Беларускі добраахвотнік ва Украіне: Я вельмі хачу вярнуцца ў Беларусь і спакойна хадзіць па вуліцах без страху

Ілля — стралок беларускага добраахвотніцкага корпусу (БДК) ва Украіне. На ўмовах ананімнасці хлопец распавёў «Новыму Часу» пра тое, што самае цяжкае на вайне, пра адносіны паміж ваярамі і пра свае планы пасля перамогі.

photo_2024_03_13_17_42_39_logo.jpg

Я быў удзельнікам пратэстаў супраць сфальсіфікаваных выбараў 2020 года ў Беларусі, атрымаў некалькі штрафаў, адбыў содні арышту. Пасля гэтага намагаўся быць непрыкметным для дзяржавы, пачаў працаваць неафіцыйна і збіраў грошы, каб пераехаць у Польшчу. Калі пачалася вайна, я думаў, што яна хутка скончыцца і адбудзецца змена рэжымаў у Расіі і Беларусі. Я пакінуў Беларусь у сакавіку 2022 года, калі ехаў, то з гумарам думаў пра тое, наколькі для мяне лепш біцца, рызыкуючы жыццём, чым працягваць жыццё ў дыктатуры.

Убачыў у тэлеграме фармаванне беларусаў у добраахвотніцкі рух і вырашыў далучыцца

Я далучыўся менавіта да БДК таму, што там сабраліся беларусы, якія з павагаю і разуменнем ставяцца адзін да аднаго. Тут ёсць пэўная колькасць людзей, якія з розумам і адказнасцю падыходзяць да працы і яе планавання. Кіраўніцтва дазваляе падыходзіць да задач з творчасцю.

З першым баявым выхадам мне пашанцавала, некаторыя хлопцы ехалі на вельмі складаныя задачы, а я паехаў на акопы на 9 дзён: там трэба было аблаштоўваць пазіцыі і ў выпадку чаго — адбіваць наступ. Нашыя пазіцыі ўвесь час абстрэльвалі з усяго, чаго толькі можна, і я хутка прызвычаіўся да выбухаў.

Складана было фізічна, бо было лета — вельмі спякотна. Трэба было ўвесь час капаць акопы. Вельмі хацелася памыцца, замест душа ў нас былі толькі вільготныя сурвэткі. Быў выпадак, калі загарэлася пасадка, у якой былі схаваны нашыя пазіцыі, і трэба было тушыць пажар. У летнюю спёку гэта вельмі складана, вельмі горача і цяжка дыхаць, але ў нас усё атрымалася.

Кожны бой цяжкі па-свойму

Адзін з апошніх баёў быў складаны і фізічна і псіхалагічна. Гэта было на Данецкім напрамку, недалёка ад Горлаўкі. Трэба было захапіць акопы. З 2014 года баявыя дзеянні там амаль не адбываліся. Нам трэба было дзвюма групамі падысці з двух бакоў. Складанасці пачаліся з самага пачатку — гэта быў канец снежня, перад працай ішоў моцны дождж і мы не змаглі заехаць на тэхніцы на кропку старту. Прыйшлося ісці пешшу да нашых акопаў тры з паловай кіламетры, а пасля яшчэ па акопах 400 метраў і 500 метраў да цэлі. Вельмі складана хадзіць па мокрых акопах, калі на табе пара дзясяткаў кілаграмаў вагі экіпіроўкі, а калі мы абмінулі саюзныя акопы, то на нагах дадалося яшчэ пару кілаграмаў бруду. Складаным яшчэ было тое, што ворагі замініравалі падыход, але ў нас былі два сапёры, якія правяралі сцежку. Мы паспяхова выйшлі на варожыя акопы і чакалі, калі прыйдзе другая група. Але яны не змаглі, бо пасля дажджу ім вельмі складана было дабірацца да нас. Мы вырашылі пачынаць штурм адной групай. З першай хвіліны ў нас быў «двухсоты» — сапёр, які ішоў першым, злавіў кулю. Далей завязаўся бой, у хлопцаў стала клініць зброя, бо было вельмі шмат бруду, які патрапіў у механізм. Мы не маглі прыціснуць ворага агнём, заканчваўся баявы камплект, не было падтрымкі другой групы, мы мелі страту байца і па нам пачынала прыстрэльвацца артылерыя. Было вырашана адыходзіць.

Калі мы адыходзілі, адзін з байцоў наступіў на міну, яму адарвала нагу. Хутка накінулі яму турнікет і пацягнулі на эвакуацыю. Гэта было вельмі складанай задачай. Калі шлі ўздоўж пасадкі, то цягнулі яго ўдваіх, самае цяжкае было перамяшчацца па акопах — гэта можна было зрабіць толькі закінуўшы параненага сабе на спіну. У рэшце рэшт, усе паспяхова эвакуіраваліся і хлопец своечасова трапіў у лякарню.

