Чым скончыцца вайна ва Украіне? Чатыры сцэнары, і ўсе не на карысць Расіі
Які вам падаецца больш рэальным?
Па ўсёй Украіне працягваюць грымець выбухі. Мясцовы супраціў — рэгулярныя войскі, нацянальная гвардыя, тэратытарыяльная абарона і простыя людзі — даюць расійскім агрэсарам гераічны адпор, які адназначна ўвойдзе ў школьныя падручнікі. Але што ў тых падручніках будзе наогул аб выніках гэтай вар’яцкай вайны? Хто пераможа? На якіх умовах? І якая геапалітычная канфігурацыя паўстане ў рэгіёне пасля апошняга стрэла?
Мы вылучылі чатыры сцэнары развіцця падзей, але не выключаем наяўнасць і пятага, і шостага… Наўпрост да таго, што ў выніку Трэцяй сусветнай разумнае жыццё на блакітнай планеце скончыцца, але аб зусім змрочным не будзем.
Расія заваюе Украіну: варыянт першы
Украінцы дэманструюць фантастычную адвагу і згуртаванасць перад смяротнай небяспекай, і пуцінскія войскі нічога з гэтым зрабіць не могуць. Аднак выключаць тое, што яны ў выніку займуць Кіеў, нельга. Што тады?
Тады першае: зрынуўшы цяперашняе дэмакратычнае кіраўніцтва, расійцы пасадзяць кіраваць ва Украіне марыянеткавую звышлаяльную адміністрацыю. «Выбарчая» тэхналогія адпрацаваная — у Крыме гэта называлася «рэферэндум пад рулямі аўтаматаў». Патрэбныя плюс-мінус 70 адсоткаў за «рускі свет» спехам складзеная ЦВК агучыць упэўнена і ўрачыста.
Але ўзнікне другое: як будаваць жыццё далей, як кіраваць народам, які цябе шчыра ненавідзіць? Апошнія сацыялагічныя апытанні паказалі, што ўзровень даверу да дзейнага ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ўзрос. Можна толькі ўявіць, як узрасла нянавісць да пуцінскай Расіі.
Крэмль гэта разумее вычарпальна. Ужо зразумеў, хаця напачатку, відаць, чакаў, што Харкаў, Запарожжа ды іншыя гарады будуць сустракаць «вызваліцеляў» з кветкамі. Дык дзе выйсце? Як суіснаваць з такім нескароным насельніцтвам?
Аказ напрошваецца такі, які яшчэ ўчора проста не ўклаўся б у галаву. Цяпер укладаецца лёгка.
Калі ўжо Пуцін, крытыкуючы Леніна, ухваляе Сталіна, то і методыкі ў яго будуць адпаведныя. Не, канешне, справа не ідзе пра масавыя расстрэлы — усё ж не той час, дый эпоха інфармацыйная. Але вось дэпартацыя, ці нешта падобнае, ці засяленне заваяваных тэрыторый завезенымі расійцамі… Карацей, нейкі варыянт зміксавання людзей з асіміляцыйнымі мэтамі.
Як падаецца, анічога добрага з гэтага ў любым разе не атрымаецца. Бо ўсіх не вывезеш (нават з улікам бежанцаў на Захад), а зброі на руках украінцаў застанецца шмат. Сутычкі працягнуцца — і разам і працягнецца ціск з боку міжнароднай супольнасці.
У прынцыпе стратэгія Захаду адносна Расіі на выпадак заваявання Украіны ўжо акрэсленая. Добра санкцыі — яны ўжо ўведзеныя і працуюць. Але ж гучаць галасы і пра эмбарга вуглевадародаў, і тут Маскве няма чым крыць. За амаль чвэрць стагоддзя, што ўладарыць Пуцін, у Расіі навучыліся добра вырабляць ракеты і іншую зброю, а вось хоць як-небудзь дыверсіфікавацть эканоміку, мусіць, рукі не дайшлі. Таму перакрыццё трубаправодаў ударыць па дабрабыце расійцаў так, што мала не падасца. А Захад без каштоўных расійскіх энерганосьбітаў дакладна неяк пераб’ецца, тым больш у яго, Захаду, эканамічная мадэль разнастайная і альтэрнатыўныя крыніцы энергіі знайсці нескладана.
І ў выніку рана ці позна, тым больш сам Пуцін немалады і не вечны, на глебе беднасці ў Расіі можа саспець сітуацыя, аналагічная той, што ўзнікла ў Саюзе напрыканцы 80-х. Ну, а далей вы ведаеце. Імперыя парвецца па швах, і не будзе сілы, якая гэтаму запярэчыць.
Расія заваюе Украіну: варыянт другі
З вышэй згаданых прычын праблему нелаяльнага насельніцтва Масква можа паспрабаваць вырашыць кардынальна іншым чынам. І ў сеціве ўжо маюцца «інсайды» не гэты конт.
Справа ў тым, што заходняя частка Украіны не ўпісваецца ў геаграфію «рускага свету», і аб тым часам кажуць самі ідэолагі аднаўлення імперыі. Закарпацце, Галічына — не паглыбляючыся ў падрабязнасці, рэгіён з цэнтрам у Львове — гэта тая зямля, на якую пасля вайны Расія можа і не спакусіцца. І яшчэ патэтычна скажа, маўляў, нам чужога не трэба, мы толькі забралі сваё.
І вось адным з разлікаў такога падзелу будзе як раз тое, што хай туды з’язджаюць незадаволеныя «бандэраўцы», а тут, на Усходзе, застануцца нашы «рускамірцы». І пытанне нелаяльнасці нібыта вырашыцца само сабой.
