718-ты дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну: галоўнае за суткі

Гэтай ноччу расійцы адправілі на тэрыторыю Украіны каля 40 дронаў.

23ef097______________690x387.avif

***

Сваякі мабілізаваных расійскіх салдат пратэстуюць па ўсёй Расіі: сходы зафіксаваныя ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Уладзівастоку і Екацярынбургу.

Паводле інфармацыі ваенных аналітыкаў, пратэсты працягваюцца, нягледзячы на спробы Крамля цэнзураваць іх і здушыць любы грамадскі рух у падтрымку мабілізаваных расійскіх салдат. 

10 лютага расійскія апазіцыйныя выданні «Сота» і «Mobilization News» апублікавалі кадры, на якіх відаць, як удзельнікі расійскага грамадскага руху «Шлях дадому» ўскладаюць кветкі і збіраюцца ля помнікаў у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Уладзівастоку і Екацерынбургу, заклікаючы да дэмабілізацыі сваіх родных.

«Mobilization News» паведамлялі, што ўдзельнікі «Шляху дадому» таксама наведалі перадвыбарчы штаб кандыдата ў прэзідэнты Расіі Уладзіслава Даванкова ў Маскве і перадалі камандзе Даванкова лісты з просьбай аб дэмабілізацыі.

Нядаўна расійскія ўлады паспрабавалі цэнзураваць акцыю пратэсту ўдзельнікаў «Шляху дадому» ля Магілы невядомага салдата ў Маскве і на Манежнай плошчы непадалёк. 

Амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW) працягвае ацэньваць, што спробы Крамля цэнзураваць і дыскрэдытаваць грамадскі рух «Шлях дадому» падкрэсліваюць адчайнае жаданне Крамля закрыць гэтыя рухі, асабліва напярэдадні выбараў прэзідэнта Расіі ў сакавіку 2024 года.

***

У ноч на 11 лютага расійскія акупанты нанеслі ўдар 45-цю ўдарнымі БПЛА тыпу «Шахед» з раёнаў Балаклавы і мыса Чауда, што ў Крыме. У выніку баявой працы знішчана 40 «шахедаў».

Беспілотнікі праціўніка былі знішчаныя ў межах Кіеўскай, Вінніцкай, Жытомірскай, Кіраваградскай, Мікалаеўскай, Чаркаскай, Адэскай, Днепрапятроўскай і Херсонскай абласцей. 

Да адбіцця паветранага нападу былі прыцягнутыя падраздзяленні зенітных ракетных войскаў, мабільных агнявых груп Паветраных сіл і Сіл абароны Украіны, сродкі радыёэлектроннай барацьбы. 

Паводле звестак вайскоўцаў, праца падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны працягвалася больш за 5,5 гадзін. Прыярытэтам ворага зноў была прыбярэжная паласа інфраструктуры і аграпрамысловыя аб'екты. З-за пападання ў адзін з іх у Мікалаеве ўспыхнуў пажар, выбухной хваляй пашкоджаны навакольныя жылыя дамы, прыватны аўтатранспарт мясцовых жыхароў і газаправод.

Ёсць адзін паранены, яго стан ацэньваецца як «сярэдняй ступені цяжкасці».

***

За мінулыя суткі адбылося 98 баявых сутыкненняў, з іх 33 атакі прыйшліся на Аўдзееўскі кірунак.

Увогуле расійцы нанеслі 3 ракетныя і 64 авіяцыйныя удары, здзейснілі 93 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. 

Пасля расійскіх тэрарыстычных нападаў ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнням і пашкоджанням падвергліся шматпавярховыя і прыватныя дамы, а таксама іншая грамадзянская інфраструктура

Авіяцыйным ударам падвергліся: Харкаўская, Данецкая, Запарожская і Херсонская вобласці.

Пад артылерыйскім агнём аказаліся больш за 100 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей, паведамляе Генштаб УСУ.

***

Сілы абароны Украіны за суткі 10-11 лютага знішчылі 930 расійскіх вайскоўцаў, а таксама 12 іх танкаў і 14 браніраваных машын.

Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 11.02.24 арыенціровачна склалі: 

  • асабістага саставу — каля 395 200 (+930) чалавек;
  • танкаў — 6406 (+12) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 11 956 (+14) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 9475 (+16) адз.;
  • РСЗА — 981 (+0) адз.;
  • сродкі СПА — 666 (+0) адз.;
  • самалётаў — 332 (+0) адз.;
  • верталётаў — 325 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 7257 (+22);
  • крылатых ракет — 1 881 (+0);
  • караблёў / катэраў — 24 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн — 12 592 (+13) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі —1513 (+1).

***

Услед за абвешчанай на гэтым тыдні адстаўкай галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны Уладзімір Зяленскі зацвердзіў новыя прызначэнні ў камандаванні войскаў.

Камандуючым Сухапутнымі войскамі (гэтую пасаду займаў Аляксандр Сырскі да прызначэння на пасаду галоўнакамандуючага УСУ) прызначаны генерал-лейтэнант Аляксандр Паўлюк, які раней займаў пасаду першага намесніка міністра абароны.

Сяргей Гаеў звольнены з пасады камандуючага аб'яднанымі сіламі УСУ. Згодна з указам прэзідэнта Украіны на гэтую пасаду прызначаны Юрый Содаль.

Кіраўніком дэсантна-штурмавых войскаў стаў Ігар Скібюк, які заменіць на гэтай пасадзе Максіма Міргародскага.

Камандзірам сіл тэрытарыяльнай абароны прызначаны Ігар Плахута.

Кадравыя перастаноўкі Зяленскі матываваў «стагнацыяй УСУ на фронце і неабходнасцю перазагрузкі генералітэту».

***

Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што за мінулыя суткі чатыры раёны вобласці падвергліся ўдарам з тэрыторыі Украіны.

У Грайваронскім раёне ў выніку прылёту аднаго 120-мм снарада пацярпелі трое рабочых, паведаміў чыноўнік. 

«У мужчын аскепкавыя раненні розных частак цела. Цяпер яны знаходзяцца пад кантролем лекараў у гарадской бальніцы №2 Белгарада, дзе ім аказваецца ўся неабходная медыцынская дапамога», — напісаў Гладкоў у сваім Тэлеграм-канале.

Яшчэ ў трох раёнах вобласці зафіксаваныя пападанні артылерыйскіх снарадаў і ўдары дронаў-камікадзэ. Пацярпелых і разбурэнняў няма, паведаміў чыноўнік.