Рэха Плошчы

Больш за два гады мінула з тых падзеяў, якія шмат хто як у Беларусі, так і па-за яе межамі назваў “Крывавай нядзеляй”. Так, 19 снежня 2010 года назаўжды ўвайшло ў найноўшую беларускую гісторыю як самы буйны разгон масавай акцыі пратэсту пасля правядзення чарговых выбараў кіраўніка дзяржавы. Але нават для тых, хто за ўдзел у тых падзеях прайшоў праз крымінальны пераслед, праз “амерыканку”, праз турмы і калоніі, а потым выйшаў на волю, аказваецца, Плошча яшчэ не скончылася. Рэжым працягвае жадаць сатысфакцыі.

Ад былога палітычнага вязня Мікіты Ліхавіда ўлады ў асобе міліцыі Першамайскага раёна сталіцы зноўку патрабуюць вярнуцца за краты. Праўда, не на гады, а “усяго толькі” на дзесяць сутак. Каб адбыць “недаседжаны” адміністрацыйны тэрмін за ўдзел у вечаровых падзеях 19 снежня 2010 году на Плошчы Незалежнасці ў Мінску. Падзеях, якія ўразілі і скалынулі ўвесь цывілізаваны свет. Калі сотні ўзброеных да зубоў спецназаўцаў лупцавалі дручкамі і збівалі кулакамі ды нагамі сваіх суайчыннікаў, якія мелі “нахабства” выказаць сваё ўласнае стаўленне да вынікаў чарговай электаральнай кампаніі па абранні бяззменнага кіраўніка краіны.

Сотні і сотні затрыманых, нават тых, хто не меў да Плошчы анякага дачынення, збітых і прыніжаных беларусаў. Соні і сотні асуджаных на адміністрацыйныя арышты ці велізарныя штрафы. Некаторыя людзі ў выніку дзеянняў “праваахоўнікаў-касманаўтаў” засталіся інвалідамі. А яшчэ дзясяткі прадсталі перад судамі ў якасці “крымінальнікаў”. У тым ліку і большасць кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду.  Кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, прыгавораны да шасці гадоў пазбаўлення волі, дагэтуль пакутуе ў гарадзенскай крытай турме.

Апошнім часам падавалася, што справа ідзе да вызвалення ўсіх ці хаця б большасці беларускіх палітвязняў. Стасункі з Масквой у афіцыйнага Мінска неяк не складваюцца, улады кепска прыхавана актывізавалі сваю дзейнасць у заходнім накірунку. Мінулыя часы паказвалі, што актывізацыя заходняга вектару ў знешняй палітыцы спрыяла хоць у нейкай ступені палягчэнню лёсу закратаваных апанентаў дзеючых уладаў. У 2008 годзе з калоніі нават адпусцілі тагачаснага “ворага нумар адзін”, таксама кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. Як і іншых “палітычных”.

І вось цяпер здараецца нейкі нонсэнс. Адбываць “неадбыты” адміністрацыйны тэрмін патрабуюць ад людзей, якія ўжо панеслі пакаранні паводле крымінальных справаў. Рэальныя пакаранні!  Прычым, гледзячы па ўсім, тычыцца гэта не толькі Мікіты Ліхавіда.

Па-першае, як кажуць юрысты, гэта супярэчыць заканадаўству, бо тэрмін па адміністрацыйных справах тых адносна далёкіх часоў ужо выйшаў. Па-другое, за адно і тое ж нельга караць некалькі разоў. Прынамсі, ёсць дзеючае заканадаўства, нарэшце, ёсць Канстытуцыя, якую яшчэ ніхто не адмяняў.

Дык каму выгодна зноў бударажыць грамадства, зноў вяртацца да самых тлумных і чорных момантаў, якія адбываліся пасля Плошчы? Навошта? У краіне, дзе закон не для ўсіх роўны, дзе жаданне помсты вышэйшае за здаровы сэнс, адказу на гэтыя пытанні знайсці складана. Можна толькі выказваць меркаванні. Але без гарантыяў іх трапнасці.