Дзень бухла

"Дзень цвярозасці", які акурат на Дзень святога Валянціна падсуеціў нам Менгарвыканкам разам з са сваім жа ГУУС, пакінуў вельмі сумнае ўражанне. Персанальна ў мяне склалася ўражанне, што гэтая акцыя была скіраваная не тое, каб не панізіць, а падвысіць спажыванне алкаголю ў насельніцтва Мінска.  

"Дзень цвярозасці", які акурат на Дзень святога Валянціна падсуеціў нам Менгарвыканкам разам з са сваім жа ГУУС, пакінуў вельмі сумнае ўражанне. Персанальна ў мяне склалася ўражанне, што гэтая акцыя была скіраваная не тое, каб не панізіць, а падвысіць спажыванне алкаголю ў насельніцтва Мінска.

Па-першае, "Дзень цвярозасці" прайшоў адразу пасля так званага ў народзе "дня кіроўцы", — вечара пятніцы, калі большасць кіроўцаў мае намер "адарвацца", кампенсуючы тыдзень утрымання ад спажывання алкаголя. Па-другое, абмежаваць продаж нейкіх алкагольных напояў у Дзень святога Валянціна, — гэта трэба мець асаблівы склад розуму.

З гэтымі думкамі я і выправіўся зранку 14-га, паглядзець на рэальнае забеспячэнне "Дня цвярозасці".

Божухна, якое расчараванне мяне чакала! Пачнем з таго, што пра дзень цвярозасці амаль ніхто і не ведаў. На бліжэйшым да мяне ўніверсаме ва Фрунзенскім раёне вісела, канешне, абвестка пра тое, што ў 14-га — Дзень цвярозасці, і "забаронены продаж піва і слабаалкагольных напояў". Пра гарэлку, "недарагія і смачныя" пладова-ягадныя "віна" беларускай вытворчасці, гарэлку і іншае — ані слова.

Некаторыя крамы ўвогуле не ведалі, што гэта такое. На другой краме, вельмі маленькай, але "бардзо пожонднай", вісела аб'ява, што продаж алкаголю абмежаваны ў сувязі з правядзеннем у Мінску... "Мінскай лыжні"!. Адразу ўзгадалася: "Я стаю на асфальце, ногі ў лыжы абуты, ці то лыжы не едуць, ці то я... неадэкватны". Гэтыя радкі ўзгадваліся мне, калі я чопаў далей па лужынах і мокрым снезе, які валіў на мяне зверху.

Першае піва я знайшоў у шапіку "Хутка-смачна". Раней "Крыніцу" за 2.700 у іх не браў ніхто. Зараз там стаяла невялічкая чарга.

Я тады падумаў: "Не можа быць, каб НАШ чалавек не знайшоў піва!" І выправіўся ў стандартную кропку: на вакзал. На вакзале большасць крамаў не працавала, "у сувязі з пастановай Мінгарвыканкама". Пра "Дзень цвярозасці" — ані слова. На вакзале таксама нічога не прадавалі, нават была зачыненая стандартная папулярная ў асобнага кантынгента "Аліварыя" каля міжгародных пуцей. У мяне прачнулася надзея пра "Дзень цвярозасці", але чорт занес мяне па справах у раён "Ракаўскага Кірмашу" на станцыі метро "Пушкінская".

Тут я зразумеў, што з "Днем цвярозасці", нас, мякка казаць, падманулі. Піва прадавалася ўсім, у каго ёсць грошы. Якое заўгодна: светлае, цёмнае, моцнае, у бутэльках і на розліў. Грамадзяне нармальнага стану палілі і гаманілі пра тое, што недзе не прадаюць гарэлку, але нехта пабег у аптэку за настойкай баярышніка. Усё ішло звычайным шляхам.

Канчаткова пераканала мяне ў адсутнасці існавання "Дня цвярозасці" піўнуха на Камароўскім рынку. Там піва таксама разлівалі, пры гэтым папярэждваючы: "На вуліцу не выносіць!" Гэта — для мінакоў, для такіх, як я. "Сваім" жа піва выдавалася ў бутэльках з папярэджаннем "схаваць" і з падсобкі.

