Свінская хвароба як фактар эканомікі

"Ніякага свінога грыпу няма. Наколькі я ведаю, захварэўшых на пнеўманию ў нас сёння значна меней, чым у мінулым годзе. Такая ж сітуацыя ў Украіне. Гэта звычайная правакацыя фармацэўтычных кампаній. Гэта іх замашкі і жаданне зарабіць на чужой бядзе"

Аляксандр Лукашэнка, аэрапорт "Барыспаль", Украіна, 4 лістапада

Што ж, няма, дык няма. Але нават калі яго няма, яго след было выдумаць. І невядома чаму усе высокапастаўленыя чыноўнікі заклікаюць не сеяць паніку, — наадварот, трэба яе сеяць!

"Ніякага свінога грыпу няма. Наколькі я ведаю, захварэўшых на пнеўманию ў нас сёння значна меней, чым у мінулым годзе. Такая ж сітуацыя ў Украіне. Гэта звычайная правакацыя фармацэўтычных кампаній. Гэта іх замашкі і жаданне зарабіць на чужой бядзе"
Аляксандр Лукашэнка, аэрапорт "Барыспаль", Украіна, 4 лістапада
Што ж, няма, дык няма. Але нават калі яго няма, яго след было выдумаць. І невядома чаму усе высокапастаўленыя чыноўнікі заклікаюць не сеяць паніку, — наадварот, трэба яе сеяць!
Уявім сабе, што так званы "свіны грып", якога няма, — проста арыгінальная праграма беларускага ўрада па "разгрузцы складоў" і выкананні патрабаванняў Александра Рыгоравіча. І глядзім, што атрымліваецца.
Канешне, першай значна "паднялася" фармацэўтычная прамысловасць. Яны не толькі "разгрузілі" тое, што было назапашана гадамі, але і значна павысілі вытворчасць антыгрыпозных прэпаратаў. У беларускай кампаніі "Лекфарм", якая вырабляе супрацьвірусныя лекі "Арпетол" (міжнародная патэнтаваная назва — арбідол), за суткі выпушчана 200 тысяч упаковак, плануецца выпусціць яшчэ 300-500 тыс. Карацей, прадпрыемства працуе ва ўзмоцненым рэжыме.
Генеральны дырэктар гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Фармацыя" Аляксандр Глушнеў паведаміў БелаПАН, што ўвечары 3 лістапада ў аптэкі вобласці паступіла 8 тыс. упаковак прэпарата "Арпетол" і 3 тыс. — "Рэмантадына". Ён адзначыў, што айчынныя вытворцы паабяцалі выпуск аксалінавай мазі па 9 тыс. упаковак на суткі.
І гэта толькі ў Гомелі! Што ж казаць пра Мінск?
Дарэчы, фармацэўтычная галіна вытворчасці ў Беларусі павінна на гэтым і неблага зарабіць. Як казаў мне адзін мой калега, яшчэ месяц таму ў бліжэйшай да яго аптэке "Арпетол" каштаваў сем з паловай тысячаў рублёў. Зараз за ўпакоўку прэпарата просяць 22.000. Неблагі "навар" атрымліваецца!
Больш за тое, хто раней мог сабе дазволіць набыць нейкі "Таміфлю", які каштуе аж за сто тысячаў рублёў? Нейкая лека ад грыпа — і сто тысячаў? Раней бы паслалі падалей з такімі коштамі. Зараз — размялі ўсё. Нават нягледзячы на кошт.
З іншага боку, "свіны грып" паспрабаваў падняць і дагэтуль непад'ёмнае, — лёгкую прамысловасць. "Белфармацыя" накіравала звароты да Баранавічскага хлапкапаперавага камбіната, а таксама да прыватных прадпрыемстваў "Фармаркет" і "Галатэя" з прапановай наладзіць ўласную вытворчасць марлевых павязак. Баранавічскія ўжо ўхапілісь за гэтую ідэю, і пабяцалі нашыць павязак усім жадаючым за 10 — 14 дзён.
