Еўрапейскае касмічнае агенцтва адмовілася супрацоўнічаць з Раскосмасам

Еўрапейскае касмічнае агенцтва (ESA) адмовілася ад супрацоўніцтва з Раскосмасам у праекце «ExoMars».

1567215141540_exomars_mission_logo_625.jpg

Еўрапейскае касмічнае агенцтва адмовілася ад супрацоўніцтва з Раскосмасам у распрацоўцы місіі «ExoMars» з-за расійскага нападу на Украіну. Пра гэта гаворыцца ў заяве агенцтва, піша «Еўрапейская праўда».

«Як міжурадавая арганізацыя, упаўнаважаная распрацоўваць і рэалізоўваць касмічныя праграмы з поўнай павагай да еўрапейскіх каштоўнасцей, мы глыбока шкадуем аб чалавечых ахвярах і трагічных наступствах агрэсіі супраць Украіны. Прызнаючы ўплыў на навуковае засваенне космасу, ESA цалкам падтрымлівае санкцыі, уведзеныя супраць Расіі», — гаворыцца ў заяве.

Урадавы савет ESA на пасяджэнні ў Парыжы 16-17 сакавіка ацаніў сітуацыю, якая ўзнікла ў выніку вайны ва Украіне па «ExoMar»s — і аднагалосна прызнаў немагчымасць цяперашняга супрацоўніцтва з Раскосмасам па місіі марсахода «ExoMars» з запускам у 2022 годзе і даручыў генеральнаму дырэктару ESA прыпыніць супрацоўніцтва.

Да таго ж, пасля рашэння Раскосмаса вывесці свой персанал з еўрапейскага касмадрома ў Французскай Гвіяне ўсе місіі, запланаваныя на запуск «Саюзам», былі прыпыненыя.

«Праграма Міжнароднай касмічнай станцыі працягвае працаваць намінальна. Асноўная мэта — працяг бяспечнай працы МКС, у тым ліку забеспячэнне бяспекі экіпажа», — адзначылі ў агенцтве.