Раман Бязсмертны: «Крым і Беларусь — гэта болевыя кропкі, якія могуць наогул паралізаваць рэжым Пуціна»
Экс-амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны ў эфіры ўкраінскага радыё «НВ» разважае, чаму ўкраінскім палітыкам трэба па-новаму паглядзець на сітуацыю ў Крыме і Беларусі. А таксама пра тое, што нават недасканалая дэмакратыя дазваляе адрэагаваць на знешнія і ўнутраныя пагрозы.

— На днях здарылася падзея, якая для ўсёй расійскай сістэмы, для іх ментальнасці і логікі наогул незразумелая, недапушчальная і супярэчыць усім іх уяўленням, — разважае ўкраінскі палітык, амбасадар Украіны ў Беларусі ў 2010-2011 гадах Раман Бязсмертны. — Я маю на ўвазе артыкул пра вайну двух украінскіх генералаў — Залужнага і Забродскага. І я да таго, што немагчыма ўявіць, як які-небудзь Герасімаў або Шайгу селі і напісалі артыкул пра цяперашнюю вайну.
Украінскі палітык, адзін з аўтараў Канстытуцыі Украіны, прыводзіць гэта як прыклад таго, што ў Расіі не разумеюць і не ўлоўліваюць законаў дэмакратыі і свабоднага грамадства:
— Яны не ведаюць, як гэтыя механізмы працуюць. У іх заўсёды прасочваецца думка, што гэта ўсё постсавок, якім бы ён там ні быў, далёкі ад усяго, што ёсць на Захадзе. І на самай справе гэта і ёсць іх фундаментальны і базавы пралік.
А з украінскага боку нам трэба маліцца на гэта і разумець, што дэмакратыя, якой бы яна была недасканалай, у тым ліку і ва ўкраінскім варыянце, але гэта тое, што нас выратавала і ў 2014-м і 24 лютага 2022 года.
Таму што гэта базавая рэч, якая дазваляе адрэагаваць на знешнія і ўнутраныя пагрозы.
І самая моцная фраза, якую я пачуў з офіса прэзідэнта Украіны, — кажа Бязсмертны, — гэта тое, што перамовы ідуць правільна, і яны ідуць цяпер на поўдні Украіны. Гэта тая фраза, якая паказвае, да якіх перамоваў цяпер схіляецца Украіна і які іх варыянт яна абрала.
Я не памятаю, агучыў яе асабіста Зяленскі ці хто-небудзь з Офіса, але яна абсалютна дакладна адлюстроўвае агульны настрой у грамадстве.
Гаворачы пра сітуацыю ў сучаснай Беларусі, экс-амбасадар параўноўвае яе з акупаваным Крымам. Паводле яго слоў, тэма Крыма, таксама як і тэма Беларусі, з'яўляецца ключавой для Уладзіміра Пуціна.
— Зразумела, што ўкраінскія генералы ў сваім артыкуле не маглі закранаць тэму Беларусі, таму што Беларусь фармальна — суверэнная дзяржава. Але для Пуціна тэма Беларусі і Крыма — гэта альфа і амега яго агрэсіўнай палітыкі.
Гэта стартавая пляцоўка для запуску пуцінскай ракеты. Гэта стартавая пляцоўка яго знешняй палітыкі і яго сілавы аргумент. І я б украінскім вайскоўцам і аналітыкам усё ж такі рэкамендаваў прыгледзецца да гэтага больш уважліва.

Бязсмертны яшчэ раз вяртаецца да артыкулу ўкраінскіх генералаў.
— З пункту гледжання стратэгічнай ацэнкі, У гэтым артыкуле цытуецца Клаўзевіц, але я б хацеў, каб Клаўзевіца дачыталі да канца, бо ў яго ёсць паняцце «болевых пунктаў». Дык вось, Крым і Беларусь — гэта болевыя кропкі, якія могуць наогул паралізаваць нерв рэжыму Пуціна.
Я не вайсковец і не збіраюся даваць вайсковыя парады, але з пункту гледжання палітычнай ацэнкі, трэба паглядзець на сітуацыю Беларусі і Крыма па-іншаму. Таму што гэта пляцоўкі, з якіх адпрацоўваецца і існуе пагроза Украіне, еўрапейскаму і еўразійскаму кантынентам, — сцвярджае экс-амбасадар.