Прымазацца к пад'ёму лёгкай прамысловасці спрабуюць нават псіхушкі. Пацыенты Гомельскай абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы, якія праходзяць працатэрапію ў вытворчых майстэрнях, будуць шыць марлевыя павязкі. Як паведамілі БелаПАН у КУП "Лячэбна-вытворчыя майстэрні", раней прадпрыемства выпускала марлевыя павязкі толькі для ўласных патрэб. Для масавай вытворчасці трэба атрымаць гігіенічнае пасведчанне ў Мінску, прайсці ўсе неабходныя ўзгадненні, гэта зойме не менш як 10 дзён. Плануецца, што цана павязак з марлі будзе да 1.500 рублёў.
А сельская гаспадарка? Яшчэ адна мая каляжанка спрабавала купіць ў бліжэйшай краме лук ці часнык. І што? Няма! Размялі ўсё!
А жывёлагадоўля? Ніводная беларуская свіння ад "свінога грыпу" нават не кашлянула. А вось наконт астатніх свінняў — невядома. І на гэтай падставе пад шумок Беларусь 4 лістапада ўвяла часовыя абмежаванні на ўвоз свініны, у тым ліку прадуктаў перапрацоўкі свініны і свіной тэхнічнай сыравіны, з Расіі. "Часовыя абмежаванні на ўвоз свініны ўведзены ў сувязі з пагаршэннем эпізаатычнай сітуацыі па афрыканскай чуме свіней у Расіі", — заявіла прэс-сакратар Мінсельгасхарча Дар'я Казлоўская.
Суцэльнае "Купляйце беларускае!"
Карацей, калі ў нас няма "свінога грыпу", то атрымаўся неблагі параўнальна чэсны ад'ём грошай у насельніцтва, і круты пад'ём розных галінаў вытворчасці.
Зараз беларускім чыноўнікам трэба не заспакойваць насельніцтва, не пагражаць журналістам за "неаб'ектыўную інфармацыю" і "расссейванне панікі", а наадварот, думаць над тым, які яшчэ грып можна прыдумаць.
Прыкладам, штам грыпу, ад якога ўратуе толькі набыцццё трактара "Беларус" ці МАЗаўскай фуры. Прычым, трактар "Беларус" будзе дзейнічаць у якасці паратунку ад новага штаму толькі разам з прадукцыяй беларускіх ільнозаводаў.
Яшчэ адзін новы вірус можа паражаць толькі тых, хто не ўжывае беларускае сала, бульбу і гарэлку (прычым, не паасобку, а ў сукупнасці). Штосці можна прыдумаць і для айчынных вытворцаў макаронаў.
Асабліва небяспечная хвароба будзе "касіць" усіх, хто не набыў лядоўню ці пральную машыну "Атлант" разам з тэлевізарам "Віцебск" альбо "Гарызонт".
А як вам штам віруса, які паражае толькі начальнікаў — эканамістаў, менеджэраў, бухгалтараў, дырэктароў, якія не выканалі паказчыкі па той жа "разгрузцы складоў" і пастаўках прадукцыі на экспарт? Ці вірус, які небяспечны толькі для тых, хто не выконвае Дырэктывы прэзідэнта №№ 1,2,3?
І, канешне, асобны вірус для тых, хто не выконвае прагнозныя паказчыкі эканамічнага развіцця краіны.
Можна быць упэўненымі: з-за панікі размятуць ўсё. Выканаюць усе даручэнні і прагнозныя паказчыкі. І Беларусь першай выйдзе з эканамічнага крызісу, якога, здаецца, у нас таксама няма.
Так што Мінздароўя трэба шчыльна падумаць над тым, як зрабіць так, каб A (H1/N1) муціраваў у патрэбным для краіны накірунку. А калі яго няма (Вы што, не верыце Лукашэнку? Яго няма!) выдумаць новую паніку і новы ажыятажны попыт.
Але што рабіць з тым, што ў сямі з 19 памерлых за апошнія два тыдні ў Беларусі ад пнеўманіі выдзелены вірус свінога грыпу? Пра гэта паведаміла намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач краіны Валянціна Качан у інтэрв'ю беларускім тэлеканалам 4 лістапада, фактычна абвергнуўшы словы прэзідэнта.