«Украінскія дыверсанты», забітыя ФСБ, аказаліся страйкбалістамі з Варонежа

У сераду, 23 лістапада, расійскія федэральныя СМІ паведамілі, што ФСБ ліквідавала трох украінскіх дыверсантаў. 

634534543543.jpg

Па версіі спецслужбаў, яны рыхтаваліся атакаваць аб'екты энергетыкі ў памежным Варонежы. Карэспандэнты «The Moscow Times» знайшлі дваіх забітых у сацсетках, аказалася, што абодва — варонежцы, страйкбалісты, удзельнікі ролевых гульняў па тэматыцы камп'ютарнай гульні S. T. A. L. K. E. R. У страйкбольнай супольнасці Варонежа выданню інфармацыю пацвердзілі.

Імя аднаго з забітых — Уладзімір Катоўскі. Пра іншага вядома, што ён карыстаўся псеўданімам Сталкер Фосген. Мяркуючы па іх старонках, абодва былі прыхільнікамі камп'ютарнай гульні S. T. A. L. K. E. R. Адзенне на фотаздымках чалавека з нікам Сталкер Фосген таксама адпавядае вопратцы на забітым з відэа ФСБ. Памяшканне на фота таксама супадае з інтэр'ерам пакоя на кадрах ФСБ.

На відэа ФСБ з аглядам памяшканняў меркаваных дыверсантаў бачны сшытак з надпісам «Улік асабовага складу групоўкі «Свабода», а таксама сцяг з эмблемай у выглядзе галавы зялёнага ваўка ў профіль і надпісам «Воля». Гэта эмблема належыць групоўцы «Свабода» з украінскай камп'ютарнай гульні S. T. A. L. K. E. R, паведамілі суразмоўцы з супольнасці гульцоў.

У праграме «Вести» на тэлеканале «Расія-1» забітых называлі ўкраінскімі тэрарыстамі, а сцяг «Свабоды» з камп'ютарнай гульні замазалі, назваўшы яго сімвалам украінскай партыі «Воля», заснаванай «грамадзянскім сектарам Еўрамайдана».

«Сцяг ультраправай нацыяналістычнай партыі «Воля». Такія сцягі былі ў ультраправых на кіеўскім майдане... Хто быў іх заказчыкам, зразумела і так», — распавядаў гледачам карэспандэнт федэральнага канала Аляксандр Равуноў.

Суразмоўца «The Moscow Times» у колах страйкбалістаў назваў забітых «дзіўнымі персанажамі»: «Фасген быў анархістам, бунтаром і падтрымліваў Украіну. Шмат разоў быў забанены на гульнях з-за парушэнняў правіл. Катоўскі — звычайны тэхнар, рабацяга са сваімі планамі на жыццё. Быў прыхільнікам Навальнага».