Беларускі добраахвотнік: Пасля заканчэння вайны я проста хачу быць карысным Беларусі і беларусам
Напярэдадні другой гадавіны поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны «Новы Час» пагаварыў з беларускім добраахвотнікам. «Пасля вайны ў любым выпадку будзе крызіс, у якім мацнейшыя будуць эксплуатаваць слабейшых. Ваяваць прыйдзецца кожнаму. Або за сваю свабоду, або нявольнікам за інтарэсы акупантаў», — упэўнены ён.
Радзівон (Гена) Батулін — беларускі добраахвотнік. У юнацтве з’ехаў з Беларусі. Пасля падзей 2020 года займаўся дапамогай беларусам ва Украіне, быў адным з арганізатараў беларускіх акцый у Кіеве. Са жніўня 2021 года жыў у Латвіі. З пачаткам поўнамаштабнай расейскай агрэсіі выправіўся ва Украіну і далучыўся да батальёну Кастуся Каліноўскага. У жніўні 2022 года разам з ваярамі батальёну «Тэрор» адасобіўся ад палка Каліноўскага. З 23 лютага 2023 года ваюе ў складзе Беларускага добраахвотніцкага корпусу.
«Мяне звязвае з Беларуссю кроў продкаў»
Дзяцінства я правёў у вёсцы Ліцьвякі, выхоўваўся бабуляй і дзедам — настаўнікамі па прафесіі. Дзед мой, Фандо Аляксандр Аляксандравіч, прайшоў усю Другую сусветную вайну кулямётчыкам. Таму, акрамя выхавання і базавай адукацыі, я з дзяцінства быў захоплены духам ваярства. Гэта сфармавала неабходныя рысы характару, якія дапамагаюць мне ўсё жыццё. Калі ўжо было небяспечна знаходзіцца ў Беларусі, я не разглядаў пераезд у Еўропу як уцёк. Тым больш крымінальных артыкулаў ды пераследаў за мной няма. Але каб яны не былі сфабрыкаваныя, каб працягнуць свой шлях нацыянальнага станаўлення і супраціву, я пераехаў на больш выгадныя пазіцыі ў межах Інтэрмарыўму. А ўвесь досвед, сувязі, рэсурсы я накіроўваў непасрэдна на тое, каб межы Інтэрмарыўму былі не толькі тэарэтычнымі, але і з'яўляліся на рэальнай геапалітычнай мапе. І Беларусь павінна стаць паўнапраўным удзельнікам вольных краін у гэтых межах.
Спорт — гэта неабходная частка развіцця чалавека
Ніколі сябе не лічыў прафесійным спартсменам, нягледзячы на непаганыя дасягненні. У 2013 -2015 гадах я быў прафесійным байцом ММА. Удзельнічаў у міжнародных турнірах, выступаў у складзе латвійскай каманды, у тым ліку, як прадстаўнік Беларусі. Для мяне кантактныя віды спорту — гэта інструмент абароны сваіх пазіцый ды прынцыпаў. Калі моладзь не можа ўплываць на палітыку праз урад, яна гэта робіць праз вуліцу. На маім рахунку дзясяткі выведзеных з ладу ў вулічных супрацьстаяннях палітычных апанентаў. Тыя з іх, хто аказаўся больш жывучым, пазней далучыліся да ўзброеных бандаў так званых ЛДНР. Яскравы прыклад такога «шчасліўчыка» — Айо Бенес. Ён і яго таварышы неаднаразова пакутавалі ад жорсткіх вулічных сутычак. Каму з іх усё ж дазволіла здароўе, далучыліся яшчэ ў перыяд АТА да рускамірнай арды. Яшчэ адным з такіх прыкладаў зʼяўляецца Аляксей «Молодой», лідар латвійскіх футбольных фанатаў ФК Вэнтспілс, які пасля прафілактычнага заплыву ў лужыне на вачах сваіх камрадаў збавіў абароты ватнай рыторыкі. Я ўпэўнены, што гэта не дало «Эспаньоле» яшчэ пару дзясяткаў адзінак матываванага мяса.
