Кіраўнік РНБА Украіны назваў Беларусь акупаванай краінай
Сёння Беларусь нельга назваць незалежнай дзяржавай, паколькі краіна цалкам акупаваная Расіяй, заявіў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў.
«...Беларусь акупаваная Расійскай Федэрацыяй. Улады Беларусі амаль не існуе, гэта даказаны факт. Калі на вашай тэрыторыі дзейнічаюць тэрарысты, якія адпраўляюць ракеты з вашай тэрыторыі, якія адпраўляюць самалёты бамбіць мірнае насельніцтва, то вы павінны заняць нейкую пазіцыю. Калі ў вас няма пазіцыі няма, то вы павінны прызнаць, што вы акупаваныя Расійскай Федэрацыяй. Беларусь на сённяшні дзень цалкам пад уплывам расійскіх вайскоўцаў», — заявіў Данілаў у інтэрв'ю lb.ua.
Разам з тым, ён прызнаў, што ўлады Украіны не чакаюць уварвання беларускіх войскаў.
«...усе сябры Рады нацбяспекі і абароны атрымліваюць адпаведныя справаздачы за мінулыя суткі, і там тое, што тычыцца тэрыторыі, якая ў свой час была Беларуссю, якая цяпер акупаваная, на мой погляд, ідзе асобным пунктам — што там на сённяшні дзень адбываецца. Я магу сказаць, што мы прымаем пэўныя меры, у нас была праверка абласцей па даручэнні прэзідэнта нашай краіны, якія мяжуюць з Беларуссю, наколькі мы гатовыя будзем сустракаць, калі будзе адкрыты наступ з боку Беларусі. Пакуль што наша разведка лічыць, што гэтага не будзе», — адзначыў ён.
Данілаву таксама задалі пытанне, чаму ў Беларусі няма руху супраціву з забойствам калабарантаў і падрывамі на вайсковых складах.
«Вы ведаеце, што Лукашэнка з 1994 года — прэзідэнт краіны. І з 1994 года ён будуе гэтую краіну па сваіх уяўленнях. Мне складана сказаць, чаму ў беларускага грамадства няма жадання змагацца за свабоду. Магу сказаць, што мы сапраўды іншыя. Усе спробы, якія былі да гэтага, забраць нашу свабоду, нашу незалежнасць, нашу волю да самастойнасці заўсёды заканчваліся паразай. Чаму такое адбываецца ў Беларусі, мне складана сказаць, бо я не беларус і ў Беларусі ніколі не жыў», — сказаў на заканчэнне Данілаў.
Штопраўда, заява Данілава выклікала пэўнае непаразуменне ва ўкраінскіх колах. Напрыклад, украінскі палітолаг Яўген Магда адзначыў, што заява Данілава спадабаецца беларускай апазіцыі, якая яшчэ з лютага кажа аб акупацыі Беларусі. «Я думаю, акупацыя Беларусі і некаторых тэрыторый Украіны — гэта дзве вялікія розніцы», — дадаў ён.
Тым, не менш, як сказаў Магда: «Я баюся, што гэта не вельмі ўдалае прыкрыццё таго, што ўкраінская ўлада да апошняга дня працягвала гандляваць з Лукашэнкам, верыла абяцанням Хрэніна і Лапо, што ніякага ўварвання не будзе, а цяпер спрабуе паказаць, што яна ўся — у белым, а беларуская ўлада — у чырвона-зялёным».
Пры гэтым Яўген Магда адзначыў, што заява Данілава не можа з'яўляцца пазіцыяй афіцыйнага Кіева, паколькі па факце Украіна, напрыклад, не разарвала з Беларуссю дыпламатычныя адносіны.