Трамп заявіў, што «бамбіў бы» Маскву, калі б Расія ўварвалася ва Украіну ў часе яго прэзідэнцтва
Былы прэзідэнт ЗША і кандыдат на будучых прэзідэнцкіх выбарах Дональд Трамп заявіў донарам, што бамбіў бы Маскву за ўварванне ва Украіну, а Пекін — за напад на Тайвань.
![Дональд Трамп. Фота: Carolyn Kaster, AP Дональд Трамп. Фота: Carolyn Kaster, AP](/img/v1/images/kmo_085444_07137_1_t218_202209.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дональд Трамп. Фота: Carolyn Kaster, AP
Пра гэта піша Washington Post са спасылкай на неназваных донараў, з якімі сустракаўся Трамп.
На адной з сустрэч ён дапусціў, што бамбіў бы Маскву і Пекін, калі б Расія напала на Украіну або Кітай — на Тайвань і калі б ён быў прэзідэнтам.
Як паведамляе WP, былы прэзідэнт ЗША спрабуе сабраць сродкі на сваю перадвыбарчую кампанію, у тым ліку паведамляючы донарам, што калі ён не стане прэзідэнтам, іх падаткі вырастуць. Паводле крыніц, аднойчы Трамп папрасіў унёсак у памеры ад 25 да 50 мільёнаў долараў, інакш ён быў бы «не вельмі шчаслівы».
Іншым разам на сустрэчы з кіраўнікамі нафтавай галіны ён папрасіў іх сабраць на яго кампанію 1 мільярд долараў. Са слоў Трампа, збор такой сумы стане «выгадай» для бізнесменаў, таму што яны змогуць зэканоміць шмат грошай, калі ён будзе пераабраны прэзідэнтам.
WP піша, што такім чынам экс-прэзідэнт ЗША імкнецца пераадолець фінансавы разрыў з Байдэнам, а таксама аплаціць дарагія судовыя рахункі па чатырох сваіх крымінальных абвінавачваннях.
Глядзіце таксама
![Калі ЕС дазволіць Украіне наносіць удары па РФ і дашле сваіх салдат на дапамогу? Барэль: ЕС здымуць абмежаванні для Украіны на ўдары па тэрыторыі РФ](/img/v1/images/armed_force_day_vilnius_yerchak_6085_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Раней экс-прэзідэнт Амерыкі заяўляў, што можаспыніць вайну ва Украіне за 24 гадзіны. У прыватнасці, ён будзе прасіць прэзідэнтаў Зяленскага і Пуціна заключыць «мірнае пагадненне», нагадвае Hromadske.
«Мы хочам міру праз сілу... Мы з Пуціным добра ладзім, выдатна ладзім. Гэта добры паказчык, а не дрэнны. І мы збіраемся гэта вырашыць. Мы збіраемся вырашыць гэта вельмі хутка», — сказаў былы прэзідэнт ЗША.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў гэтую заяву «вельмі небяспечнай».
«Гэта значыць, ён (Дональд Трамп — рэд.) будзе прымаць рашэнні самастойна без абодвух бакоў. Без нас. Калі ён кажа пра гэта публічна, гэта крыху пужае», — сказаў тады прэзідэнт Украіны.
Пазней выданне Washington Post са спасылкай на неназваных суразмоўцаў Трампа напісала, што экс-прэзідэнт ЗША ў прыватных размовах заявіў, што можа спыніць вайну ва Украіне, прымусіўшы Украіну саступіць некаторыя тэрыторыі.
Аднак дарадца Трампа абверг артыкул выдання Washington Post, заявіўшы, што «гэта фэйкавыя навіны», а журналісты, маўляў, «проста выдумляюць».