Ва Украіну прыехаў напачатку 2015 года
Я ўвесь час сачыў за падзеямі Майдану і пачаткам вайны. Я неаднаразова наведваў Украіну яшчэ да 2014 года і добра разумеў, што лёс Усходняй Еўропы будзе зноў вырашацца менавіта ў гэтым геаграфічным стыку цывілізацый, этнасаў, культур, гандлёвых ды вайсковых шляхоў. Гэта быў размеркаваны крок у выбары: ці заставацца назіральнікам падзей, якія непасрэдна ўплываюць на лёс маёй нацыі, або адстойваць яе інтарэсы асабістым уплывам. Калектыў першай выведнай роты АЗОВу мне падаўся для гэтай мэты ідэальным.
Беларускі дом ва Украіне
Асноўнай мэтай заснавання Беларускага дому ва Украіне было стварэнне беларускай дыяспары. Я быў адным з сузаснавальнікаў БДУ. Канешне ж, мы не хацелі проста зменаў дэкарацыяў саўка на свабоду. Асноўнай тэзай фармавання нашай дыяспары стала слова: узаемадапамога. Мы дапамагалі вымушаным перасяленцам з Беларусі пасля падзеяў 2020 года — жытлом, ежай, працай, легалізацыяй, рашэннем сацыяльных праблемаў. Падчас аказання гэтай дапамогі адбывалася знаёмства аднаго з адным, наладжваліся чалавечыя стасункі, шырылася кола знаёмых беларусаў. Калі чалавек станавіўся на ногі ў новым месцы, ён звычайна запытваў, як можа аддзячыць нам, і атрымліваў адказ, што можа дапамагчы такому ж беларусу, які прыедзе ва Украіну заўтра.
Мы арганізоўвалі штотыднёвыя акцыі, адзначалі святы і траурныя дні беларускай гісторыі і сучаснасці. Камунікавалі з урадам Украіны па пытаннях, якія мелі адносіны да беларусаў ва Украіне і Беларусі. Увесь час максімальна інфармавалі і далучалі да гэтых працэсаў беларусаў. Каб праз фармаванне дыяспары можна было сфармаваць тое грамадскае зерня, якое ў будучым можна было б перанесці ў вызваленую Беларусь.
Самае цяжкае на вайне — гэта хаос
Той, які ўсё нарадзіў калісьці, але зараз паглынае ўсё на лініі сутыкнення з расейскімі акупантамі. Ён нібыта высмоктвае душы ў гарадах, вёсках, лясах ды нават стэпах. Усе лакацыі больш падобныя на дэкарацыі з фільмаў Стэнлі Кубрыка, чым на нешта рэальнае. Толькі час ад часу сустракаеш нешта выпадкова жывое. Скажаецца ўсё, нават самы надзейны план. Існаваць у гэтым хаосе вельмі цяжка, павяртацца з яго — як вырывацца з дрыгвы. Вайна нічога не дае. Яна забірае твой час, здароўе, сон, ногі, рукі, вочы і напрыканцы — жыцці. Толькі ў такіх опцыях мяняе вайна.
Задачы «з зорачкай»
АСП «Тэрор» удзельнічаў у вялікай колькасці складаных задач, так бы мовіць — з зорачкай. Але толькі аб невялікай іх колькасці мы можам распавядаць. Было некалькі этапаў. Першы, гэта наш батальён «Тэрор» на Мікалаеўскім і Херсонскім напрамках. Там за нас могуць сказаць 28, 35, 59, 61, 63, 126 брыгады і тыя, хто прыяднаўся ўжо да Херсонскага наступу. Былі штурмы, абарона, мінавання варожых шляхоў лагістыкі, рэйды, выведка, праца мінамётчыкаў. Вызначу ідэальную ў плане выканання задачу па ўзяцці вышыні Макдональдс на левым беразе ракі Інгулец. Гэта была шостая штурмавая аперацыя гэтай вышыні. Мы правялі яе максімальна па таймінгу, што дазволіла заскочыць у яшчэ цёплыя траншэі ворага і завесці туды асабовы склад 61 брыгады. Вораг звычна адцягнуўся ад артабстрэлаў, але ўжо не паспелі павярнуцца назад. Заняцце гэтай вышыні на левым беразе сыграла ключавую ролю ў далейшым накапленні асабовага складу і падрыхтоўцы для Херсонскага контрнаступу. Сам контрнаступ мы правялі разам з 35-й брыгадай, першапраходцамі па мінных палях, пад артылерыйскім, ракетным і ланцэтным прыкрыццём варожага адыходу. Мы вызвалялі сёлы, мерзлі ў адбітых стэпавых акопах, пакуль у Херсоне адбываліся фотасесіі. Бо Херсон не быў фарпостам. З самога гораду генералы і акупацыйная адміністрацыя збегла, як толькі мы пачалі рваць іх лініі абароны.
