«Беларусь, якая чакае» — літаратурная. «Каларадская Пушча». Частка 1. Горад-Герой (фота)

Нашы ранейшыя літаратурныя фоташпацыры адбываліся па старонках дзіцячых і падлеткавых кніг. А сёння мы крочым па «Каларадскай Пушчы» Севярына Квяткоўскага. «Антыўтопія», «фэнтэзі», «раман-катастрофа» — гэта ўсё пра «Пушчу». Інтрыгуючая назва, дынамічны сюжэт, непрадказальны фінал і, галоўнае, пранізлівае адчуванне таго, што аўтар досыць дакладна некалькі гадоў таму прадбачыў сённяшнюю рэчаіснасць.

_puszcza_horad_heroj_szljah_da_hatelju_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg


У рамане шмат пазнавальных сталічных месцаў, але мы пройдзем не ўсімі: каб пазбегнуць спойлераў, якія папсуюць тым, хто з «Пушчай» яшчэ не знаёмы, задавальненне ад чытання.

Горад-Герой, порт Чыжоўка. Менавіта з гэтага месца пачынаюцца прыгоды Стаса «Дзікуна» на сталічнай зямлі. Сёння гэта ціхі і спакойны куток горада, але ж хады пад зямлю, дзе ў рамане існуе Падполле, надзейна зачыненыя.



На шляху да гатэля Стас з новым знаёмцам Мао крочыць пешшу, слухае што да чаго і, канешне, дзівіцца на наваколле. Паўтараючы гэты маршрут, мы звярнулі ўвагу, што сённяшнія віды не вельмі адрозніваюцца ад апісаных у рамане. Хіба аўтамабіляў больш, канешне.


Дарэчы, вы ведалі, што прататыпам героя Мао з'яўляецца рэальная асоба? Гэта мінскі музыка, лідар легендарнага панк-гурта «Hate to State» Віктар Жаркевіч «Мао». Днямі яго затрымалі і прымусілі ў кайданках несці з сабой дзверы ад халадзільніка, на якіх былі анархісцкія і БЧБ-налепкі. 7 верасня Мао арыштавалі на 13 сутак.

Фота з праўладных тг-каналаў

Фота з праўладных тг-каналаў

Гатэль «Турыст», Універмаг. У гэтых мясцінах адбываецца значная частка падзей «Пушчы». Усе, хто прыязджае ў Горад-Герой, лічацца «турыстамі», яны павінны насіць адпаведны бранзалет, не пакідаць межы «турыстычнай зоны» і, вядома, рэгістравацца ў гатэлі «Турыст». Аўтар апісвае гэтыя месцы трохі інакш, але зараз Стас убачыў бы іх менавіта вось так.


Побач з Гатэлем і Універмагам Стас гуляе па вялікім рынку, на якім можна набыць амаль усё (ну, а што ж гэта за рынак, калі не так?). Прататып гэтага гандлёвага «раю» сёння схаваўся пад зямлёй, чаго ў Горадзе-Героі быць не магло. Мы ж памятаем, што пад зямлёй — Падполле!


Ніяк нельга абысці і ДК «МАЗ». Гэта адначасова і забаўляльны комплекс з рэстаранам і казіно для «турыстаў», і ЗАГС, і месца працы ўрада Горада-героя, і пункт аховы правапарадку з камерамі для затрыманых. У адной з іх абавязкова пабывае Стас «Дзікун». Такі вось шматфункцыянальны і знакавы будынак!


Але ж досыць гуляць, трэба і справу рабіць — выходзіць на сувязь з Падполлем. Праз пэўныя прыгоды Стас трапляе ў «Гета», што знаходзіцца ў прыватным сектары Горада-героя. Яго мы зараз бачым такім.


Прыгоды Стаса на гэтым не скончаныя. Будзе і нечаканае вяселле, і «Дзень Паўкабана», і вандроўка пад зямлёй у Мінск — іншую частку сталіцы. Пакінем галоўнага героя з новымі сябрамі і прагуляемся па кутках Горада-Героя. Чытаем раман і хутка сустрэнемся ў Мінску!
Ледзве не забыліся: сцеражыцеся бульбы гатунку «Дружба»! На ўсялякі выпадак...


Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз чат-бот у Тэлеграме @novychas_bot, праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках. Беларусь чакае ўсіх сваіх людзей — малых, дарослых, старых. Беларус беларусу Беларусь!