Вольга Семчанка: «Я цяпер шарахаюся ад мужчынскіх постацяў…»

«Я ніколі больш не буду давяраць сілавым структурам і цяпер шарахаюся ад мужчынскіх постацяў. У нармальнай краіне варта было б патрабаваць кампенсацыі за псіхалагічную траўму», — расказала Вольга Семчанка «Свабодзе».



49f486d1_7d0c_494b_8268_fbea95899306_w1597_n_r1_st__1_.jpg

Актывістцы Вользе Семчанка — 33 гады. Яна працуе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры.

— Першы раз мяне схапілі 2 кастрычніка каля тэатру. У той дзень маю знаёмую асудзілі за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве», і я ўпершыню ў жыцці пабачыла, што такое судовы працэс. Вяртаючыся з суду, трапіла ў пастку. Супрацоўнікі Ленінскага аддзелу міліцыі ў цывільным затрымалі мяне на выхадзе з аптэкі. Выкруцілі з рук тэлефон. У мяне быў шок, бо так са мною ніколі не абыходзіліся.

У аддзеле міліцыі псіхалагічна з мяне здзекаваліся. Распытвалі аб пратэстах, відэа паказвалі. Казалі, што дэманстрацыі — гэта злачынства. Дапытваліся, колькі я зарабляю, дзе працую. Страшылі, што на працы будуць праблемы.

Яны не праміналі магчымасці прадэманстраваць сваю ўладу нада мною. Там пануе сваволя. Міліцыянты прывыклі ўжываць грубую сілу, псіхалагічны шантаж, бо працуюць са злачынцамі, але гэтак сама ціснуць і на звычайных людзей. Для іх чалавек — нявольнік, які не хоча выконваць сваіх абавязкаў, карміць сістэму. Мы для іх кармавая база.

А пагатоў я працую ў той сферы, пра якую сілавікі нічога не ведаюць. Яны не ходзяць у тэатры, не займаюцца танцамі. Усё гэта для іх не каштоўнае. Па сутнасці, я для іх лайдачка, таму яны лічаць, што маюць поўнае права мяне прыніжаць.

Адваката я не мела, досведу стасункаў з міліцыяй таксама, і шчыра адказвала на іхныя пытанні. Дужа хвалявалася, але старалася выгляду не паказваць. Гаварыла пра бел-чырвона-белы сцяг, які яны называлі анучай. Спадзявалася, што мяне адпусцяць. Яны пераконвалі, што дзяўчат у ізалятар не адпраўляюць. Але я не здагадвалася, наколькі небяспечная для іх.

Па афармленні пратаколаў мне сказалі, што еду на ІЧУ. Гэта была асабістая помста аднаго з начальнікаў аддзелу. Потым гэтаму было пацверджанне. Адпраўкі ў ізалятар чакала ў «малпоўні» гадзіны чатыры. Сядзела адна і, каб не нудзіцца, спявала нашы народныя песні.

У ізалятары, як многія да мяне, праходзіла зневажальныя працэдуры асабістага надгляду, калі кожную клетку цела ўважліва аглядаюць. З сабою былі свістулькі, фенечкі, і супрацоўнікі, калі іх апісвалі, смяяліся. Між іншым, другі раз, калі прывезлі ў ізалятар, мяне сустрэлі мянушкай «свістулька». Большасць ахоўнікаў ставілася да мяне паважліва, але некаторыя, асабліва маладыя, паводзіліся са мною грэбліва.

Трымалі ў ізалятары тры дні да суду. На разгляд справы праз скайп чамусьці павезлі ў аддзел міліцыі. Мне было незразумела: у суд нельга, бо каронавірус, а ў міліцыю можна? Прысудзілі 7 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці.

Пасля суду зноў доўга трымалі ў «малпоўні», але гэтым разам не адну. Сядзела з жанчынамі, якіх забралі за бытавыя правіны. Калыханкі ім паспявала. Яны расказалі пра свае беды. Я пераканалася пасля гутаркі з імі, што наша агульная сацыяльна-эканамічная сітуацыя спрыяе таму, каб людзі траплялі на сацыяльнае дно. Гэта паказвала, што ў гэтай сістэме парадку няма абсалютна ні ў чым.

 

Нявольніцкі малюнак Вольгі Семчанкі з цыклю «7 дзён без сонца»

Нявольніцкі малюнак Вольгі Семчанкі з цыклю «7 дзён без сонца»

Першыя дні ў ізалятары мяне аглядалі двойчы на дзень: зранку і ўвечары. Потым даведалася, што гэта была сваволя, бо правілы таго не патрабуюць. Пяць дзён сядзела адна. У мяне такая натура: як няма рэфлексіі ад іншага чалавека, дык я нібы на арэлях: ад «мы пераможам» да «ўсім будзе гамон». Можа, мяне і наўмысна кінулі ў адзіночку, каб гэтак хістала.