Але не, не вырашыцца. Бо, па-першае, усе не з’едуць, а па-другое — з таго часу непазбежна пачнецца спаборніцтва паміж дзьвума Украінамі. Заходняй дэмакратычнай — і ўсходняй акупаванай, сцішанай пад рускім ботам.
Гэта будзе варыянт Берлінскай сцяны, і тое спаборніцтва Расія немінуча прайграе. Інакш проста быць не можа. І з прычыны міжнародных санкцый для адных, і таму, што другім дастанецца адваротнае — шчодрая дапамога Еўропы на аднаўленне і пабудову новага жыцця.
Гледзячы на хвалю сусветнай салідарнасці, няма сумневаў, што гэты кавалак зямлі з цэнтрам у Львове агульнымі высілкамі адбудуюць так, што зайдрасць возьме. Хай, перасцерагаючыся, у ЕС не прымуць, але крэдытамі і пазней і інвестыцыямі пасадзейнічаюць па поўнай праграме. І жыццё наладзіцца, балазе яно і так на Захадзе заўсёды было крыху лепшым, чым на Усходзе.
А сувязі паміж падзеленым народам застануцца, і вядома, адкуль і куды праз «берлінскую сцяну» будуць сягаць людзі. І гэта будзе цывілізацыйная міграцыя — і з кожным новым уцекачом «рускі свет» ва Украіне будзе хістацца ўсё болей, пакуль не абрынецца.
Украіна прагоніць агрэсараў: варыянт першы
Усе вышэй пералічаныя наступствы для Расіі непазбежныя пры любым раскладзе. Бо, як кажуць абазнаныя людзі, санкцыі лёгка прыняць — зняць іх нашмат цяжэй. Аднак жа ў выпадку паразы Пуціна ва Украіне эканамічны ўдар па яго рэжыме будзе яшчэ больш сакрушальны.
А параза тая можа прыйсці з розных бакоў. Па самы відавочны далёка хадзіць не трэба — гэта наўпроставая ваенная перамога ўкраінскага боку.
Цяпер яна і блізка не падаецца фантастычнай. І любы беларус, які мае сяброў ва Украіне, пацвердзіць унутраную рашучасць нашых суседзяў. І любы, хто ўмее здабываць інфармацыю, і так ведае пра мужнасць украінцаў, якія даюць агрэсарам адпор, і тыя ўжо завязлі і, кажуць, моцна разгубіліся.
Моцнай падтрымкай Украіны ў барацьбе стала, безумоўна, заходняя зброя. Самая розная, але заўсёды сучасная і эфектыўная, яна разбурае наступ расійскіх войск, а патрэбы ў асабістым складзе «жоўта-блакітная» армія зусім не ведае — толькі паглядзіце на велізарныя чэргі ва ўкраінскя ваенкаматы.
І абодва ж рэсурсы яшчэ і блізка не вычарпаныя. Зброі Захад абяцае дадаць і шмат, а добраахвотнікамі ў войска Украіны актыўна запісваюцца людзі з іншых краін.
За Расію ж ваяваць не хоча ніхто. І беларусы не хочуць, і самі расійскія салдаты гераізмам не адрозніваюцца. Бо ўсё ж розныя гэта рэчы, і абодва бакі гэта ведаюць, нутром адчуваюць. Адна справа — сваю зямлю абараняць, сваіх бацькоў і сваіх дзяцей, і зусім іншая — прыходзіць у чужы дом заваёўнікам і агрэсарам, несці разбурэнні і гора.
Украіна прагоніць агрэсараў: варыянт другі
Класічны раскол эліт — гэта тое, што цалкам магчыма нават у Расіі, дзе людзі дагэтуль апантана глядяць прапагандысцкія перадачы Салаўёва ды Кісялёва. Першыя прыкметы раскола ўжо навідавоку. Некалькі дэпутатаў Дзяржаўнай Думы выступілі супраць вайны, два пуцінскія алігархі Дзерыпаска і Фрыдман таксама не хочуць баявых дзеянняў.
І гэта толькі публічныя выступы, а колькі антываенных думах у іншых расійскіх чыноўнікаў… Напэўна, нямала, бо анэксаваць Крым і пайсці вайной на Украіну, дзе ва ўсіх і сябры і знаёмыя, — гэта ўсё ж розныя рэчы.
І такіх ліній патэнцыйнага разлома шмат. Узяць той жа спорт, альбо — вужэй — футбол. Калі расійскія клубы і зборныя выкінуць з міжнародныя супольнасці, каго будуць вінаваціць дзясяткі тысяч фанатаў «Зеніта», ЦСКА ці «Лакаматыва»? Зяленскага? А пра каго кепска падумаюць уладальнікі клубаў — спрэс альбо алігархі, альбо кіраўнікі буйных дзяржкарпарацый? Пра Байдэна? Ну і самі футбалісты, якія сябруюць з украінскімі калегамі, яўна не ЕС будуць вінаваціць у тым, што сталі ізгоямі.
То тады тут сапраўды можа адбыцца раскол, прычым усюды — спорт, бізнес, навука і тэхніка. І так званыя вышэйшыя эшалоны ўлады гэтая разгубленасць аніяк не абміне. І Пуцін, седзячы ў бункеры, яшчэ падумае, ці аддаваць чарговы вар’яцкі загад аб наступе на Марыупаль. І сам сабе не адкажа на пытанне, чаго ён баіцца больш у сваёй ізаляцыі — каронавіруса, ці таго, што па яго прыйдуць змоўшчыкі, якіх усё дастала.
І такая раз’яднанасць, канешне, паспрыяе перамозе ўкраінцаў. І светлы бок возьме верх у гэтай жудаснай вайне.