Другі этап вельмі насычаны — на падзеі і тым больш на кірункі. Пачалі мы з перадыслакацыі на Запарожскі накірунак. На восень-зіму 2022 года гэта быў максімальна статычны фронт. Што не перашкодзіла нам зайсці ў тыл ворага і знішчыць узвод ворага не на іх ВОПе, а ў катэджы, дзе яны «дзяжурылі» халоднымі начамі. Гэта быў уваходны квіток да групы Цімура, пра некаторыя аперацыі ўжо вядома. Некаторыя адзначаў Зяленскі ў сваіх зваротах. Пералічваць задачы будзе доўга, таму прасцей будзе пашукаць інфармацыю пра гэтую групу ў складзе ГУР МАУ.
Беларускі добраахвотніцкі корпус
23 лютага 2023 года быў створаны Беларускі добраахвотніцкі корпус.
Аб’яднанне беларускіх добраахвотнікаў, ваюючых супраць Расіі ў шыхтах УСУ. Стварэнне БДК — гэта эвалюцыйны этап. «Тэрор» патрэбна было выдзеліць як атрад спецпрызначэння, але звычайнай штурмавой працы не станавілася менш. Таму мы зрабілі падраздзел БДК, у якім ёсць АСП «Тэрор». Мэты прапісаныя ў маніфесце БДК, ён зацверджаны асабовым складам і падпісаны публічнымі прадстаўнікамі. Таксама хачу дадаць, што БДК — гэта свайго роду пляцоўка для любых беларускіх груп і падраздзяленняў, якія сапраўды прыехалі на вайну. Не абяцаем вам, што тут не будзе агульнаўкраінскіх праблемаў, вядомых усім вайсковым. Але задачы «з зорачкай» і магчымасць быць на вастрыі атакі абяцаем.
Я жартую, што нас аб'яднала — адхіленне. Але, калі сурʼёзна, я не ведаю: мы вельмі розныя. Адно, што ёсць у кожнага, што я памячаю — шчырасць і яснасць вачэй. Хлопцы найлепшыя, каго я сустракаў з беларусаў. Я кажу гэта не дзеля рэкламы падраздзялення, наадварот унутры мяне заўсёды пячэ сум, што найлепшыя кожны дзень сыходзяць у барацьбе за нацыю, якая ніяк не можа прачнуцца. Лепей чым радкамі з нашага гімна, гэта не вымавіць:
Маці родная, Маці-Краіна!
Не ўсцішыцца гэтакі боль.
Ты прабач, ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!
Менавіта яны — тыя сыны сваёй нацыі, сваёй Маці-Беларусі.
Пра кожнага загінулага трэба пісаць кнігу.
Згадаць кагосьці асобна будзе непавагай да ўсіх астатніх. Мы памятаем кожнага. На жаль, не пра кожнага можам распавесці. Калі мы ўсе загінем, пра герояў без імёнаў ужо ніколі не дазнаюцца. Максімум будзе знойдзена інфармацыя ПІБ з датай смерці. За нашых невядомых нікому загінулых братоў мы павінны перамагчы.
Не схапіў кулю, але падарваўся на міне
Пры адыходзе пад шчыльным агнём ворага я быў вымушаны змясціцца бліжэй да замінаванай дзялянкі. Жартую, што на ТМ-62, таму што ўжо падрываўся да гэтага на ТМ-цы без ампутацый. На гэты раз трошкі ступні адрэзалі. Задача была максімальна дзёрзкая, як большасць у нашай групе. Гэта быў першы паспяховы рэйд праз Дняпро з мэтай знішчэння такой колькасці ворагаў. Мы літаральна спалілі іх базу, расстралялі амаль узвод, падбілі тэхніку ды прыхапілі палоннага. На жаль, акрамя мінавыбуховых і кулявых драпін, пры адыходзе па Дняпру загінуў наш украінскі брат Русік. Яму трапіла куля ў галаву, выратаваць яго жыццё не атрымалася.
