Тэракт у Аленаўцы. Расследаванне CNN абвяргае версіі аб датычнасці Украіны
Журналісты амерыканскага выдання CNN правялі ўласнае расследаванне забойства палонных абаронцаў «Азоўсталі» ў Аленеўцы. Справаздача абвяргае версіі аб датычнасці да гэтага Украіны.
Расія сцвярджала, што па калоніі, дзе знаходзіліся паланёныя на «Азоўсталі» ўкраінскія вайскоўцы, украінскія войскі ўдарылі з сістэм HIMARS.
CNN прааналізавала фота з месца трагедыі, спадарожнікавыя здымкі і апытала крыміналістаў і экспертаў па зброі.
Спецыялісты не распавялі, што прывяло да смерці палонных, аднак выключылі прымяненне HIMARS. У прыватнасці, эксперты паказваюць на тое, што ракетная сістэма прызначана для паражэння мэтаў, што знаходзяцца ў некалькіх дзясятках кіламетраў. Пры гэтым турма ў Аленаўцы размешчана ўсяго ў 15 кіламетрах ад фронту.
Акрамя таго, ракеты HIMARS магутныя і ў выпадку траплення пакідаюць пасля сябе вялікую варонку. Будынак, у якім утрымліваліся ўкраінскія вайскоўцы, меў тонкія сцены і металічны дах, таму б дакладна не вытрымаў такога ўдару.
«На гэтых відэа нідзе няма варонкі, ложкі не адсунутыя, слупы не пашкоджаныя, але прыкметная масіраваная шкода ад агню. Калі б гэта была кіраваная рэактыўная сістэма залпавага агню, вы б бачылі варонкі, разбітую столь і сцены, целы пасля выбуху», — сказаў адзін з экспертаў.
У якасці прыкладу CNN публікуе спадарожнікавыя здымкі наступстваў удару HIMARS ў Новай Кахоўцы. Тады ўкраінскія ваенныя знішчылі варожы склад.
На іншых здымках паказаная калонія ў Аленаўцы, якая мае значна менш разбурэнняў.
Афіцыйныя чыноўнікі ЗША таксама адкінулі версію выкарыстання HIMARS. Эксперты паказваюць на ўспышку знутры будынка, а не выбух з-за вонкавага ўздзеяння.
Таксама выданне нагадала, што Расія не прапусціла экспертаў Міжнароднага камітэта Чырвонага крыжа і ААН на месца трагедыі. Журналісты выказалі здагадку, што Расія такім чынам спрабавала схаваць катаванні і здзекі над палоннымі ўкраінскімі абаронцамі.
Акрамя таго, украінскія чыноўнікі ў каментары выданню адзначылі, што тэракт адбыўся напярэдадні абмену палоннымі.
Нагадаем, 29 ліпеня стала вядома, што ў Аленаўцы адбыўся тэракт, падчас якога загінулі больш за 50 украінскіх ваеннапалонных.
Вайсковая выведка Украіны заявіла, што галоўнай мэтай тэракту ў Аленаўскай калоніі было ўтойванне фактаў крадзяжу сродкаў, вылучаных на ўтрыманне ўкраінскіх ваеннапалонных.
Паводле РБК-Украіна