украіне», — падкрэсліў расійскі чыноўнік.
У Маскве «ў найбліжэйшы час» чакаюць магчымага прыбыцця амерыканскай дэлегацыі для абмеркавання пытанняў па вайне ва Украіне.
* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін не спыніцца, калі атрымае Данбас. Наступнай спробай будзе захапленне абласных цэнтраў — Дняпра і Харкава, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў падкасце Алістэра Кэмпбэла The Rest is Politics.
Зяленскі пракаментаваў трохбаковы перамоўны працэс па завяршэнні вайны ва Украіне, адзначыўшы, што каманда прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, на яго думку, не змагла ў поўнай меры зразумець патрабаванні і мэты Расіі. Ён выказаў здагадку, што гэта магло адбыцца з-за таго, што перамоўшчыкі Трампа — Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер — праводзілі значны час у кантактах з Пуціным і яго асяроддзем. Прадстаўнікі ЗША пяць разоў наведвалі Маскву, і ані разу — Кіеў.
Зяленскі адзначыў, што лепш разумее псіхалогію расійскага дыктатара і яго фактычныя ваенныя мэты, чым Белы дом.
«Мы павінны прызнаць, што часткова амерыканцы лічаць, што Данбас для нас нічога не значыць... Яны не хочуць прызнаваць, што Пуцін будзе ім брахаць і што ён можа працягваць акупацыю нават пасля такіх крокаў. Амерыканцы ўпэўненыя, што могуць давяраць Пуціну», — сказаў Зяленскі.
* * *
Федэральны бюджэт Расіі ў студзені-сакавіку быў зведзены з дэфіцытам 4 трлн 576 млрд рублёў, паведаміў расійскі Мінфін. Пры даходах у 8 трлн 309 млрд рублёў урад патраціў у 1,5 раза больш — 12 трлн 885 млрд рублёў. У выніку без забеспячэння падатковымі паступленнямі ў бюджэце застаўся кожны трэці рубель выдаткаў, а дзірка ў казне перавысіла план на ўвесь год — 3 трлн 790 млрд рублёў, або 1,6% ВВП.
Пры гэтым нафтагазавыя даходы бюджэту ўпалі на 45% і сталі самымі нізкімі з пандэміі — 1 трлн 445 млрд рублёў.
Расійскае падатковае заканадаўства ўладкавана так, што нафтагазавыя даходы растуць або зніжаюцца з лагам адносна змяненняў у цэнах на нафту, нагадвае эканаміст Сяргей Алексашанка. Таму эфект ад узляцелых нафтавых цэн бюджэт адчуе толькі ў красавіку. Сярэдняя цана Urals у сакавіку (па ёй будуць разлічвацца красавіцкія падаткі) стала $77 за барэль, а гэта прынясе 215-220 млрд рублёў дадатковага падатку на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ), ацэньвае Алексашанка.
У пачатку красавіка каціроўкі Urals дасягалі $116 за барэль — рэкорду з 20113 года, а ў індыйскіх партах расійская нафта каштавала амаль $150. Захаванне цаны Urals вышэй за $110 нават на некалькі тыдняў можа заўважна падтрымаць нафтагазавыя паступленні ў другім квартале і часова аслабіць ціск на бюджэт.
Аднак, калі пагадненне па Іране будзе дасягнута і нафта ўпадзе ніжэй за $100, гэты эфект акажацца кароткачасовым, а тэма дэфіцыту зноў вернецца ў цэнтр увагі ўжо да лета бягучага года.