Украіна пасля Зяленскага

У гадавіну перамогі Уладзіміра Зяленскага на прэзідэнцкіх выбарах папулярна не толькі абмяркоўваць вынікі працы ўкраінскага прэзідэнта, але і гадаць, хто прыйдзе яму на змену.

 Фота www.zerkalo.az

 Фота www.zerkalo.az


«Я ваш прысуд», — сказаў год таму Зяленскі на адрас Пятра Парашэнкі на кіеўскім стадыёне Алімпійскі — месцы дэбатаў кандыдатаў у прэзідэнты. Такога кшталту арыгінальныя рытарычныя прыёмы, памножаныя на запыт грамадства на перамены, забяспечылі коміку трыумфальную перамогу. Яшчэ праз некалькі месяцаў яго партыя «Слуга народа» атрымала абсалютную большасць у парламенце — беспрэцэдэнтны вынік у электаральнай гісторыі незалежнай Украіны. Нацыю ахапіла ўпэўненасць у будучыні, надзея пераступіць праз сваё мінулае.

Праз год аптымізму заўважна паменела. Са спісу таго, што абяцаў Зяленскі на стадыёне, не выкананы ніводны пункт. За год у краіне нічога не змянілася ні ў ідэалогіі, ні ва ўнутранай ды знешняй палітыцы, ні ў адукацыі, ні ў навуцы, ні ў медыцыне, ні ў эканоміцы, ні ў бізнесе, ні ў праваахоўнай сістэме. Можна пагадзіцца з думкай пра тое, нібы Зяленскі вырашыў ісці па шляху найменшага супраціву, мінімізуючы канфлікты з людзьмі і структурамі, што ён лічыць для сябе важнымі. Напэўна, ро­біць ён гэта не ад добрага жыцця. Паступова стала відавочна, што ў коміка-прэзідэнта няма каманды, каб эфектыўна скарыстацца наяўным рэсурсам улады.

Часцяком тое, што робіць Зяленскі і яго «слугі народа», нават супярэчыць іх выбарчай праграме. Найлепшы прыклад — галасаванне за лібералізацыю рынку зямлі насуперак грамадскай думцы (прыкладна 73 працэнты ўкраінцаў супраць аграрнай рэформы). Да таго ж рашэнне было прынятае з відавочным парушэннем рэгламенту і ў саюзе з тым самым былым заклятым ворагам — Парашэнкам.

Тым не менш, пакуль Зяленскі ўтрымлівае высокі рэйтынг (44–46 працэнтаў). Многія ба­чаць у гэтым камбінацыю ўдалых абставінаў. Напрыклад, сёння топавай тэмай з’яўляецца эпідэмія. Як вынік, усе скандалы ва ўладзе адышлі на другі план. Сваю ролю адыгрывае страх электарату перад вяртаннем ва ўладу старой карумпаванай эліты. Пры ўсёй крытыцы на адрас Зяленскага, трэба прызнаць, што ён асабіста, у адрозненне ад сваіх папярэднікаў, прынамсі пакуль не засвяціўся ні ў адным буйным скандале.

Аднак наколькі доўга пратрымаецца статус-кво? Асабліва калі каранцін скончыцца, а прыкладна паўмільёна новых беспрацоўных пойдуць шукаць працу, і ўладзе давядзецца стрымліваць сацыяльны вулкан? Ці задаво­ліць электарат чарговая ракіроўка прэм’ера, або вуліца паставіць пытанне пра адстаўку кіраўніка дзяржавы? У гэтым плане не выключаюць, што прэзідэнт не дасядзіць да канца кадэнцыі. Хто ў такім выпадку можа прэтэндаваць на вольнае месца на Банкавай?

Па-першае, гэта той самы Пётр Парашэнка, чыя структура «Еўрапейская салідарнасць» па выніках апошніх апытанняў выйшла на другое месца ў партыйным кастынгу з 16 працэнтамі падтрымкі. Зрэшты, папулярная версія пра тое, што сваім узлётам ЕС абавязана дэградацыі іншых партый, з якімі яшчэ ўчора дзяліла правы спектр. Праекты накшталт «Самадапамога», «Свабода», «Голас», дружна сыходзяць у крутое піке. Магчыма, рост ЕС у будучыні прытармозіць былы пуцінскі вязень і рэжысёр Алег Сянцоў, у раскрутку партыі якога, нібыта, збіраецца інвеставаць адзін з алігархаў. Аднак спецыялісты бачаць у Сянцове ў лепшым выпадку маральнага аўтарытэта, а не папулярнага палітыка.

З іншага боку, відаць, што нават да ўзроўню 25 працэнтаў (працэнт падтрымкі Парашэнкі ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў) ЕС усё яшчэ далёка. А ці скокне Пётр Аляксеевіч вышэй з персанальным антырэйтынгам у 60 працэнтаў і мянушкай «Барыга», якая замацавалася за ім у народзе, — вялікае пытанне.

Вельмі мінорная сітуацыя з пункту гледжання перспектывы ў лагеры экс-рэгіяналаў, які рэпрэзентуе партыя «Апазіцыйная платформа за жыццё» (АПЗЖ). Яе лідары — як правіла, асобы з атачэння Януковіча, паступова губляюць давер нават на рускамоўным паўднёвым усходзе краіны. Пэўна таму пагаворваюць наконт магчымасці таго, што гэты лагер на наступных выбарах будзе прадстаўляць юрыст Андрэй Партноў. Апошні зрабіў сабе імя за кошт маніторынгу парушэнняў закона прыхільнікамі Майдана. Бамбардуючы адпаведныя інстанцыі скаргамі на нацыяналістаў, Партноў стварае ўражанне чалавека, для якога літара закона — вышэй за ўсё.

Самая неверагодная і адначасова найбольш магчымая альтэрнатыва Зяленскаму — дырэктар МУС Арсен Авакаў. У грамадскай думцы ён актыўна фарміруе сабе вобраз выратавальніка нацыі і дзяржавы. Гэты трэнд замацавала нядаўняя гісторыя з ляснымі пажарамі. «Арсен Піначэтавіч» (так празвалі міністра ў СМІ) асабіста адправіўся ў зону пажараў лавіць дыверсантаў. Тыя, хто робіць стаўку на Авакава, не забываюць адзначыць, што губляць яму няма чаго. Адстаўка і сыход з міністэрства робіць яго прывабнай мішэнню для любой улады.

Сваімі думкамі наконт гадавіны прэзідэнцтва Зяленскага і бачаннем будучыні падзяліўся кіеўскі сацыёлаг Ігар Ішчанка:

— Сёння патокам ідуць допісы ў сацсетках пра «здраду», пра тое, што «нічога не памянялася», і што «Зяленскі = Парашэнка». Але ад самага пачатку не варта было будаваць ніякіх ілюзій наконт «новых палітыкаў», антыкарупцыйных прарываў і гэтак далей. Тым не менш, перамога Зяленскага год таму прывяла да трох важных вынікаў. Першы: збой аўтарытарнай кансалідацыі рэжыму Парашэнкі з працягам эскалацыі, узмацненнем задушлівай атмасферы ў грамадстве. Другі — адкрыццё прасторы для абмеркавання альтэрнатыўных шляхоў нацыянальнага развіцця. Трэці — палітызацыя новых груп насельніцтва. Контуры будучай Украіны пачнуць фарміравацца з улікам гэтых фактараў. Безумоўна, што эпідэмія і негатыўная эканамічная дынаміка значна абвастраюць супярэчнасці з грамадстве і неверагодна паскараюць усе цяперашнія працэсы ў краіне.