Касмэтычка для наўтбукі
Аднойчы я вырашыла, што мой ноўтбук – дзяўчынка. Японская дзяўчынка-наўтбука па імені Ташыба. І, як любой прыстойнай дзевачцы, ёй патрэбныя аксэсуары. І таму аднойчы прынагодна, на распродажы ў нейкім супэрмаркеце, я купіла ёй дарожную касмэтычку.
Аднойчы я вырашыла, што мой ноўтбук – дзяўчынка. Японская дзяўчынка-наўтбука па імені Ташыба. І, як любой прыстойнай дзевачцы, ёй патрэбныя аксэсуары. І таму аднойчы прынагодна,
на распродажы ў нейкім супэрмаркеце, я купіла ёй дарожную касмэтычку.
Касмэтычку з паліцы я схапіла, амаль нягледзячы.
Спакусіў кошт, роўны, па курсе на той час у той краіне, аднаму эўра. Сама тыя выдаткі, як для наўтбукі. Неабходнасьць у такім набытку прысьпела даўно – за кароткі час нашага суіснаваньня
наўтбука абрасла маёмасьцю. Usb-лямпа, некалькі флэшак, зараднік для ай-поду, індыйская сурвэтачка, каб накрываць наўтбуку ад пылу, мікрафон ад скайпу, выціралкі манітору… Усё гэта самым
пільным чынам патрэбна ў дарозе, усё гэта трэба ў нечым насіць. І толькі прыйшоўшы ў гатэль і агледзеўшы набытак, я зьдзівілася, наколькі прыгожай апынулася рэч, купленая ў такой сьпешцы. Аранжавы
кавалак цыраты, абшыты квяцістай тканінай. Прастабнавана ідэальна роўна – тканіна і замок сымэтрычна і трывала прыточаныя да цыраты. Толькі ў адной краіне сьвету маглі ТАК пастарацца за
ТАКІЯ грошы.
Ня ведаю, як каго, а мяне зачароўваюць рэчы, на якіх напісана Made in China. Дарагія і танныя, шкодныя для здароўя і экалягічна чыстыя, густоўныя і кічавыя, з эўрапэйскай фірмовай крамы і з
барахолкі ў райцэнтры. Я ўспрымаю іх, як пасланцоў такой далёкай мне цывілізацыі, – гэта адно ілюзія, што праз азіяцкіх студэнтаў, якія запаланілі ўсе нашыя вну, Азія сталася нам бліжэйшай.
Калі я бяру ў рукі зробленую ў Кітаі рэч, мяне прысьпявае нейкае неперадавальнае адчуваньне цуда. Так, відаць, пачуваліся эўрапэйскія імпэратары, калі да іх нарэсьце давозілі дары з Паднябеснай. Ці ж
гэта ня цуд, што, стоячы пасярод рэчавага рынку ў Ждановічах, я магу трымаць у руках штосьці, да чаго дакраналіся рукі чалавека на іншай частцы глобусу?
Я спрабую ўявіць сабе швачку, якая пашыла гэту касмэтычку. Не сумняюся, што гэта была дзяўчына. Хаця не, магчыма, яны працавалі мануфактурай, і іх было некалькі. Я абіраю думаць пра тую, якая
прышывала да касмэтычкі ручкі. Ёй перадаюць амаль гатовыя кавалкі цыраты, ужо з замочкамі – засталося даведзенымі да аўтаматызму рухамі прыкласьці раменчык, прастабнаваны адной і нарэзаны на
роўныя матузкі другой, што ня ўмее яшчэ шыць, дзяўчынкай, – і прытачыць да цыраты роўным квадрацікам. Па чатыры квадрацікі на адзінку тавару. Цікава, колькі квадрацікаў яна прытачвае за
зьмену? Ці стаяць яны ўваччу, калі яна заплюшчвае вочы, засынаючы позна ўвечары? Мне здаецца, я магу ўявіць яе думкі (яны далёка) і эмоцыіі (іх гяма) падчас працы. А таксама – тое, што
адчувае ўсё яе цела, калі зьмена скончаная. Або можа яна шыла яе ўсю. І тады яна абавязкова на сэкунду затрымлівала, круціла пашытае ў руцэ, ацэньваючы, ці нічога не забыла, і, магчыма, падсьвядома
любуючыся. Я мацаю цырату вырабу, разглядаю квяцісты ўзор на тканіне. Ня ведаю, як я, а гэтая дзяўчына робіць патрэбную справу.
Я думаю, увесь паршывы рамантызм ува мне – ад
набэліста-2000 Гао Сіньцзяня зь яго “Бальзакамі і швачкай-кітаяначкай. У кніжцы мяне больш абыходзіла швачка, чым Бальзак, але я б ніколі не даведалася пра швачку, калі б ён не
напісаў яшчэ і пра Бальзака. Захад-Усход, повязь цывілізацыяў, сусьветная значнасьць і ўсё такое. Мне прыемна думаць, што гэта швачка-кітаяначка пашыла для мяне касмэтычку.
Так, я рэчыстка – як бы не крытыкавалі гэта філосафы-матэрыялісты з маіх школьных падручнікаў і сонцападобны Мао, гуру маёй кітайскай швачкі.