Вайна змяніла маё стаўленне да самой вайны

photo_2024_03_13_17_42_42_logo.jpg

Для мяне гэта стала часткай жыцця. Войны заўсёды былі і заўсёды будуць. Стаўлюся да вайны, як да часткі чалавечага існавання, чалавечай прыроды. У свеце бесперапынна адбываюцца ўзброеныя канфлікты, і гэта звычайныя паводзіны людзей. Яшчэ змянілася стаўленне да смерці, зараз стаўлюся да яе, як да звычайнага працэсу. Не засталося страху перад смерцю, але адчуваю адказнасць, таму паміраць не спяшаюся. Вельмі сумую па жонцы, заўсёды размаўляем з ёй, калі ёсць такая магчымасць. Вайна паказвае, чаго ты варты. Вучыць трымаць сваё слова і вучыць давяраць. Мне на вайне больш за ўсё не хапае камфорту — душу з цёплай вадой, зручнага ложку, смачнай ежы.

Адносіны паміж ваярамі больш здаровыя, чым паміж цывільнымі

Звычайна, канфлікты хутка і вельмі зразумела заканчваюцца. Усе людзі з розным характарам і псіхікай, бывае што рознагалоссі здараюцца на пустым месцы. Але большасць з іх заканчваюцца мірна — хтосьці з удзельнікаў прызнае сваю няправасць, ціснуць адзін аднаму рукі і працягваюць працаваць. Калі будзе злосць і не будзе даверу, то ніякай будучыні ў такога калектыву няма, бо на коне чалавечае жыццё.

Запомніўся адзін штурм. Па плане трэба было зайсці на пазіцыі ворага, якія былі на вышыні. Мы чакалі вельмі складаны бой, але артылерыя так добра адпрацавала, што вораг уцёк і мы зайшлі на пустыя пазіцыі без адзінага стрэлу, набралі трафеяў і паспяхова вярнуліся.

Загінулыя пабрацімы — гэта людзі, якія сваімі рукамі хацелі стварыць лепшую будучыню

Гэта годныя і вольныя людзі, якія цанілі свабоду і не прымалі рабства. Усім хлопцам гонар, падзяка і светлая памяць. На жаль, на дадзены момант не ўсё можна казаць, але гэта сапраўдныя героі і найлепшыя сыны сваёй нацыі.

Вайна становіцца больш тэхналагічнай

Калі казаць пра змены ў вайне з 2022 года па сёння, магу адзначыць, што на вайне ўсе хутка мяняецца, увесь час адчуваецца дынаміка. Шырокае развіццё атрымалі дроны, з'яўляецца новая тэхніка, развіваецца медыцына, інфармацыйныя тэхналогіі. Вельмі хацелася б, каб увесь атрыманы досвед пасля вайны пайшоў на карысць.

Вайна не вельмі вясёлая падзея

Але гумару там хапае. У асноўным гэта «чорны» гумар. Напрыклад, кожны лічыць сваім абавязкам пажартаваць пра адарваныя канечнасці пабрацімаў. Прыклады прыводзіць не буду. Мабыць, з боку гэта выглядае не вельмі карэктна, але на вайне ўсе добра ставяцца да такіх жартаў. І падчас выканання заданняў бываюць цяжкія і складаныя моманты, з якіх мы потым рагочам пасля працы.

Беларусам хацелася б сказаць адно: не дайце сябе купіць і не дайце сябе прадаць!

photo_2024_03_13_17_42_44_logo.jpg

Калі казаць пра заканчэнне вайны, я не бяруся рабіць прагнозы, але скажу, што, на маю думку, трэба абавязкова зрабіць — павінны адбыцца люстрацыі, паказальныя расследаванні і суды над усімі злачынцамі. Пуцін, Лукашэнка і ўсе іхныя людзі павінны панесці адказнасць. Гэта нацыянальная траўма, якую народу трэба прапрацаваць, каб ісці далей.

Усе рухі павінны быць накіраваныя на агульную мэту. Для перамогі патрэбны грошы, зброя, людзі. Палітыкам, вайсковым і людзям, якія не ваююць, трэба быць маналітам. Украіна мае партнёраў, але не мае саюзнікаў. Шмат важных пытанняў завязана на партнёрах, і гэта праблема для Украіны.

Планы пасля заканчэння вайны

Я дакладна разумею, што пасля вайны мне трэба будзе шукаць сваё месца ў соцыуме, папраўляць здароўе, шукаць працу. Я вельмі хачу вярнуцца ў Беларусь.

Спакойна хадзіць па вуліцах без страху. Пабачыць сям'ю, блізкіх мне людзей. Наведаць любімыя месцы. Беларусь — гэта мая зямля, мая радзіма. А яшчэ мне бы хацелася прыняць удзел у будаўніцтве здаровага грамадства, зрабіць нешта карыснае для будучых пакаленняў.

Нам усім трэба памятаць, што бліжэй за беларусаў у саміх беларусаў нікога няма і не будзе. Трэба шукаць тое, што нас абʼядноўвае, а не тое, што нас раздзяляе.