Хто прыязджае намі кіраваць? (Інфаграфіка)

Амаль 900 замежнікаў, якія сёлета прыехалі ў Беларусь, сталі кіраўнікамі ў розных сферах. З беларусаў жа за мяжою такія пасады занялі ўсяго шасцёра.



infagrafika_migranty_jpg_article_big.jpg

Belsat.eu пацікавіўся статыстыкаю Міністэрства ўнутраных справаў (МУС), якая датычыць працоўнай міграцыі. Вядома, што афіцыйныя лічбы — гэта толькі частка сапраўднай карціны, але і тут ёсць шмат цікавага. (Звесткі датычаць тых, хто афіцыйна стаў на ўлік цягам 9 месяцаў 2014 года).

Як літоўцы кіруюць беларусамі

З тых, хто сёлета прыехаў намі кіраваць, найбольш літоўцаў (222 чалавекі), далей ідуць украінцы (129), туркі (87), кітайцы (76) і латвійцы (73). Замыкаюць спіс пастаўшчыкоў кіроўнага апарату Аўстралія, Боснія і Герцагавіна, Катар, Македонія, Марока, Аб’яднаныя арабскія эміраты, Румынія, Філіпіны і Японія (па 1 чалавеку).

belsat.eu__media_uploads_i_27d3965cee59bdbe7eae868fdaac1441.html

Інфаграфіка Кірыла Стаселькі для belsat.eu.

Усяго за 9 месяцаў да нас прыехалі больш за 20 тысяч чалавек, з іх больш за 15 тысяч уладкаваліся на рабочыя спецыяльнасці, на кіроўныя пасады — 891.

Тройку краінаў-пастаўшчыкоў працоўнай сілы складаюць Украіна (амаль палова прыезджых), на другім месцы — Кітай (4 тысячы), на трэцім — Узбекістан (1,1 тысячы).

З беларусаў босаў толькі шэсць

Вядома, што беларусы, якія выязджаюць за мяжу, рэдка становяцца на ўлік у айчынных органах. Паводле сёлетніх звестак МУС, бясспрэчнае лідарства сярод краінаў-працадаўцаў тут прадказальна трымае Расея (3815), далей ідуць ЗША (239) і Нямеччына (118).

З тых, хто афіцыйна задэклараваў на радзіме свой працоўны статус эмігранта, кіраўнікамі сталі ўсяго шэсць чалавек (усе — у Расеі). Большасць працуе на рабочых спецыяльнасцях (2,8 тысячы), з іх 94%, — зноў жа, у Расеі. Усе, хто выехаў у ЗША, працуюць у сферы абслугоўвання, у Нямеччыне — пераважна ў сельскай гаспадарцы.

Казахстан як новы кірунак міграцыі беларусаў

У афіцыйнай беларускай статыстыцы краінаў, якія прынялі на працу нашых суайчыннікаў, адсутнічае Казахстан. Хоць у параўнанні з 2010 годам колькасць беларусаў, якія паехалі туды «па хлеб» павялічылася ажно ў дзесяць разоў. Пра гэта заявіў у кастрычніку намеснік міністра аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Казахстану Даулет Аргандыкаў. Паводле яго, калі ў 2010-м беларусаў у гэтай рэспубліцы працавала каля 50, дык сёлета — каля 500.

Недахоп мясцовай працоўнай сілы ў Казахстане звязаны з дэмаграфічным крызісам — наступствам падзення нараджальнасці на пачатку 1990-х недахоп працаўнікоў. З-за мяжы прыцягваюць шмат высока кваліфікаваных адмыслоўцаў. Звязана гэта з праектам «Карта індустрыялізацыі Казахстану», якая складаецца амаль з тысячы праектаў па будаўніцтве прадпрыемстваў і інфраструктуры. Рэалізацыя гэтага глабальнага плану мае скончыцца сёлета. Але паводле афіцыйных разлікаў, збудаваныя аб’екты патрабуюць амаль 200 тысяч працаўнікоў. Таму цалкам магчыма, што на фоне падзення курсу расейскага рубля частка працоўных эмігрантаў з Беларусі зменяць улюбёны геаграфічны кірунак.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu