БНТУ можа далучыцца да страйку
Каля 40 студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта (БНТУ) 24 жніўня сабралася ў каля галоўнага корпуса вну на праспекце Незалежнасці ў Мінску.
Адна з арганізатараў сустрэчы, студэнтка 4-га курса архітэктурнага факультэта БНТУ Вікторыя паведаміла БелаПАН, што студэнты хочуць абмеркаваць пытанні ўнутранай палітыкі ВНУ. У прыватнасці, студэнтаў хвалюе штогадовае павышэнне платы за навучанне і стан навучальных карпусоў.
«Хоць вучуся на бюджэце, я незадаволеная тым, што ўвесь час расце плата за вучобу і не на 10-20 рублёў, а на 100-200. Я лічу гэта некарэктным у адносінах да студэнтаў, таму што многія бацькі вымушаныя браць крэдыты на аплату, у кагосьці шматдзетныя сем’і. У нас на факультэце, дарэчы, самым дарагім у БНТУ, вучацца платна дзве сястры. Ім трэба плаціць па 7 тысяч рублёў у год. А мы вучымся ў загонах, метадычка выкладчыцкая 1987 года выпуску» — адзначыла Вікторыя.
Яшчэ адно патрабаванне студэнтаў тычыцца магчымасці стварэння студэнцкага савета, склад якога будзе не прызначацца адміністрацыяй, а выбірацца самімі студэнтамі. Акрамя таго, студэнты хочуць ведаць, куды ідуць сродкі, якія выдзяляюцца ВНУ з бюджэту па лініі Міністэрства адукацыі, і грошы студэнтаў-платнікаў.
«Таму што умоў для вучобы няма. Да гэтага часу зачынены 15-й корпус каля станцыі метро “Барысаўскі тракт”. У 15-м інтэрнаце жудасныя ўмовы», — паведаміла арганізатарка студэнцкай сустрэчы.
Вікторыя распавяла, што ў БНТУ пакуль няма сфарміраванай групы, як, напрыклад, страйкам у Беларускім дзяржаўным універсітэце. «Я тут як чалавек, які незадаволены тым, што адбываецца ў ВНУ. Сёння мы сустрэліся, каб зразумець, наколькі нас шмат. Плануем збіраць подпісы пад петыцыяй рэктару, у якой выкладзем усе гэтыя патрабаванні. Скласці дакумент нам дапамаглі хлопцы з страйкаму БДУ. Петыцыя ўжо надрукаваная, засталося прызначыць каардынатара, які будзе гэтым загадваць» — адзначыла яна.
Студэнты плануюць скласці яшчэ адну петыцыю з палітычнымі патрабаваннямі, каб адміністрацыя БНТУ падтрымала іх у наступным: адстаўка Лукашэнкі; вызваленне палітвязняў; прыцягненне да адказнасці сілавікоў, якія маюць дачыненне да гвалту над мірнымі дэманстрантамі.
Па прыкладзе БДУ ў выпадку невыканання патрабаванняў студэнты БНТУ збіраюцца 1 верасня пачаць страйк, які будзе заключацца ў тым, што на занятках яны будуць прысутнічаць, але вучыцца — не.
«Мы будзем даносіць да іншых студэнтаў палітычную сітуацыю і тое, што мы не бараны, Як нас называюць у адміністрацыі за тое, што мы, нібыта, нічога не разумеючы ў палітыцы, ходзім на мітынгі — сказала Вікторыя. — Нас падтрымліваюць многія выкладчыкі, але яны баяцца выйсці з намі і адкрыта выказаць сваё меркаванне. Многія з іх пенсіянеры, кажуць, што на іх ціснуць, душаць кантрактамі, яшчэ чымсьці».
Падчас сустрэчы ўсім жадаючым раздавалі студэнтам заявы на выхад з Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
У той жа дзень ля галоўнага корпуса БДУ на плошчы Незалежнасці сабраліся каля 30 студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ. Яны сталі ў ланцужок уздоўж праезнай часткі з бел-чырвона-белымі сцягамі, таблічкамі і плакатамі «Не забівайце нашых дзяцей — будучыню краіны», «Мы, беларусы — мірныя людзі», «Я магу навучыць лічыць вас бясплатна» і гэтак далей.
Як паведаміла БелаПАН каардынатар страйкаму БДУ Святлана Волчак, планавалася стаяць паўтары гадзіны. Але неўзабаве да дэманстрантаў пад’ехаў сіні мікрааўтобус, удзельнікаў разагналі.
Раней ў БДУ склалі петыцыю аб парушэнні права на сумленныя і празрыстыя выбары, свабоду волевыяўлення, на жыццё і бяспеку, абарону ад замахаў на свабоднае выказванне сваёй пазіцыі. Ад кіраўніцтва вну патрабавалі выступіць з заявай у падтрымку адстаўкі Лукашэнкі; спынення гвалту і пакарання вінаватых у збіцці і катаваннях затрыманых мірных грамадзян; неадкладнага вызвалення палітвязняў і ўсіх неабгрунтавана затрыманых, спынення пераследу за палітычныя погляды; адстаўкі Цэнтрвыбаркама; правядзення паўторных сумленных выбараў з допускам незалежных назіральнікаў.
У выпадку невыканання патрабаванняў прадстаўнікі ўніверсітэта абяцалі пачаць 1 верасня страйк.
Ірына Турчына, БелаПАН