Вайна эвалюцыянуе
Становіцца ўсё больш тэхналагічнай. Усё менш яна прабачае памылкі. Вораг становіцца больш падрыхтаваным і дасведчаным. Я лічу гэтую вайну сусветнай, яна набірае свае абароты, выкрышталізоўвае і расстаўляе саюзныя альянсы супрацьстаяння цывілізацый. І перавага ў рэсурсах гэтага супрацьстаяння не на нашым баку: ні чалавечага, ні фінансавага, ні снараднага. Магчыма, толькі вышэйшыя тэхналогіі наша перавага. Але яны не на нашым фронце і, хутчэй за ўсё, ЗША іх надасць Паўднёвай Карэі або Ізраілю, чым нам. Бо бачыць постсавецкі падыход на ўкраінскім фронце. Таму мне смешна чуць тэзы «маленькая савецкая армія не можа перамагчы вялікую савецкую армію». Па факту, маленькія баяздольныя аб’яднанні нацыяналістаў і патрыётаў у маленькай савецкай арміі на дадзены момант супрацьстаяць вялікай савецкай арміі, пакуль лібералы разважаюць пра рэформы, якія не зробіш у галавах генштабу. Трэба прымаць абставіны і працягваць супраціў агрэсару пад планы медыястратэгаў.
Усе баі цяжкія
Кожны наступны бой усё больш складаны і цяжкі. Лёгка толькі паміраць, перамагаць заўсёды цяжка. Канешне ж маральна больш цяжка кіраваць ходам бою дыстанцыйна. Асабліва, калі планаваў яго, даводзіў да асабовага складу і цяпер нясеш адказнасць за вынік. Нясеш адказнасць за жыцці хлопцаў. Мы маем патэнцыял, таму нас задзейнічаюць у шляхетных місіях. Гэта вялікі гонар. Хлопцы з БДК жадаюць стаць часткаю АСП «Тэрор». На жаль, некаторыя далучаюцца да складу ўжо пасмяротна.
Гумару на вайне вельмі шмат
Ён у большасці сваёй спецыфічны. Вельмі не талерантны да ўсяго, на што ў грамадстве накладзеныя табу. Калі ў нас задачы зацягваюцца на месяцы, мы трошкі дэградуем у сваім маральным стане. І ўжо сур'ёзна разважаем на рахунак таго, што неабходна трошкі павяртацца да цывілізаваных нормаў камунікацыі. Сапраўды смешныя сітуацыі на фронце зусім не развесяляць у мірным жыцці і хутчэй за ўсё сфармуюць думку ў чытача, што я бальны вырадак.
Ну, бывалі канешне смешныя курʼёзы. Асабліва з мабілізаванымі рускімі. Але гэта, зноў жа, больш падыдзе да фармату асобнага расказу. Калі дажыву да заканчэння вайны, напішу ў асабістым кабінеце або ў турме, у перапынках паміж катаваннямі.
Гэта не лакальны канфлікт Украіна — Расія
Перамога або паражэнне будуць агульнымі. Бо вораг адзін. Калі мы знішчаем ворага, варыянтаў можа быць многа. Ад альянсу Інтэрмарыўму з Беларуссю ў ягоным складзе, да непрыгоднай для пражывання ядзернай пустэчы на тэрыторыі нашай краіны. Пасля вайны ў любым выпадку будзе крызіс, у якім мацнейшыя будуць эксплуатаваць слабейшых. Ваяваць прыйдзецца кожнаму. Або за сваю свабоду, або нявольнікам за інтарэсы акупантаў. Вайсковая дыктатура, агульная мабілізацыя ўрадаў, грамадства, эканомікі дзяржаваў-саюзнікаў. Усё павінна станавіцца на ваенныя рэйкі.
Чаго не хапае зараз
На гэтай стадыі вайны нам не хапае буйнага ўзбраення, матываваных рэкрутаў, вайсковых спецыялістаў, фінансаў на набыццё спецрыштункаў.
І яшчэ не хапае дыяспарнай дапамогі ўзроўню інстытуту дапамогі параненым і семʼям загінулых, ініцыятывы нашага грамадства па падтрымцы тых, хто ахвяруе жыццё за сваю нацыю — за вас, беларусы.
Жыццё пасля вайны
Пасля заканчэння вайны я проста хачу быць карысным Беларусі і беларусам.
Жыць, паміраць і адраджаць веліч Беларусі — гэтымі словамі мы завяршаем ваярскі зарок.
Фота з асабістага архіву героя публікацыі