Камера была без паветра звонку, са штучным святлом. Усё гэта псіхалагічна ціснула. Я не магу доўга сядзець у замкнёнай прасторы. Развіваецца клаўстрафобія. Прыгнечвала поўная адсутнасць інфармацыі. Грала жахлівае папсовае радыё. Гэта было, бадай, самае жорсткае выпрабаванне.

Мне перадалі з волі каляровыя алоўкі, дык малявала. Перачытала, напэўна, палову кніг бібліятэкі ізалятару. Песні спявала народныя, турэмныя прыгадала. Рабіла фізічныя практыкаванні.

У зняволенні ў цябе правоў няма. Гэты факт я спраўдзіла на сваёй скуры. У дзень вызвалення міліцыянты загадалі сесці ў машыну, закінулі ў яе рэчы і вывезлі з ІЧУ, каля якога сабраліся мае сябры. Даставілі зноў у Ленінскі РАУС. Пачалі складаць пратакол.

Не сказалі, што ў мяне ёсць адвакатка, якую не пускалі ў будынак. Яе паспелі наняць сябры. Супрацоўнікі дужа мітусіліся, нерваваліся, бегалі па калідоры. Я ж інтуітыўна цягнула час. Змушала міліцыянтаў перапісваць пратаколы, бо яны былі з памылкамі. Адвакатка так і не пабачыла мяне ў той дзень, але ўсчала вэрхал, што яе не пускаюць да кліента.

Мне зноў загадалі садзіцца ў машыну. Гэтым разам таемна вывезлі з РАУС. Дарогаю даводзілі, што вязуць дамоў. Міліцыянты замяталі сляды. Я пратэставала. Казала, што не хачу з імі ехаць, бо мяне каля аддзелу чакаюць сябры. Высадзілі каля дома.

Я была спалоханая, бо ўпершыню не ведала, як сябе паводзіць. Пайшла да сяброў. Тыдні два баялася ісці дамоў. Доўга сніла турму. Мяне даймалі панічныя атакі. Гэтага страху не пазбылася дагэтуль. Калі даводзіцца праходзіць побач з РАУС ці праязджаць непадалёк ад ізалятару, то калоціць усю. Гэта псіхалагічная траўма, вядома ж, зарубцуецца, але не знікне цалкам.

Я ніколі больш не буду давяраць сілавым структурам і цяпер шарахаюся ад мужчынскіх постацяў. У нармальнай краіне варта было б патрабаваць кампенсацыі за псіхалагічную траўму. Перажытае не спрыяе маёй творчай і працоўнай дзейнасці.

Другі раз мяне забралі з працы 17 лістапада, за тое, што двума днямі раней з сябрамі спявала на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Тады мы ўмысля дыстанцыяваліся ад месцаў, дзе збіраліся людзі на нядзельную прагулку. Я рвалася да іх душою і сэрцам, але мяне супакойвалі, маўляў, адразу схопіць міліцыя. Нам мінакі дзякавалі за песні.

У Ленінскім РАУС у маіх дзеяннях спачатку не выявілі парушэнняў і хацелі ўжо адпускаць, але адзін з начальнікаў Цімур Пахоменка загадаў перапісаць пратакол і за «песенны пікет» адправіць мяне ў ізалятар да суду. Разгляд справы курыраваў ён сам і выглядаў змрочным, калі матэрыялы суддзя адправіла на дапрацоўку.

Другі раз у ізалятары я сядзела ў значна горшых умовах. Тады ў Магілёў этапавалі шмат нявольнікаў з Мінску. Мяне ўсе тры дні не выводзілі на прагулкі. Забаранялі гучна спяваць. Мяне абурала, што я не прызнаная судом вінаватай, а са мною абыходзяцца як з правапарушальнікам. Штодзённа была пад відэаназіраннем, вадзілі мяне пад канвоем, нібы злачынцу.

Усе тры дні непакоілася, што могуць пусціць па гэтак званай «каруселі», калі не выпускаюць з ізалятару, дадаючы яшчэ «суткі». Адзінае пазітыўнае было — гэта замянілі папсовае радыё на радыё «Культура».

Па вызваленні сябры паказалі «кампрамат» на мяне, апублікаваны ў адным з праўладных прапагандысцкіх чатаў. У ім было напісана, што я «люблю хадзіць на мітынгі, абгорнутай у бел-чырвона-белы сцяг, танчыць і спяваць песні, а цяпер гэтым буду займацца ў Ленінскім РАУС». Большага негатыву на мяне ім «накапаць» не ўдалося...