Я думаю, што ўсе ведаюць, хто на рынках "свае". Гэта палова рынку, дзе кожны пастаянны прадавец ведае кожнага пастаяннага прадаўца, дзе кожны ІП-шнік мяняецца з кімсці "бартэрам": каму што патрэбна, — я табе ківі на Новы год, ты мне дыньку... Дзе прадаўцы пазычаюць адзін аднаму грошы, разам "грэюцца" у той жа піўнушцы і просяць "запісаць на рахунак", — расплоцяцца, калі будзе заробак...

Пакуль я піў свой куфаль піва, пры мне разышлося каля дзвух скрыняў гэтага смачнага напою. Сярод "сваіх".

Прыйшоўшы на працу, я залез у інтэрнэт. Што я там пабачыў у першую чаргу? "Па выніках сённяшняй барацьбы за цвярозасць ужо вядома, што кошт на гарэлку на вакзале быў $8 за бутэльку, у бабуляк — $5,7, у таксістаў — $6,3", піша блогер luchecon (http://luchecon.livejournal.com/153212.html). Не я адзін з гэтай ідэяй прайшоўся па крамах!

"Толькі што вярнуліся з супругам з "Кароны" — набыла сабе бутэльку чырвонага сухога, муж — піва. Народ бярэ гарэлку і іншыя "забароненыя напоі ". Ніякага ажыятажа няма. Калі б не прачытала на сайце пра "сухі" дзень св. Валянціна — і не даведалася бы пра чарговую забарону", — піша нейкая Алена на сайце "Хартыі-97" (http://www.charter97.org/index.php?c=arcomm&i=15088&c2=araddcompa).

"Пад'язжаеш у "Старое русло", бярэш "Бівер", а не бутэлечнае лайно, у іх і тара маецца", — раіць адзін ЖЖ-юзер іншаму.  

"Толькі што з піўбара "Аліварыя" на Багдановіча. Піва "Аліварыя-бровар" — 1.850 за 0.5, гарэлка "Стольградная" — 14.500 за бутэльку. "Дзень цвярозасці", кажаце?", — здзекуецца Ананімус на той жа "Хартыі".

"Ва ўніверсам "Глобо" заруліваю... і на табе і піва, і гарэлка, і віно, і шампанскае. І нават не вельмі вялікі ажыятажык каля аддзела", — піша чытач "Хартыі" з нікам "не п'ю".

Такім чынам, "Дзень цвярозасці" поўнасцю праваліўся. А ўсё з-за чаго? З-за таго, што нашае кіраўніцтва па-ранейшаму дзейнічае старымі савецкімі метадамі, якія, дарэчы, нават у савецкія часы даказалі сваю неэфектыўнасць і правальнасць. Але ж са стэрэатыпамі змагацца вельмі цяжка.

Час ужо зразумець, што забаронай анічога не вырашыць. Калі абмежаваць продаж піва нават у барах, — будуць піць "чарніла". Будуць і мачыцца не ў прыбіральнях тых самых бараў, а ў пад'ездах, што даказалі савецкія часы.  

Для таго, каб народ менш піў, трэба развіваць культуру піцця. А гэта значыць, ствараць "барныя месцы адпачынку" не толькі ў цэнтры сталіцы, але і ў раёнах. У Шабанах, на Паўднёвым Захадзе, проста на Захадзе, у Кунцэўшчыне — у "спальных раёнах", дзе жыве зараз большасць мінчан, але няма, ці амаль няма прыстойных бараў і рэстарацыяў. Каб людзі не "забівалі" сабою ўсе кабакі цэнтра, а маглі б адпачыць недалёк ад дома. І выпіць таго ж піва не з абрыднеўшага "пластыку", а з нармалёвага шклянога куфля, пад нармалёвую музыку з нармалёвай закуссю, у нармальнай атмасферы.

Для дзяржавы гэткія крокі па арганізацыі нармальных месцаў такога адпачынку проста непад'ёмныя, — не стае грошаў, месцаў, кваліфікаванага персаналу. Значыць, трэба даць свабоду тым, хто мае намер арганізаваць такія месцы. Як іх могуць арганізаваць прадпрымальнікі, калі толькі для адкрыцця ўтульнага бара трэба ад 13 да 24 ліцэнзіяў? Ніяк. А гэта значыць, трэба разняволіць бізнэс. Разняволіць бізнэс, які ўспрымаецца, як пагроза, як "вшівые блохі"? Не дай Божа! І вось кола замкнулася...

І вось, "Дзень цвярозасці" ператвараецца ў "Дзень бухла", калі п'е нават той, хто раней у гэты дзень піць не збіраўся.