Чатыры прычыны «перамір'я». Навошта гэта Пуціну?

Навошта Пуціну перамір'е на Раство? Пра гэта разважае Ігар Тышкевіч у сваім тэлеграм-канале. І робіць выснову, што ў Расіі ёсць як мінімум чатыры рацыі, каб хацець перапынку ў вайне.

Фота з тэлеграм-канала  Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Пуцін аддаў загад на 36 гадзін спыніць актыўныя баявыя дзеянні на фронце. У прынцыпе, сітуацыя не новая — з 2014 года спробы ўсталяваць перамір'е на фронце прадпрымаліся неаднаразова. З дапамогай дамоўленасцяў бакоў, з наступным парушэннем з боку рускіх.
Гэтым разам сітуацыя некалькі адрозніваецца. Па-першае, маштабам баявых дзеянняў, працягласцю лініі фронту. Па-другое — заяўлена пра «аднабаковае» рашэнне РФ.
Узнікае пытанне: а навошта гэта Пуціну. І тут ёсць, як мінімум, чатыры рацыі.


1. Унутрыпалітычны або прапагандысцкі фактар. Паспяховыя ўдары УСУ па Макееўцы і Такмаку для РФ не заўважыць немагчыма. Акупанты вымушаныя былі прызнаць страты (хай і ў меншых маштабах). Пры гэтым адказаць чымсьці маштабным не атрымалася... Прапаганда пачала раскручваць вобраз «пакутнікаў», асабліва па Макееўцы.
І, калі не маеш магчымасці адказаць на поспех суперніка дэманстрацыяй уласных «перамог», ёсць рацыя пайсці шляхам «дэманізацыі». І «каляднае перамір'е» тут падыходзіць як нельга лепш. Маўляў, у наяўнасці «добрая воля» Расіі, «павага» да хрысціянскіх святаў і «агрэсіўныя дзеянні» ўкраінскага боку. Для гэтага нават дасталі з ценю таварыша Гундзяева, які раптам загаварыў пра мір.
Але, калі нават выказаць здагадку, што УСУ таксама страляць не будуць, «агрэсіўныя дзеянні» заўсёды можна намаляваць. Далей — справа прапаганды чарговы раз раскруціць тэму абаронцаў дабра і барацьбу са злом.
Глабальнай кампаніі на такім кейсе не пабудуеш, але кароткатэрміновая хваля, якая паглыне і Макееўку з Такмаком, і іншыя правалы, а таксама падрыхтуе глебу да магчымых мабілізацыйных мерапрыемстваў, рэальная.


2. Знешнепалітычны фактар. Расія апошнія 2 месяцы надзвычай актыўна кажа пра магчымасць «перамір'я». Для Пуціна вельмі важна атрымаць аператыўную паўзу, каб падрыхтавацца да новай спробы наступу. Тым больш, што такая «паўза» наўрад ці з пазітывам будзе ўспрынятая ўкраінскім грамадствам.
І тут важна дэманстраваць «здольнасць дамаўляцца», жаданне выйсці на дыялог. Перамір'е, спыненне агню пры такіх варыянтах — ідэальны алгарытм. У адрозненне ад любога фармату мірных перамоваў, яно не прыводзіць да «палітычных рызыкаў» і можа быць спыненае ў любы зручны момант.
З іншага боку, падобны крок дае важкі аргумент еўрапейскім і амерыканскім «адвакатам Пуціна». Маўляў, РФ можна пасадзіць за стол перамоваў, трэба толькі «паважаць інтарэсы Расеі». Для Украіны ствараецца пастка: адказваць «узаемным спыненнем» — ствараць рызыку і падыгрываць Пуціну. Прычым, калі Крамлю трэба (а яму трэба — глядзі п. 1), нават калі УСУ страляць не будуць, карцінка «падступнага нападу» расійскай прапагандай будзе пададзеная гледачу. Калі не адказваць — тыя ж «адвакаты Пуціна» ў ЕС і ЗША загавораць пра «нежаданне Кіева спыніць вайну».
Адзін кейс надвор'я не зробіць, але такіх можа быць некалькі. І тут ужо задача ўкраінскай дыпламатыі нейтралізаваць падобныя схемы Крамля і яго партнёраў.


3. Пошук варыянтаў, як схіліць Украіну да перамоваў на расійскіх умовах. Нездарма ідэя спынення агню была агучаная Пуціным пасля размовы з Эрдаганам. Прэзідэнт Турцыі актыўна прасоўвае сваю пасрэдніцкую ролю, паколькі пры любым завяршэнні вайны пазіцыі яго краіны ў рэгіёне ўзмацняюцца.
Для Пуціна важна выйсці на зручны «варыянт міру» — то-бок спыненне агню, пры якім РФ працягвае кантраляваць частку захопленых у 2022 годзе тэрыторый з далейшым рухам па кірунку да «Мінска-3». Першая спроба наўрад ці будзе паспяховай, але гэта — толькі першая спроба. Якая, дарэчы, не выключае новай спробы расійскага наступу. Як, зрэшты, гэтага не выключаюць (а хутчэй гарантуюць у будучыні) і любыя фарматы, аналагічныя мінскім дамоўленасцям.
4. Проста правесці перагрупоўку войскаў, падцягнуць рэзервы. Тут распісваць няма чаго — логіка дзеянняў відавочная.